Выпальванне травы: будзьце пільныя

Цёплае сухое надвор’е паспрыяла навядзенню парадку на прысядзібных участках і выпаль­ван­ню смецця. Такая практыка выка­ры­стоўваецца не толькі дачнікамі і ўла­дальнікамі асабістых зямельных участкаў, але і на прыдарожных тэрыторыях.
І хоць у Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам (у адпаведнасці з арт. 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за выпальванне сухой расліннасці прадугледжаны штраф ад 10 да 40 базавых велічынь, у адпаведнасці з арт. 15.58 за распальванне кастроў у забароненых месцах – штраф да 12 базавых велічынь), жаданне пазбавіцца з дапамогай агню ад смецця і сухой травы у грамадзян не знікае. Летась падраздзяленні райаддзела па надзвычайных сітуацыях 20 разоў выязджалі на тушэнне сухой травы.
Амаль кожны год вясенняе выпальванне расліннасці прыводзіць да няшчасных выпадкаў – узгарання жылых дамоў, гас­падарчых пабудоў, траўміравання і гібелі людзей, акрамя таго, наносіцца вялікая шкода навакольнаму асяроддзю. З мэтай папярэджання пажараў, прычынай якіх можа стаць выпальванне сухой расліннасці, арганізоўваюцца рэйдавыя мерапрыемствы. Работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях правялі маніторынгі ў 28 населеных пунктах раёна (Добрае, Отчын, Хаціслаў, Сушытніца, Мельнікі, Арэхава, Заазёрная, Олтуш, Дворышча, Карпін, Нікольская, Навалессе, Ланская, Радзеж, Ст. Боркі, Асавая, Мыслячы, Дабросава, Багуслаўка, Арлянка, Брадзяцін, Гвозніца, Чарняны, Дарапеевічы, Дрочава, Арэхава, Зеляніца). У час рэйдаў было складзена 2 адміністрацыйныя пратаколы.
Згодна з дзеючымі правіламі пажарнай бяспекі дапускаецца кантралюемае развядзенне кастроў для спальвання смецця і адходаў на пляцоўках, якія павінны акружацца ачышчанай ад мінеральнага слою глебы паласой, шырынёй не менш чым 0,25 метра. Паліць адходы дапускаецца пры слабым ветры, захоўваючы адлегласць 10 метраў ад будынкаў і збудаванняў, 20 — ад ляснога масіву, 30 метраў ад месцаў, дзе складзіруецца сена ці салома. Пляцоўка павінна забяспечвацца вогнетушыцелем ці ёмістасцю з вадой не менш чым 10 літраў і штыкавой рыдлёўкай.
Тым, хто любіць адпачываць на прыро­дзе, хацелася б напомніць: не пакідайце ў месцах адпачынку непатушаныя кастры, запалкі, акуркі, шкляныя бутэлькі і г.д. Не праходзьце міма, калі бачыце, што гарыць трава. Калі няма магчымасці пагасіць агонь сваімі сіламі, паведамляйце аб узгараннях у дзяжурную службу МНС па тэлефонах “101” і “112”.
Алёна СМАЛЬ, інспектар групы прапа­ганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 24 от 6.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.