Ваенна-палявыя зборы ў “Чорным лесе”

У сучасных умовах адной з найбольш важных, актуальных  і надзённых задач  з’яўляецца фарміраванне ў маладога пакалення патрыятызму, выхаванне сапраўдных грамадзян сваёй краіны. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя метады, прыёмы, сродкі і формы работы. Спрыяе фарміраванню патрыятызму і правядзенне ваенна-палявых збораў. Чарговыя з іх нядаўна прайшлі ва ўрочышчы “Чорны лес” на тэрыторыі былой ракетнай часці ў нашым раёне. У зборах прынялі ўдзел вучні 8-11 класаў устаноў адукацыі Маларытчыны.

-Патрыятызм – адна з найбольш значных і вечных каштоўнасцей, — гаворыць Максім Фадзееў, былы дэсантнік, ініцыятар і арганізатар мерапрыемства.- Патрыятызм у той жа час выступае і як адна з умоў далейшага прагрэсу грамадства. Пачуццё патрыятызму, на мой погляд, вельмі шматграннае па змесце. Яно ўключае, напрыклад, любоў да родных мясцін, гонар за свой народ, адчуванне сваёй непарыўнасці з навакольным светам, жаданне захоўваць і прымнажаць багацце сваёй краіны…
Ініцыятыву Максіма ахвотна падтрымалі ў аддзеле адукацыі спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама, ГА “Цэнтр актыўнага жыцця”, палку патрульна-паставой службы міліцыі ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, аддзеле пагранічнай службы “Маларыта”, раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, раённым аддзеле унутраных спраў, а таксама — брэсцкія страйкбалісты. Праграма збораў была разнастайнай, насычанай. Таму мерапрыемства атрымалася цікавым, відовішчным і для многіх пазнавальным.
На думку арганізатараў, зборы паспрыялі прапагандзе здаровага ладу жыцця, далучэнню моладзі да заняткаў фізічнай культурай і спортам, павышэнню іміджу органаў пагранічнай службы, праваахоўных органаў і падраздзяленняў МНС.
Падчас мерапрыемства адбыліся паказальныя выступленні пагранічнікаў АПС “Маларыта”, супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, патрульна-паставой службы ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, актывістаў “Цэнтра актыўнага жыцця”. Вучням устаноў адукацыі Маларытчыны было прадэманстравана ўзбраенне і спецыяльныя сродкі праваахоўных органаў, органаў пагранічнай службы, а таксама – прэзентацыя ўзбраення і экіпіроўкі розных падраздзяленняў НАТА.
Праграма збораў прадугледжвала і спаборніцтвы: разборка-зборка аўтамата на хуткасць, кіданне гранаты на далёкасць, стральба па мішэнях з пісталета і вінтоўкі, а таксама – апрананне касцюма хімічнай абароны.
Святлана Пуціна, класны кіраўнік 8 “А” класа раённай гімназіі:
-Я і мае вучні былі ў захапленні ад убачанага. “Захоп” будынка быў настолькі рэалістычным, што аж дух займала: выбухі, стральба, клубы дыму… Нам прадэманстравалі, як супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях тушаць пажар і выратоўваюць з будынка, што гарыць, пацярпелага. На свае вочы ўбачылі, як адбываецца затрымліваць парушальніка граніцы, як страйкбалісты праводзяць свае гульні… Усім надоўга запомніцца і каша з салдацкай палявой кухні. Хочацца сказаць вялікі дзякуй усім арганізатарам збораў, а таксама спонсару — індывідуальнаму прадпрымальніку Васілю Карабейку.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымкУ: ваенна-палявыя зборы для вучняў устаноў адукацыі Маларытчыны.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 26 от 9.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий