Праблемы, якія ставіць жыццё

Пад старшынствам Мікалая Шума адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама. Удзел у ім прынялі намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Корбут і генеральны дырэктар абласнога дзяржаўнага ўпраўлення лясной гаспадаркі Аляксандр Тыцык. На пасяджэнні разгледжаны пытанні “Аб прымаемых суб’ектамі прафілактыкі мерах па аказанні садзейнічання ў бытавым і працоўным уладкаванні асобам, якія маюць асуджанасць” і “Аб стане арганізацыі супрацьтуберкулёзнай дапамогі насельніцтву Маларыцкага раёна”. З інфармацыямі па іх выступілі начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Віталь Ганчарук, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Пётр Селівонік.

Перад тым, як пры­сту­піць да разгляду першага пытання, старшыня райвыканкама Мікалай Шум адзначыў, у прыватнасці, што ў раёне сітуацыя з працаўладкаваннем не толькі асуджаных асоб, але і наогул складаная. Вакансій зусім мала, і тыя датычацца толькі кваліфікаваных работнікаў – у асноўным медыкаў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі. У раёне адзін з самых высокіх па рэспубліцы паказчыкаў напружанасці на рынку працы. Аднак рэзервы, як адзначыў кіраўнік раёна, у працаўладкаванні ёсць. Гэта стварэнне новых рабочых месцаў, наймальнікам трэба аддаваць перавагу не замежным грамадзянам, якія ў нас працуюць і якім штогод даводзіцца пера­афармляць спецдазвол на працаўладкаванне, а сваім, мясцовым жыхарам.
Вядома, праблема заня­тасці асоб, што маюць асу­джанасць, важная, бо вырашэнне яе можа папярэдзіць учыненне імі злачынстваў і правапарушэнняў. Разам з тым, як гаварыў Віталь Іванавіч, колькасць асуджаных, што стаяць на ўліках у крымінальна-выканаўчай інспекцыі, расце. Так, за 2 месяцы 2016 г. па ўліках гэтай інспекцыі прайшло 308 асуджаных, у той час, як за такі ж перыяд летась іх было 265. Усяго на ўлік сёлета пастаўлена 38 асуджаных, летась – 30. На сённяшні дзень у крымінальна-выканаўчай інспекцыі на ўліку стаяць 273 асуджаныя, летась іх было 252. З усіх асуджаных цяпер не працуюць 84 чалавекі. Асобы, якія маюць нязнятую і непагашаную асуджанасць, з пачатку года ўчынілі 10 злачынстваў – на 3 больш, чым за такі ж перыяд летась. Прычынамі рэцыдыўных злачынстваў, як лічаць у міліцыі, з’яўляюцца незанятасць працай і вучобай, нізкае матэрыяльнае становішча, п’янства і алкагалізм.
На тэрыторыі раёна, як гаварыў Віталь Іванавіч, праблема працаўладкавання асуджаных у большай сту­пені ўзнікла ў 2015 годзе, калі на канец папярэдняга года ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне было 80 вакансій, на сённяшні дзень іх толькі 23. І калі ў канцы 2014 г. на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі было 4 непрацуючых, асуджаных да папраўчых работ і абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, дык цяпер такіх 18. З 27 асоб, што вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі ў 2015 годзе, 19 былі накіраваны ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, 6 з іх працаўладкаваны, 4 – у лік устаноўленай броні. З 19 асоб да гэтага часу не працаўладкаваны 5. Астатнія зняты з уліку па розных прычынах.
Многія вакансіі сёння закрывае іншаземная рабочая сіла, якой аддаюць перавагу ў сельгасарганізацыях раёна. Так, цяпер там афіцыйна працуюць 48 іншаземцаў са спецыяльным дазволам, 101 – з пасведчаннем на права жыхарства. І толькі 12 з іх займаюць кваліфікаваныя пасады. Атрымліваецца, што ў раёне без прыцягнення іншаземцаў магло б быць яшчэ 89 некваліфікаваных вакансій, а гэта месцы для 84 непрацуючых раней асуджаных асоб, што ёсць у крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
Формы і метады рабо­ты з гэтымі асобамі, якія практыкавалі раней, лічыць Віталь Ганчарук, цяпер страцілі сваю актуальнасць. Напрыклад, “Кірмашы вакансій”, якія раней супрацоўнікі міліцыі праводзілі разам з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, цяпер не актуальныя, бо вакансій няма. Не зусім эфектыўныя і такія прафілактычныя акцыі, як “Дабравест”, “Крок насустрач” і іншыя. Самы дзейсны спосаб уплыву на асоб, якія не жадаюць працаваць, – гэта прыцягненне іх да крымінальнай адказнасці. А асоба прыярытэтнай задачай у барацьбе з такімі з’яўляецца іх накіраванне ў лячэбна-працоўныя пра­філакторыі. Летась у гэтыя ўстановы было накіравана 13 асоб раней асуджаных. Сёлета работу акты­ві­за­валі. На сённяшні дзень 22 асобы, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, 3 і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай ад­каз­насці за ўчыненне пра­вапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення, 2 ужо ізаляваны ў ЛПП, 1 асуджаны ў ЛПП, адбывае пакаранне ў выглядзе арышту, у адносінах 1 грамадзяніна праведзены 2 медкамісіі, матэрыялы рыхтуюцца ў суд, у адносінах 8 асоб праведзена па адной медыцынскай камісіі.
Улічваючы склада­ную сі­туацыю, якая склалася з працаўлад­ка­­ваннем, Ві­таль Іванавіч лічыць, што цяпер з кожным асуджаным неабходна працаваць індывідуальна: праводзіць з імі прафілактычныя гутаркі, як і з іх роднымі, спрабаваць і ў калектывах, і на пасяджэннях назіральных камісій, саветаў грамадскіх пунктаў мяняць погляды, перакананні асуджаных, адносіны да працы. На пастаяннай аснове ў сельвыканкамах праводзяць пасяджэнні саветаў апорных пунктаў аховы правапарадку, куды запрашаюць асоб, якія злоўжываюць алкаголем, парушаюць грамадскі парадак, скандаляць у сям’і. Аднак старшыні гэтых саветаў, як адзначаў Віталь Ганчарук, абмяжоўваюцца выключна толькі прафілактычнымі гутаркамі, а пытанні пра­ца­ў­ладкавання асуджаных не ўзнімаюць. Са станоўчага бо­ку ён адзначаў Лукаўскі, Хаціслаўскі і Велікарыцкі саветы АПАП, дзе звычайныя пасяджэнні ператвараюцца ў маштабныя акцыі з запрашэннем наймальнікаў, прадстаўнікоў сацыяльных служб, супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. На іх канкрэтна вырашаюць пытанні сацыяльнай адаптацыі раней асуджаных асоб, аказваюць дапамогу ў рамонце печак, афармленні дакументаў і г.д. У Маларыце для асоб, якія страцілі сацыяльныя сувязі і ў адносінах якіх вынесены ахоўныя прадпісанні, як адзначаў Віталь Іванавіч, ёсць пункт часовага знаходжання, а гэта пакой з ложкам у ім. Знаходзіцца ён у будынку інтэрната па вул. Заводскай, 12. Маларыцкая ЖКГ правяла капітальны рамонт пакоя. Аднак зваротаў аб тым, каб памясціць у гэты пункт асоб, якія маюць асуджанасць, яшчэ не паступала.
З мэтай узмацнення работы па аказанню дапамогі асобам, што маюць асу­джанасць, Віталь Ганчарук прапанаваў наступнае: пры з’яўленні некваліфікаваных вакансій працаўладкоўваць іх у прыярытэтным парадку, а калі наймальнік адмовіць у прыёме на работу такім, хто быў асуджаны і атрымаў накіраванне аддзела па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, паведамляць пра гэта ў аддзел унутраных спраў і пракуратуру раёна для прыняцця мер рэагавання.
У рашэнні па гэтым пытанні запісаны канкрэтныя пункты па аказанню дапамогі ў працаўладкаванні асоб, што маюць асуджанасць.
У р інфармацыі галоўнага ўрача райбальніцы Пятра Селівоніка прагучала, што ў раёне на працягу апошніх 5 гадоў назіраецца тэндэнцыя да зніжэння захворванняў і смяротнасці ад туберкулёзу. За 2 апошнія гады ад гэтай хваробы ніхто не памёр. Няма выпадкаў захворвання дзяцей. Эпідсітуацыя ў раёне цяпер стабільная. Летась выяўлена 5 хворых на туберкулёз. 60% іх не працуюць. Неспрыяльнымі па туберкулёзу з’яўляюцца Велікарыцкая амбулаторыя, Арэхаўскі ФАП, Лу­каўская амбулаторыя агульнай практыкі. Пасля працяглай станоўчай сітуацыі з’явіўся ачаг захворванняў у в. Ланская. Адзначана вы­сокая ўдзельная вага хво­рых, выяўленых пры пра­філактычных аглядах (100%), аднак павялічыліся выпадкі рэцыдываў туберкулёзу (летась такіх было 2).
Дыспансерны нагляд хворых на туберкулёз вядуць спецыялісты супрацьтуберкулёзнага кабінета. Прэпараты супраць гэтай хваробы перадаюць на ФАПы з запасам на 1 месяц. Хворыя прымаюць іх пад кантролем медыкаў. Выяўленне хворых на туберкулёз праводзяць агульная лячэбная сетка пры ўзаемадзеянні фтызіятрычнай службы і занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У 2015 г. у раёне абследавана 98,1% насельніцтва, што вышэй за сярэднеабласны паказчык. Працаваў перасоўны флюарограф, на якім абследавана 2380 чалавек.
У 2015 годзе 8 хворых атрымлівалі сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнага прадуктовага набору. Цяпер такой падтрымкай ахоплены 6 чалавек. На 2016 год, як адзначыў Пётр Міхайлавіч, на закупку прадуктовых набораў для хворых на туберкулёз у бюджэце Маларыцкай ЦРБ запланавана больш за 18 мільёнаў рублёў. Летась на набыццё супрацьтуберкулёзных прэпаратаў за кошт мясцовага бюджэту затрачана больш за 5 мільёнаў рублёў, цэнтралізавана праз Брэсцкі абласны супрацьтуберкулёзны дыспансер атрымана прэпаратаў на суму амаль 18 мільёнаў рублёў.
Праводзіцца інфар­ма­цыйна-асветніцкая работа з насельніцтвам па прафілактыцы туберкулёзу. За мінулы год медработнікі прачыталі 29 лекцый, правялі 47 гутарак. Растыражыраваны памяткі, лістоўкі, буклеты агульнай колькасцю 2 тысячы 430 экземпляраў.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано ГЧ № 24 от 6.04.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!