“Натхненне дае родны край”

Марыя Наўрось – чалавек вядомы ў Пажэжыне і яго ваколіцах. Без перабольшання можна сказаць, што гэтую абаяльную і цікавую жанчыну ведаюць практычна ўсе. І не дзіўна, бо Марыя Якаўлеўна ў мясцовай школе выкладала рускую мову і літаратуру на працягу ажно 38 гадоў, дванаццаць з іх – была намеснікам дырэктара. Сваіх калег яна заўжды прыемна  здзіўляла справядлівасцю, жаноцкасцю і выхаванасцю, была добрым прыкладам і ў адносінах да сваёй прафесіі. Да кожнага ўрока рыхтавалася з такім стараннем і адказнасцю! Таму і непадобнымі былі яны адзін на другі, і па ўспамінах тых, каго вучыла Марыя Наўрось, праляталі заўжды як адно імгненне. У Марыі Якаўлеўны нецікавых урокаў проста не было. Яны давалі не толькі змястоўную інфармацыю, але і вучылі думаць, разважаць, аналізаваць, прымаць самастойныя рашэнні. Вучыла быць справядлівымі, сумленнымі. Таму і жыве настаўніца ў сэрцах удзячных сваіх вучняў. Менавіта іх увагу лічыць жанчына сваёй галоўнай узнагародай. Атрымае эсэмэску ці патэлефануе ёй хто-небудзь з былых вучняў на свята — узрадуецца. Значыць, не забываюць яе выпускнікі.

Не забываюць пра Марыю Якаўлеўну і ў школе.
— Настаўніцай я хацела быць заўжды, — успамінае Марыя Наўрось. – Колькі сябе памятаю, столькі і марыла пра тое, што буду вучыць дзяцей у школе.
Закончыўшы васьмігодку ў Пажэжыне, пайшла ў Велікарыцкую сярэднюю школу. Вучылася добра, але перавагу аддавала літаратуры, шмат чытала твораў класікаў. Сярод аднакласнікаў Марыя вы­дзя­лялася тым, што выдатна пісала сачыненні. У 10 класе неяк класны кіраўнік прапанавала напісаць у раённую газету заметку пра мерапрыемства, якое прайшло ва ўстанове адукацыі. Марыя з радасцю згадзілася. Дзяўчына была на сёмым небе ад шчасця, калі на старонках “Сельскага жыцця” неўзабаве ўбачыла свой твор. Гэта стала зыходным пунктам пачатку плённага супрацоўніцтва з раённай газетай.
— Я стала пісаць у “раёнку” з 1967 года, — успамінае Марыя Якаўлеўна. – Мяне адразу падтрымаў Яраслаў Пархута, беларускі пісьменнік-краязнаўца, журналіст, які тады працаваў намеснікам рэдактара “Сельскага жыцця”. Калі ў 10 класе трэба было ўжо канчаткова вызначыцца з далейшай жыццёвай дарогай, то Яраслаў Сільвестравіч параіў паступаць вучыцца на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Больш таго, напісаў рэкамендацыю, сказаў, што з мяне атрымаецца “талковы” журналіст. Прыемнай была такая ацэнка прафесіянала, майстра сваёй справы. Я таксама падумвала ўжо, што стану журналістам. Аднак жыццёвыя абставіны склаліся зусім па-іншаму.
Марыя Наўрось стала студэнткай, але не сталічнай ВНУ. Яна паступіла вучыцца на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута. Ад Пажэжына да Брэста кіламетраў недзе пад 30. А гэта амаль заўсёды дома. Зручна ў многіх планах. Такая акалічнасць і стала вырашальнай у выбары ВНУ.
-Ажыццявілася ўсё ж такі мая дзіцячая мара, — кажа Марыя Наўрось. – Я стала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Цяпер удзячна лёсу за тое, што ўсё склалася так. А наконт таго, што не паступіла вучыцца на журфак… Дык я і так стала журналістам!
І гэта праўда. Бо Марыя Якаўлеўна не адзін год ужо актыўна супрацоўнічае з раённай газетай “”. На старонках выдання часта з’яўляюцца яе артыкулы, нарысы, якія кранаюць шчырасцю, праўдзівасцю, глыбокім пранікненнем у сутнасць таго, пра што піша.
-Бываюць перыяды, што і зусім нічога не пішацца, — прызнаецца Марыя Наўрось. – Такі “творчы прастой” можа цягнуцца доўгі час. Я ж пяром на паперу кладу толькі тое, што бачу, што цікава, перажыла сама, што набалела, выклікае на роздум. Люблю сустракацца з людзьмі, выслухоўваць, гутарыць, слухаць іх своеасаблівую споведзь жыцця. Часта ж так атрымліваецца, што дзеці, разляцеўшыся па свеце, да бацькоў наведваюцца рэдка і неахвотна. А ў чалавека, нават калі ён і пенсіянер, жывая душа, якая пастаянна прагне стасункаў, даверу, шчырасці, узаемапаразумення, гармоніі і хараства.
Марыя Якаўлеўна любіць бываць сам-насам з прыродай. У такія хвіліны жанчына адчувае сябе не адзінокай, а наадварот, як сярод гурту людзей. Гэтага хоча душа. Знаёмыя да болю ціхія мясціны выклікаюць на роздум, дазваляюць забыцца аб праблемах, нявырашаных пытаннях. Жанчына часта бывае там, дзе праляцела яе басаногае маленства. Пажэжынская крынічка, пажэжынскія ельнікі, а таксама цар-дуб, які яшчэ і сёння здольны зараджаць чалавечы арганізм бадзёрасцю і станоўчай энергіяй… З родных мясцін Марыя Наўрось чэрпае жыццёвыя сілы, гаючыя лекі для душы. Жанчына пераканана, што кожны чалавек абавязкова павінен хоць раз напіцца вадзіцы з роднай крыніцы і нізка пакланіцца таму краю, дзе ён нарадзіўся і вырас.
…Марыя Якаўлеўна пераглядае акуратна выразаныя свае артыкулы з “раёнкі”, якіх сабралася ўжо шмат. То ўсміхнецца шчыра, то засумуе, і з вачэй міжволі выкаціцца сляза, калі перачытвае напісанае раней. Сапраўды, у яе артыкулах адлюстравана праўдзівая гісторыя Пажэжына, яго людзей і ваколіц.
Цяпер Марыя Якаўлеўна выношвае тэмы новых артыкулаў, якія неўзабаве з’явяцца на старонках “Голасу часу”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Марыя Якаўлеўна Наўрось, паза­штатны карэспандэнт райгазеты з в.Пажэжын.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ 3 26 от 9.04.16г.

Добавить комментарий


ka4alka-ua.com

www.ukrterminal.kiev.ua

расценки на отделочные работы
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!