“Правер сваю рызыку на дыябет”

Напярэдадні Сусветнага дня зда­роўя, які сёлета прысвячаўся праб­леме распаўсюджанага ва ўсім свеце захворвання — цукровага дыябету, у цэнтральнай раённай аптэцы № 14 прайшла акцыя “Правер сваю рызыку на дыябет”.
Кожны з наведвальнікаў аптэкі мог усяго за некалькі хвілін прайсці экспрэс-абследаванне: вызначыць індэкс масы цела, узровень цукру ў крыві, змераць артэрыяльны ціск. Усе гэтыя паказчыкі, як адзначала арганізатар акцыі, урач-валеолаг райбальніцы Вольга Кавалеўская, вельмі важныя для таго, каб своечасова заўважыць збоі ў зладжанай рабоце арганізма. Тут жа, на месцы, можна было атрымаць кансультацыю ўрача-эндакрынолага, пракансультавацца наконт таго, што непакоіць.
Хворых на дыябет, якія ўзяты на ўлік у раённай бальніцы, — амаль 750 чалавек. З кожным годам, па словах урача-эндакрынолага Уладзіміра Жылінскага, колькасць хворых павялічваецца. Выявіць тых, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі, удалося і ў час акцыі.
Паколькі Сусветны дзень здароўя праходзіў пад знакам смачнай і, самае галоўнае, карыснай ежы, з тымі, хто пажадаў прайсці абследаванне, медыцынскія работнікі гаварылі пра галоўную састаўляючую здароўя – правільнае харчаванне. Упор рабіўся на выяўленне фактараў рызыкі, а ў іх лік уваходзіць і парушэнне рэжыму харчавання, і няправільны выбар прадуктаў.
У час акцыі ўсе, хто заходзіў у аптэку, маглі падрабязна пазнаёміцца з прадукцыяй кампаніі “Рубікон”. Медыцынскі прадстаўнік яе, Ірына Крэнь, знаёміла з рознымі супрацьзапаленчымі, гарачкапаніжальнымі, супрацьвіруснымі прэпаратамі, расказвала аб дасягненнях Віцебскай фармацэўтычнай кампаніі ў якасці прадукцыі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час акцыі ў цэнтральнай раённай аптэцы.
Фота аўтара

Опубликовано ГЧ № 27 от 13.04.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!