Выбар для будучыні

Зрабіць выбар заўсёды складана. З думкамі спрачаюцца сумненні, і ўвесь час не дае спакою пытанне: “Ці правільным шляхам ты ідзеш?” У 16-17 гадоў школьнікам трэба зрабіць першы лёсавызначальны выбар. Якой прафесіі аддаць перавагу, як найбольш удала спалучыць свае здольнасці з магчымасцямі, чаканнямі, сучасным попытам на вакансіі? Для таго, каб праз гады вучобы  малады чалавек не шкадаваў, што абраў не тую спецыяльнасць, вялікая ўвага надаецца прафарыентацыі. 

Штогод аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама праводзіць для старшакласнікаў раёна дзень прафарыентацыі, які ў адной зале збірае як будучых абітурыентаў, так і саіскальнікаў студэнтаў — прадстаўнікоў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў.
Расказаць аб сваёй навучальнай установе сёлета прыехалі з розных гарадоў нашай краіны 7 выкладчыкаў, якія не толькі агітавалі на паступленне, але і давалі парады, што дапамогуць абітурыентам у час здачы тэсціравання, падачы дакументаў. Штогод у Маларыту, нягледзячы на вялікую адлеглаць, прыязджае прадстаўнік Акадэміі ветэрынарнай медыцыны з паўночнай вобласці Беларусі, з г. Віцебска. Гэтая навучальная ўстанова рыхтуе 99 працэнтаў спецыялістаў ветэрынарнага профілю, якія потым накіроўваюцца на работу ў сельгаспрадпрыемствы, ветэрынарныя клінікі, фармацэўтычныя кампаніі і гэтак далей. Шанс стаць студэнтам, калі жадаеш набыць спецыяльнасць “ветэрынарная медыцына”, вялікі, бо набіраецца на яе 300 чалавек. Нізкі прахадны бал і на спецыяльнасць “заатэхнія”. Большы конкурс на месца на такія прэстыжныя спецыяльнасці, як “ветэрынарная фармацыя” і “ветэрынарная санітарыя і экспертыза”.
Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт рыхтуе спецыялістаў для сельгаскааператываў, упраўленняў сельскай гаспадаркі, перапрацоўчых прадпрыемстваў. Навучанне ва ўніверсітэце вядзецца па трох групах спецыяльнасцей: біялагічнай, эканамічнай і тэхналагічнай. Прадстаўнік назваў школьнікам імёны і прозвішчы многіх выпускнікоў установы з Маларыты, якія цяпер працуюць на прадпрыемствах раёна. Выкладчык сталічнага Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта не агітаваў паступаць менавіта ў сваю ВНУ, але заклікаў хлопцаў і дзяўчат адэкватна ацэньваць свае сілы і выбіраць тыя ўстановы, планку прахадных балаў у якія будзе пераадолець лягчэй. Але ў той жа час не забываць і пра матэрыяльны бок. Нярэдка навучанне ў Мінску на бюджэтнай форме абыходзіцца даражэй, чым адукацыя ў тым жа Брэсце платна.
Традыцыйна запрашалі ў свае ВНУ прадстаўнікі Брэсцкіх універсітэтаў. У прыватнасці, у дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна адкрываюцца новыя спецыяльнасці “лагапедыя” і “медыцынская псіхалогія”. У цэлым, усе спецыяльнасці ва ўніверсітэце аб’яднаны ў агульныя групы, абітурыент можа ўказаць у заяве пры паступленні некалькі спецыяльнасцей, што павялічвае шансы.
Да будучых абітурыентаў звярнуліся таксама і прадстаўнікі двух каледжаў – Брэсцкага сферы абслугоўвання і Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага.
Безумоўным плюсам з’яўляецца тое, што ўсе навучальныя ўстановы, прадстаўнікі якіх прысутнічалі на мерапрыемстве, забяспечваюць сваіх студэнтаў інтэрнатам: хто толькі на першых курсах, хто на ўвесь час навучання. Па-ранейшаму, асабліва ўстановы аграрна-інжынернага профілю, абяцалі моладзі гарантаванае першае працоўнае месца, што немалаважна ў канкурэнтных умовах, якія склаліся сёння на працоўным рынку.
Падвынікавала дзень прафарыентацыі начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Хатынюк. Яна пажадала школьнікам зрабіць правільны выбар, з мноства прафесій знайсці сваю, а калі нешта пойдзе не па плану – не апускаць рукі. У аддзеле занятасці ім заўсёды дапамогуць атрымаць рабочую прафесію, якая будзе запатрабаванай.
Дар’я ЛУЦЫК.
На здымку: з дня прафарыентацыі ў СШ №2 г. Маларыта.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано Гч № 25 от 6.04.16г.

Добавить комментарий


https://topobzor.info

www.topobzor.info

https://gepatite.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!