МІЛІЦЫЯ ВЕДАЕ ЖЫЦЦЁ БЕЗ ПРЫХАРОШВАННЯЎ

У мінулы аўторак начальнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Фёдар Балейка наведаў наш раён , райаддзел міліцыі у прыватнасці, і правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Затым Фёдар Фёдаравіч даў інтэрв’ю карэспандэнту райгазеты. Прапануем яго ўвазе чытачоў.

— Фёдар Фёдаравіч, на­колькі міліцыя Брэстчыны спраўляецца са сваёй га­лоўнай задачай — захаваннем парадку і бяспекі нашых грамадзян?
— На такое пытанне я звычайна адказваю пытаннем: «А як Вы адчуваеце сябе позна вечарам на вуліцы ці ў грамадскіх месцах?» Калі ў бяспецы, значыць міліцыя добра спраўляецца са сваёй галоўнай задачай. Калі ж пе­раходзіць на міліцэйскую мову, прыводзіць статыстыку, дык узровень злачыннасці на Брэстчыне значна ніжэйшы, чым у іншых рэгіёнах. Прычым, на працягу ўжо доўгага часу. Мінулы год — не выключэнне. Ды і вынікі першага квартала таксама радуюць. Па асноўных накірунках нашай дзейнасці, а гэта колькасць цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў, — нам удалося дасягнуць зніжэння ўзроўню злачыннасці. Практычна на 20% знізілася колькасць грабяжоў. Але што яшчэ больш радуе: у першым квартале на Брэстчыне загінула менш людзей ад злачынных замахаў. Ды і не толькі ад іх, а і ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў. Між іншым, калі гаварыць непасрэдна пра ДТЗ, дык сёлета ў першым квартале ў іх загінула на 12 чалавек менш, чым летась.
Так, не ўдаецца пакуль нам зменшыць крадзяжы па лініі крымінальнага вышуку. У структуры ўсіх злачынстваў яны складаюць 60%. Але гэта крадзяжы. Ім спрыяюць розныя фактары, у тым ліку і эканамічная сітуацыя, і фінансавае становішча, і беспрацоўе, і злоўжыванне пэўнай часткі нашага на­сельніцтва спіртнымі на­поямі, і г.д. Думаю, што з крадзяжамі мы як-небудзь справімся. Галоўная ўсё ж задача міліцыі — захаваць жыццё і здароўе нашых грамадзян.
— У аператыўных мі­лі­цэйскіх звод­ках за­- шкаль­вае “бытавуха”: зня­важыў, нагрубіў, аб­лаяў, пагражаў расправай, на­біў, украў. А крадуць, між іншым, усё: ад хатняй птушкі, рэчаў, да ма­біль­ных тэлефонаў, ве­ла­сіпедаў і нават абразы з цэркваў. Чым міліцыя мо­жа супрацьстаяць гэтым з’явам, крадзяжам у пры­ватнасці?
— Асноўны ўпор мы тут робім на актыўную прафілактычную работу. Літаральна гэтымі днямі мы правялі аператыўную нараду з удзелам начальнікаў раённых аддзелаў унутраных спраў, дзе яшчэ раз была звернута іх увага на неабходнасць актывізацыі прафілактычнай работы па папярэджанні крадзяжоў, пачынаючы ад самай элементарнай агульнай прафілактыкі, да непасрэднай работы са спецкантынгентам. А гэта раней асуджаныя, хто прыцягваўся ўжо да крымінальнай адказнасці, і інш. Калі мы прааналізавалі вынікі першага квартала, пераканаліся, што 75% злачынстваў, у тым ліку крадзяжоў, учынілі асобы, якія нідзе не працавалі, а 65% — раней асуджаныя. Таму кантынгент, з якім трэба працаваць, нам добра вядомы.
— Многіх грамадзян, ве­даю, не ў малой сту­пені хвалюе сёння і такое: брыд­каслоўе скрозь, у тым ліку і ў грамадскіх месцах. Ці не здаецца Вам, што гэтую праблему мы ўсе крыху ”пры­зямлілі”, у тым ліку і работнікі міліцыі?
— Брыдкаслоўе ў грамадскіх месцах расцэньваецца як дробнае хуліганства, і за яго згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць. Калі мы такія правапарушэнні выяўляем, вінаватых штрафуем. Але разам з тым праблема ёсць. І не адна міліцыя, а ў цэлым у грамадстве нашым усе звыкліся з брыдкаслоўем.
— Ніхто не будзе ас­прэчваць той факт, што каталізатарам зла з’яўляецца п’янства, якое ўсё больш і больш распаўсюджваецца. Ці ёсць, на Вашу думку, эфек­тыўныя метады, выкарыстоўваючы якія, можна было б гаварыць аб станоўчых выніках у вырашэнні гэтай праблемы, якая хвалюе ўсіх нас?
— Ці ёсць метады? Ёсць, толькі наколькі яны эфектыўныя? Колькасць правапарушэнняў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, па сутнасці, не змяншаецца. Як было, што кожнае з трох здарылася ў выніку п’янства, так і застаецца. Дзве праблемы нас хвалююць сёння найбольш: п’янства і працоўная незанятасць. Калі параўноўваць цяперашнія гады з 90-мі, тады пад нумарам адзін у нас былі праблемы арганізаваных формаў злачыннасці і кваліфікаваных крадзяжоў. Цяпер жа асноўная маса правапарушэнняў перайшла ў плоскасць п’янства. Забойствы, нанясенне цяжкіх цялесных пакалечанняў і падобнае ім — 80-90% такіх відаў злачынстваў учыняюцца асобамі ў стане алкагольнага ап’янення ці непасрэдна пасля альбо ў час распіцця спіртных напояў.
Калі чытаеш кожную раніцу аператыўныя зводкі, пераконваешся: ніхто ад голаду красці не пайшоў. А калі ўчыняюцца крадзяжы, дык гэта не тыя разбойныя нападзенні, што былі ў 90-ых гадах, калі высочвалі шыкоўныя кватэры, на трасах працавалі спецыяльныя групы, што кваліфікаваліся на разбойных нападзеннях. Сёння такога няма. Разбой — рэдкасць. У большасці ж зайшоў у магазін, украў бутэльку гарэлкі ці віна, пачак цыгарэт і да т. п.
Што датычыць барацьбы з п’янствам, дык асноўныя метады, якія мы выкарыстоўваем, — гэта канфіскацыя з незаконнага абароту вадкасці, што ўтрымлівае спірт, выяўленне прыватных гандлёвых кропак, дзе незаконна рэалізуюць спіртное, перакрыццё каналаў пастаўкі алкагольных напояў з Украіны, Расіі. Дарэчы, летась мы спынілі пастаўку ў нашу краіну 20 тон спірту з Расіі, сёлета — больш чым 2-ух тон. Работа ў гэтым плане вядзецца вельмі і вельмі актыўна.
Адна з мер, накіраваных на недапушчальнасць цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў, — накіраванне алказалежных ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Летась туды мы ізалявалі 1004 чалавекі. Сёлета — больш чым 400. Як правіла, гэта сямейныя дэбашыры, раней асуджаныя, інакш кажучы, своеасаблівы кантынгент.
— Цывілізацыя, выкарыстанне сацыяльных сетак падкінулі ўсім нам яшчэ адну бяду: злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій, у прыватнасці, махлярства ў інтэрнэце. Хацелася б ведаць, што мае ў сваім арсенале міліцыя, каб своечасова выяўляць такога роду злачынствы і змагацца з імі? У першую чаргу – спецыялістаў.
— Пры нашым абласным ўпраўленні ўнутраных спраў створана спецыяльнае пад­раздзяленне па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Ствараць такія структуры ў райаддзелах пакуль няма неабходнасці. Тым больш, што ўзровень, як мы называем,”мудрых” злачынстваў у агульнай структуры іх пакуль невялікі.
— Нельга не закрануць і яшчэ адну вельмі важную праблему — праблему карупцыі. Наколькі гэтае зло рас­паў­сю­джана на Брэстчыне?
— І ў нас, і ў кожным з райаддзелаў унутраных спраў дзейнічаюць падраздзяленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Вынік іх работы значны. Сёлета ў першым квартале было ўзбуджана 300 крымінальных спраў па фактах карупцыйных праяўленняў эканамічнай накіраванасці. 136-138 з іх — гэта тыя злачынствы, што адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асоба цяжкіх. У розных сферах былі выяўлены яны: і ва ўстановах аховы здароўя, і ў сферы адукацыі, і ў іншых. Цяпер забяспечваем кантроль за ходам пасяўной кампаніі ў сельгасарганізацыях. За мінулы год і ў гэтай сферы мы выявілі нямала фактаў карупцыі. У прыватнасці, была затрымана галоўны бухгалтар адной з сельгасарганізацый Пружанскага раёна за кра­дз­еж грашовых сродкаў у памеры 1,5 мільярда рублёў. Такія ж факты былі выяўлены і ў Брэсцкім раёне.
— Фёдар Фёдаравіч, рэгіён наш пры­гранічны. Напэўна, гэта нейкім чы­нам адбіваецца і на структуры злачынстваў і правапарушэнняў, якія нярэдка ў нас рэ­гі­струюц­ца?
— Калі браць структуру агульнай злачыннасці, у ёй ёсць свае асаблівасці. У адрозненне ад іншых рэгіёнаў у нас мае месца кантрабанда тавараў. Але тут мы працуем сумесна з пагранічнікамі, што і спрыяе своечасоваму папярэджанню такіх відаў правапарушэнняў. Вельмі часта выяўляем і спыняем увоз у нашу рэспубліку з Украіны мясных прадуктаў, спіртных напояў, ва Украіну — і Польшчу — цыгарэт. У цэлым жа ў рэспубліцы ў кожным рэгіёне рэгіструюцца адны і тыя ж злачынствы.
— Фёдар Фёдаравіч, многія з грамадзян баяцца, што фінансава-эка­намічны крызіс можа адмоўна адбіцца на кры­мінальнай сітуацыі. А як думаеце Вы?
— Безумоўна, гэта магчыма, хаця мы робім усё для таго, каб не дапусціць выбуху злачыннасці. Як вядома, крызіс у першую чаргу нараджае беспрацоўе, а яно, я ўжо гаварыў пра гэта, — злачыннасць. Адна з прычын таго, што ў нас у першым квартале на 5% было ўчынена больш крадзяжоў, і ёсць вынік фінансава-эканамічнага крызісу. Таму наша задача — максімум прафілактыкі, максімум работы. Не думаю, што крымінальная сітуацыя выйдзе з-пад кантролю.
— Дзякую Вам, Фёдар Фёдаравіч, за інтэрв’ю.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.

На здымку: начальнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёр Фёдар Балейка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 29  от 20.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://best-cooler.reviews

steroid-pharm.com/

www.sledoc.com.ua