Лепшы малады настаўнік Маларытчыны

На базе Цэнтра паза­школьнай работы прайшоў раённы этапа абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”. Згодна з умовамі, у ім маглі браць удзел педагагічныя работнікі незалежна ад кваліфікацыйнай катэгорыі, якія маюць стаж работы да 5-ці гадоў уключна. У фінальны тур выйшла тры настаўнікі, але за права называцца лепшым маладым педагогам змагалася два педагогі. Гэта – Алена Ляўковіч, настаўніца інфарматыкі раённай гімназіі, і Наталля Сакалюк,  настаўніца рускай мовы і літаратуры Ляхавецкага д/с-СШ.
Першы тур быў адборачным. Удзельнікі ад устаноў адукацыі ў раённы вучэбна-метадычны кабінет прадстаўлялі DVD-дыск з відэапрэзен­тацыяй працягласцю да 50 хвілін, якая ўключала ў сябе ўрок, праведзены ў адным з класаў, дзе пра­цуе канкурсант, і самапрадстаўленне ў адвольнай форме на тэму ”Чаму я выбрала гэтую прафесію?” На аснове прагледжаных і прааналізаваных  матэрыялаў, кампетэнтнае журы вызначыла тых, хто будзе працягваць барацьбу ў другім туры. Фінальны тур уключаў псіхолага-педагагічнае тэсціра­ванне, адкрыты ўрок у незнаёмым класе (канкурсанты яго давалі ў СШ №2, А.В Ляўковіч – у 7 класе, Н.А.Сакалюк – у 10 класе), яго самааналіз, субяседаванне па прафесійнай дзейнасці. Добрыя балы можна было набраць у сваю скарбонку  і ў конкурсе “Педагог – асоба творчая”.
— Такі конкурс праводзіцца ў нас упершыню, — расказ­вала Таццяна Лаўрэ­енка, начальнік аддзела адукацыі. – Яго асноўныя мэ­ты: выяўленне тале­навітых маладых педагогаў, якія працуюць творча, стварэнне ўмоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі, павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка. Кожны год маладыя спецыялісты (15-20, а то і больш чалавек) папаўняюць рады настаўніцтва раёна. Сярод іх, безумоўна, ёсць народжаныя для гэтай прафесіі, якія з першага дня самаадданна шчыруюць на педагагічнай ніве. Задача аддзела адукацыі і кіраўнікоў устаноў адукацыі ў тым, каб у час разгля­дзець, падтрымаць, дапамагчы ім стаць сапраўднымі прафесіяналамі, творчымі асобамі, настаўнікамі з вялікай літары. Тымі, на каго неабходна раўняцца і з каго браць прыклад. А моладзь у нас, пераканана, таленавітая. Конкурс якраз і павінен дапамагчы таму, каб на небасхіле адукацыі раёна ярчэй заззялі настаўніцкія зоркі. Ён павінен выявіць “маладое” лепшае з таго, што ёсць у нашай сферы. Аднак не магу не выказаць аднаго пажадання. Хацелася б, каб маладыя настаўнікі былі больш упэўненымі ў сабе, сваіх сілах, ведах і не саромеліся паказваць і праяўляць сябе, як педагога.
…І вось фінал. Вучні і калегі прыйшлі пахварэць за сваіх. У выніку напружанай барацьбы перамога дасталася Алёне Віктараўне Ляўковіч.
— Канкурсанткі ў нас былі моцныя і ішлі на працягу ўсяго спаборніцтва вельмі роўна, — дзеліцца сваімі думкамі Ірына Федчык, старшыня журы. — То адна выхапіць перамогу на некаторы час, то другая. Мы да апошняга не маглі прадказаць, хто будзе мацнейшым. Магчыма, сваю ролю тут адыграў і той факт, што Наталля Аляксандраўна ў школе працуе трошкі менш, чым Алёна Віктараўна. Дзяўчаты малайцы! У нас ёсць выдатная маладая “настаўніцкая” змена.
Візітка Алёны Ляўковіч.
У 2001-2006 г. набывала вышэйшую адукацыю ў Брэсц­кім дзяржаўным педагагічным універ­сітэце на матэматыч­ным факультэце, які закончыла з адзнакаю. Атрымала спецыяльнасць “Настаў­нік матэматыкі і ін­фарматыкі”. На педа­гагічную практы­ку на пятым курсе была накіравана ў Пажэжынскую СШ. Абставіны склаліся так, што тут ёй адразу прапанавалі пастаяннае месца работы. З 1 верасня 2006 г. выкладае ў раённым ліцэі, са жніўня 2009 г. – у раённай гімназіі, яна — класны кіраўнік 10 “Б” класа. Мае другую кваліфікацыйную катэгорыю. Плануе паступаць у аспірантуру. Адміністрацыяй раённай гімназіі харак­тарызуецца як ініцыя­тыўная, старанная, адказная, тактоўная, дасканала ведае свой прадмет, грунтоўна рыхтуецца да кожнага ўрока, карыстаецца аўтарытэтам сярод калег, вучняў і іх бацькоў.

Бліцапытанне.
— Алёна Віктараўна, віншую з перамогаю! Якія Вашы ўражанні ад конкурсу?
— Дзякуй. Конкурс пакіне незабыўны след у маім педагагічным жыцці. Усе яго этапы былі выдатна арганізаваны. Канкурэнты аказаліся моцнымі,  таму на перамогу не разлічвала. Проста хацелася праверыць сябе, свае веды, уменні. Хацелася пераканацца, што нешта магу зрабіць і ўмею. Рыхтавалася сур’ёзна і грунтоўна. Значную дапамогу аказалі калегі, у першую чаргу – Святлана Міхайлаўна Пуціна, Ала Мікалаеўна Грыцэнка, Ала Аркадзьеўна Закрутная…
— Конкурс закончыў­ся, але Вам трэба рыхтавацца да чарговага?
— Ужо сёння абдумваю ўрок, які трэба будзе прадставіць на суд журы на аналагіч­ным абласным спабор­ніцтве, завочны тур яго заканчваецца 20 кастрычніка.
А наогул, столькі хочацца яшчэ паспець, столькі вяршынь пакарыць. Імкнуся для сваіх вучняў кожны дзень зрабіць непаўторным, запамінальным, яр­кім. Трэба і газету ў гімназіі выпусціць, і паспрабаваць правесці нестандартны, нетрадыцыйны ўрок, і паспець схадзіць у паход, з’ездзіць з класам  у тэатр. Хочацца і кожнаму вучню сказаць добрае слова, пахваліць, суцешыць, падтрымаць. Неабходна і новую метадычную літаратуру пачытаць у мэтах самаадукацыі, пагартаць газеты і часопісы, каб знайсці цікавыя факты для інфармацыйнай га­дзіны, пагуляць па бязмежных прасторах Інтэрнэта з мэтай пошуку матэрыялу для правядзення класных гадзін.
Я аптымістка па жыцці. Перад цяжкасцямі не схіляю галаву, з усяго спрабую знайсці выйсце, да ўсяго імкнуся дакапацца сама.
Мікалай НАВУМЧЫК.
НА ЗДЫМКУ: Наталля Сакалюк і Алёна Ляўковіч – фіналісты раённага этапа конкурсу.
Фота аўтара.

Лепшы малады настаўнік Маларытчыны: 2 комментария

  • 04.12.2010 в 7:04 пп
    Permalink

    Молодцы! Рада за вас обеих!

  • 28.12.2011 в 7:44 пп
    Permalink

    ТАК ДЕРЖАТЬ !

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!