Шчаслівы выпадак

Дзякуючы яму Вера Канстанцінаўна і Іван Максімавіч Якімукі з вёскі Чарняны вось ужо 60 гадоў  ідуць  па жыцці разам і ніколькі не стаміліся адзін ад аднаго. 

І вяселле дыяментавае нядаўна справілі. Не яны самі. Тут ужо, як гавораць, пастараліся дарослыя дзеці. Як калісьці 60 гадоў таму, калі Вера і Іван бралі шлюб, іх бацькі рабілі ім вяселле, дачка з сынамі накрылі ў доме № 97 па вуліцы Кастрычніцкай для сваіх самых любых і дарагіх мамы з татам святочны стол з нагоды гэтай юбілейнай даты іх сумеснага жыцця, запрасілі гасцей. І нават бутэльку шампанскага прывезлі з фатаграфіяй бацькоў і юбілейнай датай на этыкетцы, якую вырашылі не адкрываць да чарговай круглай даты. Усё было годна і па-святочнаму хораша. А галоўнымі дыяментамі на гэтай ўрачыстасці былі Вера Канстанцінаўна і Іван Максімавіч. Хоць і не маладыя ўжо, і нявеста не ў вэлюме і ў белай сукенцы, як прынята на вяселлі, а ў святочным адзенні і прыгожай хусцінцы, затое багатыя на дзяцей – іх у Якімукоў трое, унукаў маюць чацвёра і трое праўнукаў, і з вялікім жыццёвым багажом. А яшчэ яны ведаюць сакрэт шчаслівай сям’і, да ліку якіх цалкам адносяць і сваю.
Галоўнае правіла – ніколі не зневажаць і не крыўдзіць адзін аднаго. Бо балючае слова, сказанае незнарок ці падчас дрэннага настрою мужа ці жонкі, можа ў імгненне разрушыць усё. Веры Канстанцінаўне гэтак жа, як і Івану Максімавічу, у гэтым плане пашанцавала. Па словах абаіх, у маладосці не было калі сварыцца, бо былі загружаны работай і выхаваннем дзяцей, а цяпер, хоць і дома цэлымі днямі ўдваіх, прычын для высвятлення адносін не знаходзяць. Усе праблемы вырашаюцца спакойна і толькі мірным шляхам. Як прызналася васьмідзесяцігадовая жанчына, яна ні разу за 60 гадоў сумеснага жыцця не чула ад мужа брыдкага слова. Згадзіцеся, у наш час гэта вялікая рэдкасць, калі мужчына абыходзіцца без гэтай лексікі…
Што тычыцца выпадку, дзякуючы якому 60 гадоў таму яны пажаніліся, дык ён і сапраўды шчаслівы. Ва ўсялякім разе ў іх жыцці. Вера і Іван нарадзіліся і выраслі ў Чарнянах. Прычым, сем’і іх бацькоў жылі, можна сказаць, непадалёку. Але ці то з-за ўзросту (Іван Якімук старэйшы за сваю другую палавінку на 7 гадоў), ці то па яшчэ якой прычыне ў вёсцы іх шляхі так і не перасякліся. Ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве. Хоць, можа, калі і перасякаліся недзе на вуліцы ці яшчэ дзе, ды толькі падлеткі яго ўзросту з такімі малымі, тым больш дзяўчынкамі, не вадзіліся. І нават калі яна вырасла і стала прыгожай статнай дзяўчынай, лёс не звёў іх у Чарнянах: Іван у той час служыў у арміі ў зенітна-кулямётных войсках і тры з паловай гады знаходзіўся за тысячы кіламетраў ад родных мясцін.
А вось калі дэмабілізаваўся і па справах паехаў у Кобрын, дзе пры выхадзе з магазіна выпадкова сутыкнуўся з Верай, якая працавала на тутэйшай ткацкай фабрыцы, адразу запрыкмеціў яе. Ды і яна яго таксама. Тут, як гавораць, і тэма для размовы знайшлася. А за ёй і першае спатканне. Затым другое, трэцяе… А пасля і вяселле згулялі. Напамінам пра яго зараз з’яўляецца адзіны вясельны чорна-белы фотаздымак у сямейным альбоме. На ім, пажаўцелым ад часу, асляпляльна маладая нявеста ў белай сукенцы і вэлюме і сур’ёзны жаніх у строгім цёмным касцюме. Для таго, каб памяць пра той незабыўны ў іх жыцці дзень захавалася для пакаленняў, фатаграфавацца ездзілі ў фота­атэлье ў Кобрын.
— І заручальныя пярсцёнкі былі? — цікаўлюся ў гаспадароў дома, заўважыўшы на безыменных пальцах жанчыны і мужчыны нязменныя атрыбуты шлюбу.
— Гэтыя нам дзеці падарылі на залатое вяселле, — адказвае Вера Канстанцінаўна. — Так і носім.
А жыццё?.. Дык у Якімукоў яно, як і ў большасці вяскоўцаў, праходзіла ў працоўных буднях. Калі не на рабоце ў калгасе, то ў хатняй гаспадарцы. Іван Максімавіч пэўны час слесарам працаваў, 7 гадоў трактарыстам, 9 сезонаў камбайнерам на жніве, 15 гадоў электразваршчыкам. А па маладосці нават на адзін сезон у Комі ССР на заробкі ездзіў лес валіць. Ну а Вера Канстанцінаўна, як жонка і берагіня хатняга ачага, акрамя працы ў паляводчай брыгадзе, дзе ёй даводзілася і буракі палоць, і лён ірваць, і розныя іншыя работы выконваць, больш займалася выхаваннем дзяцей і хатняй гаспадаркай. Вядома ж, не без дапамогі мужа.
Гэта зараз у іх, акрамя курэй, сабакі і катоў, іншай жыўнасці няма: здароўе і ўзрост не дазваляюць завесці нават парася. І спаць можна да адвалу, ды не спіцца, як у маладосці. У былыя ж гады яны па 2 каровы трымалі, па 2-3 свіней, і конь у іх быў, і жарабяты вадзіліся, і авечкі. Усё, як у сапраўдных гаспадароў. А яшчэ Якімукі вырошчвалі і вазілі на продаж у Кобрын клубніцы, бо добра ведалі: каб годна жыць, трэба многа працаваць. Да гэтага прывучалі і сваіх дзяцей, якія, калі падраслі, сталі бацькам сапраўднымі памочнікамі. Менавіта гэтая сямейная згуртаванасць і дапамагала спраўляцца ім з такой вялікай гаспадаркай.
Размаўляючы з Якімукамі-юбіля­рамі пра жыццё-быццё, звяртаю ўвагу на пакрывала, якім была засцелена канапа, дзе яны ўладкаваліся. Вышыты крыжыкам немудрагелісты ўзор, а як прыгожа!.. Заўважыўшы мой погляд, гаспадар гаворыць, што гэта ручная работа яго жонкі. І тое, якім засцелены ложак, — таксама. Толькі апошняе выткана Верай Канстанцінаўнай. А накідкі на стулах — яна звязала шыдэлкам.
— І кросны ў вас ёсць? – звяртаюся ўжо да гаспадыні.
— Ёсць. Зараз ужо нікому не патрэбныя ў хляве стаяць, — адказвае жанчына. – Раней я многа ткала. І сабе, і людзям. У асноўным вечарамі. Цяпер і рукі не тыя, і ногі. Я ўжо два гады нідзе не была, толькі да суседкі праз дарогу і магу дайсці…
Асноўныя навіны пра вясковае жыццё “прывозіць” Іван Мак­сімавіч, які іншым разам вы­біраецца на веласіпедзе са свайго ўскрайку ў “цэнтр” у магазін. Пра падзеі ў рэспубліцы даведваюцца з тэлевізара, які, праўда, гля­дзяць не вельмі часта: гаспадару рабілі на вока аперацыю, таму доўга сядзець перад экранам ён не можа. Ды сыны з дачкой, якія па магчымасці стараюцца часцей наведваць бацькоўскі дом, пра сёе-тое распавядаюць. Усе яны жывуць і працуюць у Брэсце. Анатоль, Аляксандр і Зінаіда са сваімі сем’ямі маюць уласныя кватэры. А яны ў доме, які будаваўся на вялікую сям’ю, дні і вечары бавяць удваіх.
Пра што думаюць? Ды, мабыць, як і ўсе людзі іх узросту. Пра тое, што ўсё на гэтым свеце не вечнае. Вось ужо і чатыры пары, якія ра­зам з імі ў лютым 1956 года бралі шлюб, адправіліся на вечны спакой. Колькі ім засталося яшчэ жыць разам дзякуючы шчасліваму выпадку? Ды колькі б ні было. Толькі дзецям, унукам і праўнукам сваім Якімукі старэйшыя жадаюць жыць у згодзе і міры са сваімі другімі палавінкамі. Гэтак жа, як дагэтуль жывуць яны…
Надзея ЯЦУРА.

На здымку: вясельнае фота Веры і Івана Якімукоў у альбоме, як напамін пра шчаслівы выпадак, які больш чым на 60 гадоў звязаў два лёсы ў адзін.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Добавить комментарий


система автоматического полива hunter

https://best-mining.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!