З інфармацыяй для людзей невідушчых

Члены раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку сталі ўдзельнікамі інфармацыйнай сустрэчы з намеснікам старшыні абласной арганізацыі БелТІЗ Андрэем Лявіцкім, якая прайшла на базе тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

Аб чым ішла на ёй размова? У першую чаргу аб тым, як у грамадстве ўспрымаюць праблемы людзей з абме­жа­ванымі магчымасцямі, як дзяржава на самым высокім узроўні ставіцца да пытанняў падтрымкі інвалідаў, у тым ліку інвалідаў па зроку. Прыкладам зрухаў у вырашэнні такой важнай задачы, як дапамога ў адаптацыі людзей, абмежаваных у сваіх фізічных магчымасцях, адзначалася ў гутарцы, з’яўляецца падпісанне Беларуссю Канвенцыі аб правах інвалідаў. Такі важны крок краіны гарантуе, што заканадаўчыя акты будуць садзейнічаць пашырэнню безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў. І хоць ў такіх невялікіх раённых цэнтрах, як Маларыта, адзначаў Андрэй Лявіцкі, пакуль мала новаўвядзенняў, якія б дапамагалі інваліду па зроку з’арыентавацца ў навакольнай прасторы, у вялікіх гарадах укараняецца ўжо многае. Гэта і такцільная тратуарная плітка, па рэльефнасці якой з дапамогай палкі чалавек невідушчы можа вызначыць правільны накірунак свайго маршруту, і гукавыя светлафоры, і навігацыйныя сістэмы, якія садзейнічаюць арыентаванню як на вуліцы, так і ў будынках, і спецыяльныя праграмы для смартфонаў, і многае іншае.
Цікавай і даволі пазнавальнай была для прысутных тэма забеспячэння інвалідаў па зроку неабходнымі тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабі­літацыі, якія можна атрымаць бясплатна ці на ўмовах частковай аплаты. Такцільныя палкі для сляпых, гадзіннікі з сінтэзатарам мовы, дыктафоны, устройствы, якія даюць магчымасць праслухаць агучаную літаратуру, сотавыя тэлефоны з праграмным гукавым забеспячэннем, лупы, у тым ліку лічбавыя, а таксама медыцынскія прыборы з гукавым выхадам – тэрмометры, танометры, глюкометры, дапамагаюць значна спрасціць паўсядзённае жыццё у першую чаргу татальна сляпога чалавека. Удзельнікі сустрэчы атрымалі вычарпальную інфармацыю наконт таго, дзе можна пракансультавацца па пытанні набыцця тыфласродкаў, даведаліся пра навінкі. Свет, як адзначалася ў размове, развіваецца. І хоць далёка не ва ўсіх устройствах ёсць яшчэ адаптыўныя тэхналогіі, але бытавых пры­бораў, якія распрацаваны з прымяненнем спецыяльных праграм для людзей не­ві­душчых, ужо нямала. Гэта і “размаўляючыя” пральныя машынкі, мікрахвалёвыя печы і яшчэ шмат чаго. Іншая справа, што не ўсім яны даступныя. Таму сляпому чалавеку часцей за ўсё даводзіцца прыстасоўвацца да звычайных прыбораў. І тут вельмі патрэбна рэабілітацыйная падтрымка. Такая работа, як адзначала загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Таццяна Сацюк, праводзіцца пры цесным узаемадзеянні Цэнтра з раённай арганізацыяй БелТІЗ.
Удзельнікі сустрэчы, а гэта людзі, якія не па чутках, а са свайго вопыту ведаюць аб праблемах інвалідаў па зроку, мелі магчымасць выказаць пажаданні і задаць свае пытанні кіраўніцтву абласной арганізацыі, а таксама спецыялістам тэрытарыяльнага Цэнтра.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час інфармацыйнай сустрэчы.

Опубликовано ГЧ № 25 от 6.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.