“Хачу тут жыць і працаваць

“Знайдзі работу даспадобы, і ты не бу­дзешь працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці”, – гаворыць вядомы афарызм. Сапраўды, гэта вельмі цяж­ка, абраць прафесію, якая б пры­носіла задавальненне, давала стымул бесперапынна развівацца, не станавілася руцінай і была цікавай усё жыццё.

Свой працоўны шлях Дмітрый Гузіч, галоўны заатэхнік СВК “Рыта”, толькі пачынае, але, паслухаўшы яго меркаванні аб рабоце, убачыўшы запал у вачах, разумееш, што сваёй справай ён захоплены.
У гаспадарцы Дзмітрый працуе ўжо трэці год. Пасля заканчэння Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа малады заатэхнік прыняў рашэнне далей удасканальваць веды па сваёй прафесіі і паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Дзмітрый родам са Століншчыны. Калі пры размеркаванні выбар стаяў паміж Ганцавіцкім, Ляхавіцкім і Маларыцкім раёнамі, Дзмітрый без сумненняў аддаў перавагу апошняму і, у прыватнасці СВК “Рыта”. Яму хацелася жыць і працаваць там, дзе б вясковая цішыня (сам ён вырас у вёсцы) спалучалася з энергічным гарадскім жыццём, якое бурліць непадалёку ад Велікарыты, у абласным цэнтры — Брэсце.
— Адпрацаваць мне трэба 5 гадоў, бо пад час паступлення заключыў мэтавы дагавор, згодна з якім пасля вучобы павінен быў вярнуцца на Брэстчыну, — тлумачыць галоўны заатэхнік. – Мая работа мне падабаецца, аб спецыяльнасці, якую абраў, таксама не шкадую. Увогуле, планую застацца ў Велікарыце.
З першых дзён работы на новым месцы Дзмітрый атрымаў службовае жыллё. Доўгі час жыў адзін у доме, цяпер кампанію яму склаў калега. Але, як любому гаспадарліваму мужчыну, Дзмітрыю хочацца мець сваё ўласнае жыллё, у якім будзе ўтульна яго будучай сям’і. Таму ў планах маладога чалавека ўзяць крэдыт і выкупіць домік, у якім жыве зараз.
Пасада галоўнага заатэхніка сур’ёзная, адказная. Пра многае трэба клапаціцца. Напрыклад, каб не парушаўся распарадак дня жывёлы, рацыён кармлення, быў належным санітарны стан на фермах. У цэлым, за ім стаіць калектыў больш чым у шэсць дзясяткаў чалавек, якія чакаюць ад галоўнага заатэхніка разумных рашэнняў.
— Адразу думаў, што нічога не атрымаецца. Трэба ж было самому ўнікаць ва ўсе тонкасці справы, ды і ты нясеш адказнасць не толькі за сябе. Добра, што знайшліся людзі, якія падтрымалі. Загадчыца фермы ў Печках Валянціна Прохараўна, якая многія гады займала пасаду галоўнага заатэхніка і добрасумленна працавала, многаму мяне навучыла.
Камандзе Дзмітрыя Гузіча, між іншым, ужо ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, за мінулы год выхад цялят ад 100 кароў склаў 99. Дзмітрый прызнаецца: ён задаволены, што працуе ў “Рыце”. Якраз калі прыйшоў ён у гаспадарку, у Велікарыце была ўведзена ў эксплуатацыю новая ферма. У добрых умовах, што тут створаны, на думку галоўнага заатэхніка, і людзям працаваць лягчэй, і ёсць магчымаць атрымліваць якасную прадукцыю.
— Гаспадарцы яшчэ б ферму для вырошчвання маладняку пабудаваць, — марыць малады чалавек.
Працоўныя будні галоўнага заатэхніка, як прызнаецца Дзмітрый, праходзяць не ў кабінеце, а ў раз’ездах па фермах.
— Нават на выхадных, калі еду на Радзіму, з думак не выходзіць работа. Калі ў нядзелю застаюся ў Велікарыце, звычайна не магу ўсядзець дома, адпраўляюся на ферму, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку.
Акрамя таго, што працуе, Дзмітрый выконвае яшчэ адзін важны абавязак – на працягу трох гадоў ён праходзіць армейскую службу ў рэзерве. Гэта для юнака магчымасць набыць жыццёвы вопыт і самаўдасканальвацца.
І хоць у Велікарыце не шмат моладзі, сумаваць галоўнаму заатэхніку няма часу, ды і па характары ён аптыміст.
— Летам на Маларытчыне ёсць дзе адпачыць на прыродзе, ды і да абласнога цэнтра рукой падаць. Было б толькі жаданне, а магчымасць жыць насычана можна знайсці абуладкаваўшыся і ў вёсцы.
На здымку: галоўны заатэхік СВК “Рыта” Дзмітрый Гузіч.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.
Опубликовано ГЧ № 23 от 30.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.