“Скульптар” цела

Выглядаць прывабна, клапа­ціцца аб прыгажосці свайго цела, весці здаровы лад жыцця, сачыць за вагой і правільна харчавацца сёння стала сапраўды модным. Шматлікая колькасць людзей у спартыўных і трэнажорных залах сведчыць пра гэта. “Будаваць” сваё цела з дапамогай набору аэробных, кардыялагічных, сілавых практыкаванняў у вялікіх гарадах ёсць больш магчымасцяў. Там працуюць фітнес-клубы, дзе кожны чалавек можа займацца ў накірунку, які яму падабаецца і падыходзіць фізічна. Аэробіка, аквааэробіка, бодзіфлекс, пілатас, ёга, фітбокс, стрэтчынг, бодзібілдынг – гэта далёка не поўны “асартымент” накірункаў. У кожнага, хто займаецца ў спецыялізаваных клубах, — свая мэта. Адны развіваюць мышачную масу, другія — гнуткасць, трываласць, умацоўваюць сардэчна-сасудзістую сістэму. У невяліках гарадах, такіх, як Маларыта, разнавіднасцяў фітнесу не так шмат. Яго прапагандуюць людзі, якія самі жывуць спортам і жадаюць дапамагчы іншым стаць больш прывабнымі і ўпэўненымі ў сабе. Адна з іх – Зоя Бутэнка.

Маларытчане больш ведаюць Зою ў харэаграфічным амплуа. Закончыўшы Пінскі каледж мастацтваў, яна вярнулася ў Маларыту працаваць харэографам. Любяць настаўніцу дзеці, з якімі яна ахвотна займалася танцамі. Яе выступленнні на сцэне і цяпер зачароўваюць сваёй прыгажосцю і вытанчанасцю. Але ж ёсць у Зоі яшчэ адно захапленне – фітнес. Калі некалькі гадоў та­му яе запрасілі выкла­даць аквааэробіку ў спар­тыўны цэнтр “Жамчужы­на”, яна нават не задум­ва­лася, што фітнес стане неад’емнай часткай яе жыцця.
— Яшчэ ў час вучобы ў каледжы я наведвала трэнажорную залу ў Пінску. Мне падабалася працаваць над сваім целам. Ведамі, якія чэрпала ад знаёмых, з інтэрнэту, дзялілася з людзьмі, якія таксама прыйшлі “падцягнуць” формы. Але жаданне развівацца ў гэтым накірунку прабудзілі заняткі аквааэробікай. Жанчыны, якія наведваюць іх, пакідаюць басейн стомленыя, але задаволеныя. Бачу іх поспехі і разумею, што справа, якой займаюся, сапраўды карысная і патрэбная людзям.
Аднак Зоя Бутэнка – чалавек мэтанакіраваны. Яна прагне пастаянна ўдасканальвацца. Тых ведаў, што атрымала самастойна з літаратуры, з відэаролікаў у інтэрнэце, у час наведвання фітнес- клубаў, семінараў па фітнесу і бодзібілдынгу, Зоі было мала. Дзяўчыне хацелася атрымаць спецыяльныя навыкі ад прызнаных прафесіяналаў, таму яна паехала ў Вышэйшую школу фітнесу і бодзібілдынгу ў Маскве. Навучалася ў ёй месяц.
— Шмат уражанняў засталося. Я апынулася ў атмасферы, што натхняла працаваць над сабой і далей развівацца. У нас былі і лекцыі, і практычныя заняткі, і час для асабістых заняткаў у трэнажорнай зале. Школа дала добрыя веды па тэхніцы выканання практыкаванняў, якаснаму здароваму і спартыўнаму харчаванню.
— Зоя, многія трэніруюцца самастойна як аматары. Што можа даць персанальны трэнер па фітнесу і бодзібілдынгу, у чым яго задача?
— Безумоўна, кожны, калі ў яго ёсць жадан­не, можа займацца і самастойна. Аднак трэ­нер можа даць значна больш. Ён складае для свайго падапечнага асабістую праграму, уліч­ваючы яго здароўе, фізічны стан. На занятках са спецыялістам чалавек атрымлівае веды па анатоміі, знаёміцца з тэр­міналогіяй фітнесу, якас­ным і здаровым хар­чаваннем. Для таго, каб дасягнуць поспеху, трэба камбінаваць за­няткі ў зале, рэжым, харчаванне і адпачынак. Трэнер у час заняткаў да­памагае не толькі “бу­да­ваць” цела, але і за­ра­джае пазітыўнымі эмоцыямі. Таксама ён павінен увасабляць мэту чалавека, які хоча займацца фітнесам. Таму я сама нямала часу аддаю трэніроўкам, займаюся ў трэнажорнай зале.
Атрымаўшы пасведчанне аб заканчэнні школы і сертыфікат персанальнага трэнера па фітнесу і бодзібілдынгу, Зоя ажыццявіла адну са сваіх мар. Але ў яе ёсць яшчэ адна – адкрыць прыватную студыю, у якой танцы будуць спалучацца з фітнесам.
— Чалавек здольны на многае, калі яго пад­трымліваюць самыя родныя і блізкія людзі. Я, напэўна, не адважылася б пайсці вучыцца на трэнера па фітнесу і бодзібілдынгу, калі б не муж, калі б у мае сілы не верылі бацькі. Цяпер я шукаю месца, дзе можна было б размясціць студыю, збіраюся адкрыць прадпрымальніцкую справу. Увогуле планаў і ідэй шмат. Хочацца і далей вучыць маларытчан танцам, падабаецца мне працаваць з дзецьмі. Для жанчын буду развіваць розныя накірункі фітнесу.
Зоя Бутэнка цяпер атрымлівае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці фізічнае выхаванне ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна. Гэта яшчэ адна прыступка да любімай справы. І хочацца пажадаць ёй, каб усё задуманае абавязкова збылося і ў Маларыце ў хуткім часе з’явілася студыя танца і фітнесу, наведваючы якую, жыхары раёна будуць адчуваць сябе прыгожымі, здаровымі і ўпэўненымі.
На здымку: Зоя Бутэнка з настаўнікамі Вышэйшай школы фітнесу і бодзібілдынгу.

Опубликовано ГЧ № 23 от 30.03.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.