У РЭЦЭПЦЕ — АПТЫМІЗМ

Цалкам уступіла ў свае правы восень. Закружылася, завіхурыла каляровая мяцеліца лістападу. Зрэдку заблішчыць срэбная павуцінка ў промнях кастрычніцкага сонца. Дні стаяць ціхія, цёплыя…
Менавіта ў адзін з такіх асенніх дзён адзначае сёлета свой юбілей Галіна Уладзіміраўна Міхайлава, фельчар сярэдняй школы № 1 Маларыты.
Як няўмольна ляціць час! Здаецца, зусім нядаўна юная Галіна пасля заканчэння фельчарскага факультэта Брэсцкага медыцынскага вучылішча ў 1977 годзе прыехала ў наш горад. І вось ужо столькі год прайшло.
Пачынала працаваць Галіна Уладзіміраўна ў дзіцячай кансультацыі райпаліклінікі,   затым — у санстанцыі,  з 1985 года – у сярэдняй школе № 1. Аб’ём работы ў школе ў Галіны Уладзіміраўны вельмі вялікі: прышчэпкі, медагляд, выхаванне медыка-санітарнай культуры ў вучняў і іх бацькоў. Часта даводзіцца ахвяраваць сваім асабістым часам.
Яна – ўмелы арганізатар. Не адна змена ў аздараўленчым школьным лагеры не праходзіць без яе ўдзелу. Галіна Уладзіміраўна цудоўна арганізоўвае і праводзіць святы здароўя для вучняў. Аптыміст па натуры, яна ўмее заражаць гэтым пачуццём іншых.
Па словах дырэктара школы Андрэя Андрэевіча Хамічука, фельчар Галіна Уладзіміраўна Міхайлава праводзіць вялікую прафілактычную работу па папярэджанні захворванняў і траўматызму сярод вучняў. Чалавек яна безадмоўны, дысцыплінаваны, з пачуццём адказнасці адносіцца да сваёй справы.
“Аднойчы выбраўшы прафесію медыцынскага работніка, — пры­зналася неяк Галіна Уладзіміраўна, — я ні разу аб гэтым не пашкадавала”.
“Знайсці сваё прызванне, зацвердзіцца ў ім – гэта вялікае шчасце”, — пісаў некалі Сухамлінскі. Галіну Уладзіміраўну можна па праву лічыць шчаслівым чалавекам, бо яна знайшла сваё прызванне.
Нядаўна за добрасумленную шматгадовую працу па выхаванні падрастаючага пакалення Г. У. Міхайлава была ўзнагароджана Ганаровай граматай аблвыканкама.
Валянціна СЯРГЕЕВА.
НА ЗДЫМКУ: фельчар маларыцкай сярэдняй школы № 1 Галіна МІХАЙЛАВА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


http://kompozit.ua

у нас

www.majbutne.com.ua/tury-po-stranam/evropa/chernogoriya/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!