З візітам у “цяжкія” сем’і

У рамках акцыі “Карысныя канікулы” члены камісіі па справах непаўналетніх на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Вадзімам Шпетным арганізавалі рэйд, у час якога наведалі сем’і, дзе нядобрая атмасфера. Удзельнікі рэйду, а гэта намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Аляксандр Галоўчык, старшы ўчастковы інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандр Халмецкі, загадчыца сектара аховы дзяцінства Людміла Кучарук, паехалі па канкрэтных адрасах у вёсках Нікольская, Дворышча і ў Маларыце, каб пераканацца ў тым, што ў праблемных сем’ях, з якімі праводзіцца пастаянная работа, сітуацыя не пагаршаецца, а наадварот паляпшаецца, што дзеці ў час канікулаў не засталіся без увагі і клопату бацькоў.

У вёсцы Нікольская Наталлі з яе малодшым сынам, якому ўсяго пяць гадоў, дома, дзе яна жыла, не было. Высветлілася, што яны часова размясціліся ў доме бацькоў. І гэта правільны крок, адзначалі ўдзельнікі рэйду, калі ўсё ж удалося сустрэцца з жанчынай. Бо ў старым доме, дзе раней жыла сям’я, не было ні электрычнасці, ні газавай пліты, была толькі антысанітарыя. Усё гэта проста вымушала прыняць меры да таго, каб забяспечыць дзіцяці дзяржаўную абарону. У новых умовах маці, як можна было меркаваць у час размовы, можа сапраўды пачаць другое жыццё. Працаваць жанчына ўжо ўладкавалася, цяпер афармляе новы пашпарт, потым, спадзяецца, зможа атрымаць і жыллё. Самае галоўнае, папярэджвалі Наталлю члены камісіі, каб у яе добрыя планы не ўнесла карэктывы гарэлка.
Сяргей і Вольга з вёскі Нікольская, калі да іх заехалі удзельнікі рэйду, працавалі. На суседнім участку па дамоўленасці з сельскім Саветам яны разбіралі пусты дом. Карысць узаемная: і ў вёсцы будзе парадак, і сям’я нарыхтуе дровы. Тут жа пад наглядам бацькоў былі і дзеці. І зноў камісія канстатавала пазітыўныя змяненні.
Візіт у мнагадзетную сям’ю Ш. з вёскі Дворышча быў таксама запланаваны. На апошняе пасяджэнне камісіі, дзе павінны былі разглядаць выкананне індывідуальнага плана абароны правоў і законных інтарэсаў пяці непаўналетніх дзяцей, якія жывуць у гэтай сям’і, маці не прыехала. Але без увагі важнае пытанне прафілактыкі заставацца не магло. Таму члены камісіі па справах непаўналетніх самі прыехалі ў сям’ю. Як тлумачылі дзеці, маці з ранку да вечара працуе. На пытанне: “Ці не п’е?” адказалі ўпэўнена: “Закадзіравалася”. З дзецьмі ўдзельнікі рэйду правялі гутарку па правілах пажарнай бяспекі, пацікавіліся справамі, па-бацькоўску пасварылі іх за тое, што ў доме няма парадку, да якога дзеці, на жаль, не прывыклі.
Яшчэ ў адну нядаўна праблемную сям’ю ўдзельнікі камісіі зайшлі для таго, каб у чарговы раз упэўніцца, што тут цяпер усё добра. Васьмімесячнага хлопчыка, які першыя месяцы знаходзіўся ў доме малюткі, трымала на руках бабуля, — абдымала і шкадавала. Цяпер, як расказвала яна, усё добра. Сын з нявесткай жывуць разам з бацькамі, ён працаўладкаваўся, не п’е, калі не на рабоце, за малым даглядае. Жыццё наладзілася.
Камісія пабывала яшчэ ў некалькіх сем’ях. І ў кожным доме вялі асобную размову. У чарговы раз пераканалася: такія непасрэдныя зносіны з сем’ямі якраз і дапамагаюць пабачыць праблемы знутры, засяродзіць на іх увагу, каб своечасова забіць трывогу і, калі гэта магчыма, выратаваць сям’ю.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час рэйду.
Фота аўтара.

Опубликовано в ГЧ № 24 от 6.04.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!