Акрылёная любоўю да гісторыі

Не ў кожнай гарадской школе ёсць педагогі з навуковай ступенню. А вось у сельскай школе ў Олтушы цяпер свой кандыдат гістарычных навук. Такое званне заслужыла карпатлівай навуковай працай настаўнік гісторыі Кацярына Алесік. Маяком на доўгім і цярністым шляху навуковых даследаванняў для яе заўжды была любоў да гісторыі.

Гістарычныя навукі, пры-зналася сама Кацярына Якаўлеўна, яе цікавілі яшчэ ў маленстве:
— Дзецьмі мы часта пра­водзілі час на хутары, у гасцях у дзеда. Расказы мудрага ад прыроды чалавека, які пражыў нялёгкае жыццё, кампенсавалі нам адсутнасць тэлевізара, радыё. Мы з захапленнем слухалі ўспаміны пра тое, як жыў дзед пры Польшчы, як хлопчыкам трапіў у Германію, дзе ледзь застаўся жывы, як з недаверам яго, вязня, сустракалі на радзіме, як прызвалі ў армію і накіравалі на Данбас, дзе ў пасляваенны час таксама давялося многае перажыць, як, вярнуўшыся дамоў, стаў сведкам калектывізацыі і быў адным з нямногіх, хто, нягледзячы на розныя перашкоды, не пайшоў у калгас. Кемлівасць, мудрасць, вопыт дапамагалі яму выжыць. А нас, дзяцей, усё пачутае прымушала задумвацца над працэсамі, якія адбываліся ў грамадстве, супастаўляць тое, што напісана ў кнігах, з няпростым лёсам блізкага чалавека. Зерне цікавасці да гісторыі было пасеяна…
А вось жыватворную глебу растку любві да педагагічнай справы дала мнагадзетная сям’я, у якой вырасла Кацярына. Браты і сёстры, а ўсяго ў сям’і Алесікаў было дзесяць дзяцей, выхоўвалі, вучылі чытаць, пісаць адзін аднаго. Таму прыналежнасць прафесіі педагога была знаёма кожнаму яшчэ з маленства. Ды і ўвогуле ў сям’і заўжды высока цаніліся веды. Хоць самі бацькі не мелі вышэйшай адукацыі, яны марылі пра яе для сваіх дзяцей.
— Вядома, у вялікай сям’і былі матэрыяльныя цяжкасці. Бацькі нам маглі адмовіць у многім, але толькі не ў тым, каб працягваць вучобу, атрымліваць адукацыю. Тут ужо яны рабілі ўсё магчымае і немагчымае, – успамінае Кацярына Якаўлеўна.
Выбар прафесіі ў апошні год вучобы ў школе быў зроблены на карысць настаўніцкай справы. Не хапала толькі малога – спалучыць педагогіку і гісторыю. І тут вырашальнай стала адна размова.
— Я любіла замежную мо­ву, захаплялася гісторыяй, геагра­фіяй, матэматыкай, — расказвае Кацярына Алесік. — У 11 класе перамагла ў алімпіядзе па гісторыі, пачала рыхтавацца да абласнога этапу. Пазнаваць гісторыю было цікава, але было і шмат сумненняў. Неяк падышла да свайго настаўніка Віталя Мікалаевіча і спытала: “Як Вы думаеце, я паступлю на гістарычны факультэт?”. Ён упэўнена адказаў: “Паступіш!”. І я сама паверыла, што ўсё змагу.
І сапраўды, змагла стаць студэнткай педагагічнага ўні­версітэта, хоць на гіс­та­рыч­ны факультэт быў конкурс 10 ча­лавек на адно месца. І з таго часу будучы педагог зразумела адну важную рэч: настаўнік проста абавязаны раздзяліць з вучнямі веру ў сябе. Вядома, не беспадстаўную ілюзію, а ўпэўненасць у сваіх сілах. Умець правільна ацаніць ве­ды вучня, яго магчымасці і таленты лічыць Кацярына Якаў­леўна галоўнай састаўной часткай поспеху і педагога як прафесіянала, і вучня, бо многія маладыя людзі не дабіваюцца поспеху толькі таму, што ўстанаўліваюць пэўную планку сваіх магчы­масцяў і не рухаюцца далей.
Сама ж Кацярына Алесік спыняцца на тым, што ёсць, і не думала. Ва ўніверсітэце вучылася выдатна. Як пры-знаецца, ніколі не была “зубрылкай”. Проста выпрацавала ў сабе навыкі сістэмна падыходзіць да навучання. Па выніках вучобы за свае поспехі атрымала прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі. Калі на руках быў дыплом настаўніка і маладым спецыялістам прыйшла яна ў сельскую школу, адчула, што пры ўсёй занятасці ў новым ладзе жыцця ёй не хапае таго навуковага асяроддзя, у якім была. Тады і прыняла рашэнне паступаць у аспірантуру пры рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы. З таго часу пачалася работа над напісаннем навуковай працы.
— Прыцягальнасць навуковай дзейнасці ў тым, што гэта і хобі, і магчымасць прафесійнага росту, і маральнае задавальненне, — прызнаецца кандыдат гістарычных навук. – Ты адкрываеш нешта новае, але перш чым адкрыць новае, вывучаеш, што зроблена па гэтай праблеме, шукаеш і фарміруеш думкі, якіх яшчэ не было. Але навука – гэта і сур’ёзнае выпрабаванне. Можна прайсці доўгі шлях, многае зрабіць, аднак так і не зразумець, ці правільным накірункам ідзеш.
Выбіраючы тэму для сваёй дысертацыі, Кацярына Алесік не шукала лёгкіх шляхоў, наадварот узяла тэму новую, навуковасць якой трэба было яшчэ даказаць. Вывучаючы праблему падрыхтоўкі жанчын-спецыялістаў у ВНУ БССР, пабывала ў Маскве, наведала архівы вялікіх гарадоў Беларусі, працавала ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Усё гэта хоць і заняло шмат часу, бо паездкі можна было планаваць толькі на дні школьных канікулаў, але і дапамагло адшукаць цікавыя факты пасляваеннага перыяду, адказаць на нявысветленыя пакуль пытанні: чаму, як і калі атрымалася так, што многія прафесіі фемінізаваліся. Работа ў архівах і бібліятэках, як прызнавалася Кацярына Якаўлеўна, дапамагала не толькі рухацца наперад у навуковым даследаванні, але і расці прафесійна, назапашваць новыя веды.
Ад першых даследаванняў да абароны навуковай працы прайшло дванаццаць гадоў. Па сваёй натуры Кацярына Алесік чалавек самакрытычны. Яна, выпускніца аспірантуры, палічыла, што дысертацыя, над якой працавала чатыры гады, яшчэ зусім “сырая” і абарону яе адклала на потым. Яшчэ не адзін год праводзіла Кацярына даследаванні. Затым быў доўгі перыяд, калі яе навуковае “дзецішча” праходзіла экспертызы ў вышэйшых навучальных установах, у савеце па абароне дысертацый у незалежных экспертаў.
— Крытыка ў навуцы вельмі патрэбна, — пераканана Кацярына Алесік. — Калі навуковую працу пачынаюць вывучаць і крытычна ацэньваць, выпрацоўваюцца такія важныя якасці, як уменне прыслухоўвацца да думак іншых людзей, адстойваць свае інтарэсы, погляды.
Абарона дысертацыі пра­ходзіла ў самай галоўнай на­вуковай установе краіны – інстытуце гісторыі Акадэміі навук. У многіх былі сумненні ў тым, што Кацярыне ўдасца якасна давесці да канца даследаванне па тэме, якая толькі пачынае яшчэ вывучацца. Сумнявалася і сама сённяшні кандыдат гістарычных навук.
— Было цяжка, але я не магла сысці з паўдарогі, бо заўжды сваіх вучняў вучу ісці да канца, змагацца на поўную сілу. Адступіць – азначала парушыць свой маральны прынцып, — прызнаецца Кацярына Якаўлеўна.
Сілы ў тым, каб працягваць сваю навуковую дзейнасць, надаваў калектыў, у якім працую, адзначае на­стаўнік. Чалавек ніколі нічога не зможа дасягнуць, упэўнена Кацярына Алесік, у неспрыяльных умовах. Таму свой поспех яна падзяляе з калегамі, адміністрацыяй школы і раёна.
Навуковая ступень дае вя­лікія магчымасці. Таму проста не магла не спытаць у сваёй субяседніцы аб яе планах на будучыню. Кацярына Якаўлеўна, як адкрыты і сціплы чалавек, шчыра прызналася, што пакуль адчувае ад новага звання толькі маральнае задавальненне і над планамі яшчэ ўсур’ёз не задумвалася. І ў той жа час заўважыла:
— Мець ступень і не займацца навукай – гэта значыць мяняць звычкі. А заняткі навукай патрабуюць знаходжання ў навуковым асяроддзі. Таму ў жыцці будуць пэўныя перамены. Які гэта будзе накірунак, пакуль не вырашыла. Самае галоўнае, што навуковая ступень надала новыя сілы, упэўненасць у сабе.
У той жа час вясковы кан­­дыдат гістарычных навук прызналася, што вельмі любіць сваю школу, пакідаць яе ці, тым больш, мяняць на іншую, не жадае. Бо лічыць вельмі важным даваць дзецям правільныя веды па гісторыі, каб з-за вялікай колькасці ін­фармацыі і скажэння фактаў не гублялася мінулае. Сваіх вучняў яна ў першую чаргу ву­чыць аналізаваць. І яны з цікавасцю ставяцца да роз­ных фактаў і старонак гіс­торыі. Апошнія шэсць гадоў вучні Кацярыны Якаўлеўны заваёўваюць прызавыя месцы ў абласных алімпіядах, а ле­тась вучаніца з Олтуша атрымала дыплом III ступені на рэспубліканскім узроўні. За добрую падрыхтоўку сваёй вучаніцы ўжо другі раз, але цяпер як настаўніца Кацярына Алесік ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта. А значыць і ў школе, упэўнена Кацярына Якаўлеўна, можна выдатна рэалізаваць сябе. Галоўнае – мець стымул і жаданне вучыць і вучыцца.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: кандыдат гістарычных навук, настаўніца гісторыі Олтушскай сярэдняй школы Кацярына Алесік.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 29 20.04.16г.

Добавить комментарий


np.com.ua

www.best-cooler.reviews/best-bison-coolers-formerly-brute-coolers-for-our-readers/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!