Сапраўды непераможныя

Універсальны спартыўны цэнтр “Жамчужына” стаў месцам правядзення  першынства дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна па праграме “Kids Athletics” (Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый, ІААФ). Арганізатарам мерапрыемства выступіла Брэсцкае абласное грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі” пры падтрымцы Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Брэсцкай вобласці. 

Першы этап мерапрыемства (раённы) праводзіўся ў рамках рэспубліканскіх спаборніцтваў па праграме ІААФ “Дзіцячая лёгкая атлетыка” з мэтай далучэння дзяцей да заняткаў лёгкай атлетыкай, яе папулярызацыі, адбору перспектыўных дзяцей для заняткаў лёгкай атлетыкай у спецыялізаваных школах, а таксама для камплектавання зборнай Маларытчыны для ўдзелу ў аналагічных абласных спаборніцтвах.
-На старт у нас выйшла 5 змешаных каманд хлопцаў і дзяўчынак — выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна 2006 года нараджэння і маладзейшых, — гаворыць Сяргей Астапук, трэнер ДзЮСШ. — Юныя спартсмены правяралі сваю сілу, моц і спрыт у 5 намінацыях спаборніцтва: скрыжаваным скачку, кіданні мяккага кап’я, бегавой лесвіцы, спрынтарска-бар’ернай і спрынтарска-слаламнай эстафетах. Дзеці спаборнічалі з задавальненнем, ахвотай і азартам. За праходжанне кожнай з эстафет арбітры налічвалі камандам балы.
Між іншым, на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства прысутнічаў Аляксандр Хамічук, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама, знакаміты спартсмен Андрэй Макараў, майстар спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы, удзельнік Алімпійскіх гульняў па спартыўнай хадзьбе ў Сіднеі (2000г.), а таксама Анатоль Стацкевіч, старшы трэнер нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы Міністэрства спорту і турызму РБ, і Пётр Дабравіцкі, майстар спорту СССР, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Брэсцкага раёна.
* * *
Пераможцай першынства стала каманда “Непераможныя”, у складзе якой былі вучні 4 “В” класа раённай гімназіі.
На здымках: у час спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы.

Опубликовано Гч № 23 от 30.03.16г.

Добавить комментарий


top-obzor.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!