Гімназісты — Праграмісты…

Пятро Дымарчук і Сцяпан Сланеўскі, вучні 11 “А” класа Маларыцкай раённай гімназіі, плануюць набыць вышэйшую адукацыю і стаць праграмістамі. Каб ажыццявіць сваю мару юнакі ўжо не адзін год сур’ёзна рыхтуюцца пад кіраўніцтвам Ігара Гардынца, настаўніка інфарматыкі і матэматыкі. Пятро і Сцяпан удзельнічалі ў трэцім этапе рэспубліканскіх прадметных алімпіяд па інфарматыцы. У мінулым і сёлетнім навучальных гадах з гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва юнакі прывезлі дыпломы ІІ ступені. Поспех спадарожнічаў вучням Ігара Віктаравіча Гардынца і на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Па яе выніках Пятро Дымарчук узнагароджаны дыпломам II ступені, а Сцяпан Сланеўскі – дыпломам III ступені.
— Адначасова Пятро і Сцяпан актыўна прымаюць удзел і ў дыстанцыйных інтэрнэт-алімпіядах,- гаворыць Ігар Гардынец. – Хлопцы паказалі добры вынік на завочным этапе Усерасiйскай адкрытай алімпіяды па праграмаванні, арганізатарам якой з’яўляецца прыватная адукацыйная ўста­нова дадатковай адукацыі “1С-Адукацыя” пры ўдзеле дзяржаўнай аўтаномнай адукацыйнай установы г.Масква “Цэнтр педагагічнага майстэрства”, Маскоўскага фі­зіка-тэхнічнага інстытута, а таксама Маскоўскага дзяр­жаў­нага ўніверсітэта імя М.В.Ла­маносава, Маскоўскага цэнтра бесперапыннай матэматычнай адукацыі. Пятро і Сцяпан атрымалі персанальныя запрашэнні прыняць удзел у вочным этапе Х адкрытай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні, якая прайшла ў пачатку сакавіка ў Маскве. Акрамя таго, нядаўна стала вядома, што Пятро і Сцяпан занялі выніковыя месцы сярод 11-класнiкаў у II асабістай інтэрнэт-алімпіядзе па інфарматыцы (г. Санкт-Пецярбург), арга­нізатарам якой стала журы Усерасійскай каманднай алім­піяды школьнікаў па праграмаванні. А ў сакавiку юныя маларыцкія праграмісты таксама прынялі ўдзел у воч­ным этапе Пiцерскай алiм­пiяды на пляцоўцы, якую арга­нiзатары адкрылі ў Мiнску.
Пятро Дымарчук, Сцяпан Сланеўскі і Ілья Дзям’янец паказвалі свае веды і ў каманднай Усерасійскай алім­піядзе па праграмаванні. Юнакі на гэтым спаборніцтве выступілі ўдала: занялі 22-е вы­ніковае месца сярод усіх удзельнікаў.
У адкрытай дыстанцыйнай алімпіядзе па праграмаванні, якая была прысвечана Дню расійскай навукі (аргані­затарам спаборніцтва высту­піла Ханты-Мансійская аўта­номная акруга – Югры), прынялі ўдзел і іншыя вучні раён­най гімназіі. Добрыя вынікі паказалі, напрыклад, Кацярына Дацык (10 “Б” клас, 15 месца), Ілья Дзям’янец (11 “А” клас, 17 месца), Андрэй Хапаль (10 “А” клас, 18 месца), Іван Буглак (7 “А” клас, 21 месца), Уладзіслаў Цяк (10 “А” клас, 28 месца), Ганна Бобер (9 “А” клас, 29 месца).
Вучні Ігара Гардынца таксама прымаюць актыўны ўдзел і ў іншых дыстанцыйных інтэрнэт-спаборніцтвах. Пад увагай Ігара Гардынца і вучні 2-5 класаў, якія праяўляюць цікаваць да праграмавання. Здольнасці такіх дзяцей раскрываюцца на занятках аб’яднання па інтарэсах “Юны праграміст”, дзе галоўная ўвага настаўнікам удзяляецца развіццю мыслення: алгарытмічнага, структурнага, эўрыстычнага. Праз працэс навучання Ігар Віктаравіч спрабуе развіваць інтэлект вучняў, здольнасць думаць, разважаць, а не проста назапашваць неабходныя веды.
* * *
Ігар Гардынец выказвае падзяку за фінансавую дапамогу Маларыцкаму райвыканкаму, а таксама — Вользе Галоўчык, Генадзю Макаруку, Ігару Шуміліну. Менавіта дзякуючы ім стаў магчымы ўдзел у інтэлектуальных спаборніцтвах вучняў раённай гімназіі.
* * *
Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што Пятро Дымарчук і Сцяпан Сланеўскі ўзнагароджаны Дыпломамі III ступені ў заключным этапе індывідуальнай алімпіяды школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні, якую пра­водзіў універсітэт “Інфар­мацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі” Санкт-Пецярбурга на пляцоўцы клуба “Юных пажарнікаў” у г. Мазыр. Пятро і Сцяпан атрымалі права быць студэнтамі гэтай ВНУ. Між іншым, юныя праграмісты з гімназіі маюць права выбраць для атрымання вышэйшай адукацыі любую беларускую ВНУ з фізіка-матэматычным профілем.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку (злева направа): юныя праграмісты Сцяпан Сланеўскі, Пятро Дымарчук і Ілья Дзям’янец са сваім настаўнікам Ігарам Гардынцом.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ  № 27 от 13.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


mobil delvac 1

https://onlyyou.od.ua

www.eurobud.com.ua/metallocherepitsa-premium-plyus-germaniya/