Калі аўто становіцца хламам?

Аб праблеме захоўвання на прыдваровых тэрыторыях шматкватэрных дамоў  аўтамабіляў, якія не эксплуатуюцца, нярэдка даводзіцца чытаць у сродках масавай інфармацыі. Асабліва актуальная гэтая тэма для вялікіх гарадоў, дзе колькасць транспарту не прапарцыянальная месцам  для паркоўкі  ў двары. Крытэрыі, па якіх транспартныя сродкі могуць быць прызнаны неэксплуатуемымі, і механізм ачысткі двароў ад састарэлых аўто вызначаны Указам Прэзідэнта краіны № 348 яшчэ пяць гадоў таму. Як на практыцы рэалізоўваецца гэты дакумент? Ці ёсць у Маларыце праблема з аўтахламам? Куды звяртацца, калі ў вашым двары парковачнае месца займае аўтамабіль, які доўгі час стаіць і псуе знешні выгляд горада?  Адказы на гэтыя пытанні шукала ў час невялікага даследавання тэмы.

У тэорыі
Калі вывучыць прыведзены вышэй Указ, дык да аўтахламу можна аднесці не толькі аўтамабілі, у якіх няма колаў ці спушчаны шыны, адсутнічаюць шкло, элементы кузава. Прыкметай «пакінутага» аўтамабіля можа з’яўляцца і пратэрмінаваны на палову года тэхагляд. Для вынясення «прыгавору» непрыгоднасці для руху дастаткова наяўнасці адной з вышэйпералічаных прыкмет. А гэта значыць, пад катэгорыю неэкс­плуатуемага можа трапіць не толькі “аўтахлам”, але і аўто, што пабывала ў дарожна-транспартным здарэнні, калі ў яго гаспадара няма грошай на хуткі рамонт, а таксама аўтамабіль, гаспадар якога паехаў працаваць за мяжу ці па нейкіх іншых прычынах не карыстаецца ім.
Аб аспектах працэдуры работы з аўтамабілямі, якія не эксплуатуюцца, але займаюць месца на паркоўцы, расказвае начальнік аддзела жыл­лёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Віктар Русавук:
— Згодна з Указам Прэзідэнта пасля таго, як жыллёва-камунальная служба ці супрацоўнікі міліцыі выявілі транспартныя сродкі, якія не эксплуатуюцца, вызначаецца асоба ўладальніка. Яму дасылаюць пісьмо, з моманту атрымання якога ва ўласніка ёсць 30 дзён для таго, каб перамясціць аўто на ахоўваемую стаянку, прывесці яго ў годны выгляд ці ўтылізаваць. На платнай стаянцы “пакінуты” аўтамабіль можа знаходзіцца да трох месяцаў, а затым у судовым парадку ён прызнаецца безгаспадарным. І тады ўтылізацыяй яго займаюцца ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы.
— Віктар Іванавіч, калі месца на прыдваровай тэрыторыі займае аўтамабіль, што не можа эксплуатавацца, куды звяртацца жыхарам, якім гэтае аўто перашкаджае?
— Звяртацца трэба ў раённы аддзел унутраных спраў ці КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”. Аднак, лічу, што для нашага невялікага раёна гэтае пытанне не з’яўляецца праблемным. Аўтамабіляў, якія не эксплуатуюцца і пагаршаюць знешні выгляд дваровых тэрыторый, няшмат. І ў большасці ўладальнікі іх пасля атрымання паведамлення прымаюць меры па рамонту аўто ці самі здаюць іх на металалом.
А як на практыцы?
Актыўная работа ў гэтым накірунку пачалася ў раёне ў лістападзе мінулага года. Жыллёва-камунальнай службай на дваровых тэрыторыях былі выяўлены 4 аўтамабілі, якія падпадалі пад катэгорыю аўтахламу. Затым паследавала працэдура вызначэння ўласнікаў, гэтым займаліся ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Усе ўладальнікі былі знойдзены і атрымалі паведамленні. Адзін з іх, машына якога доўгі час знаходзілася на стаянцы ва ўнутраным двары раённай бальніцы, адрэагаваў на пісьмо і забраў непрыгодны для эксплуатацыі аўтамабіль. Іншыя атрымалі паўторныя паведамленні. Калі і далей рэакцыі з боку ўладальнікаў не будзе, пасля агляду камісіі аўтамабілі адправяцца на платную стаянку. А праз тры месяцы, калі ўладальнікі не пажадаюць вярнуць аўто, праз суд гэтыя транспартныя сродкі прызнаюць безгаспадарнымі і ўтылізуюць. А вось аплаціць расходы па іх эвакуацыі і захоўванні давядзецца ўладальнікам. Такі парадак прадугледжаны Указам №348.
Калі мы чуем слова “аўтахлам”, уяўляем сабе старыя “Запарожцы” і “Жыгулі”. Але гэта толькі стэрэатып. На самой жа справе толькі адна з 4 машын, якія былі вызначаны, як тыя, што не эксплуатуюцца, маркі “ВАЗ”, іншыя – марак “Аўдзі” і “Пежо”.
Калі вам не патрэбны стары аўтамабіль, самы просты і выгадны шлях пазбавіцца ад яго – здаць на металалом у пункце прыёму райспажыўтаварыства. Аднак аўто абавязкова трэба зняць з уліку ў ДАІ і самастойна транспартаваць да месца прыёму. Перад утылізацыяй старога аўтамабіля неабходна зліць вадкасці, зняць абіўку, шкло, пластмасавыя дэталі. Тады кузаў будзе класіфікавацца ў якасці металалому.
Думкі ўслых
Каб самой упэўніцца ў тым, што праблемы з аўтахламам у дваровых тэрыторыях шматпавярховак у нашым горадзе няма, вырашыла пабываць у некаторых дварах у цэнтры Маларыты. Сапраўды, нават днём, калі многія аўтаўладальнікі раз’язджаюцца на сваіх машынах па справах, транспарту ў дварах стаіць шмат. Аднак аўтамабіляў, якія б выглядалі як аўтахлам, на вуліцах Савецкая, Школьная, Маруды, Несенюка, Паркавая не знайшла. Хутчэй існуе праблема ў недахопе месцаў для паркоўкі каля дамоў, якія праектаваліся яшчэ ў мінулым стагоддзі. Тады нават ніхто не думаў, што калі-небудзь у кожнай другой-трэцяй сям’і будзе асабісты аўтамабіль. Таму транспартныя сродкі ўладальнікі іх паркуюць, дзе толькі давядзецца: на газонах, пляцоўках для развароту, уздоўж дарогі.
Калі дваровыя тэрыторыі шматкватэрных дамоў у большасці сваёй падтрымліваюцца ў парадку і аўтахлам на іх – хутчэй выключэнне, дык на некаторых участках прыватных домаўладанняў на вуліцах Юбілейная, Алесіка малюнак зусім іншы. Тут захоўваецца па некалькі аўтамабіляў з відавочнымі прыкметамі аўтахламу. Яны не падпадаюць пад Указ № 348, але гэта пытанне ўжо асабістай безгаспадарлівасці і зусім іншая тэма для газетнай публікацыі.
Дар’я ЛУЦЫК.

Опубликовано гЧ № 27 от 13.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.velotime.com.ua

https://mitsubishi.niko.ua

代孕母亲