Брудная работка

Сабраўшы ў спецыяльныя пакеты (а то і без іх) за дзень, два, тры больш непатрэбнае нам у гаспадарцы, бытавыя і цвёрдыя камунальныя адходы, мы нядбайна нясем і выкідваем іх у кантэйнер для смецця. І нікому з нас нават і ў галаву не прыходзіць думка, што з імі робяць далей.
І сапраўды, а што ж далей? Гэтым пытаннем зацікавілася карэспандэнт райгазеты, якая і высвятляла ўсе нюансы ”бруднай работы”.

1.

…На ўездзе на палігон цвёрдых камунальных адходаў, што знаходзіцца крыху больш чым за тры кіламетры на паўночны захад ад горада, нас сустрэў рабочы ўчастка абясшкоджвання адходаў КУШВП ЖКГ ”Маларыцкая ЖКГ” Валянцін Панасюк. Менавіта ў яго абавязкі ўваходзіць прыняць тэхніку, на якой прывозяць на палігон адходы, узважыць апошнія, вызначыць, што гэта за яны, і ўказаць месца, куды адходы везці.
Першае, што мяне цікавіць, колькі гектараў займае палігон і як даўно ён існуе? Аказваецца, плошча, дзе знаходзяць апошняе прыстанішча непатрэбныя нам рэчы, складае больш чым 6 гектараў. А адкрыты палігон быў прыкладна 30 гадоў таму назад.
Акідваю поглядам тэрыторыю палігона. Горы розных адходаў. Праўда, намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ ”Маларыцкая ЖКГ” Міхаіл Дзянісавіч Саўчук, які суправаджаў нас на палігон, удакладняе, што адходы з кантэйнераў, куды мы іх выкідваем, сюды не паступаюць. Тут знаходзяць апошняе прыстанішча толькі тыя, што засталіся пасля сартавання іх на сартавальным пункце. Спецыяльнае абсталяванне для гэтых мэт камунальнікі набылі летась, зманціравалі яго і ўстанавілі. І цяпер лінія сартавання пастаянна задзейнічана, тут працуюць 7 рабочых прадпрыемства камунальнай гаспадаркі.

2.

Колькі адходаў штодзённа трапляе на палігон?
— Учора, да прыкладу, — тлумачыць Валянцін Панасюк, — сюды прывезлі 7 тон: 2 — з лініі сартавання і 5 — будаўнічага смецця.
На палігоне з правага боку заўважаю спецыяльныя пляцоўкі. На адной з іх –сухое галлё, на другой — выкарыстаныя шыны.
— Зрэшты, кожны, у каго назбіраліся такія віды другаснай сыравіны, — тлумачыць Валянцін,- можа смела іх прывезці і складзіраваць тут.
— А хіба такія свядомыя сярод нас яшчэ ёсць? — цікаўлюся ў яго.
— Хоць і нямногія, але ўсё ж прывозяць, — удакладняе Валянцін, — нават сваім транспартам.

3.

Калі больш уважліва ўгледзецца ўдалячынь, нельга не прыкмеціць некалькі чалавек.
— Не, гэта не асобы без пэўнага месца жыхарства, — заўважыўшы маю дапытлівасць, адказвае Валянцін. — Хаця раней і такіх тут мора было. Мы іх называем санітарамі. Калі на палігон прывозілі кантэйнеры з адходамі, многія з такіх суткамі тут і прападалі. Самі прывезенае смецце сартавалі. Многія з так званых санітараў за дзень маглі назбіраць дзясяткі кілаграмаў макулатуры, шкла, пластмасы, пластыку. Мы іх адсюль не праганялі, бо было выгадна і ім, і нам. Яны выручалі для сябе пэўную капейку, а мы мелі каштоўную другасную сыравіну. План жа па нарыхтоўцы яе кожны год нашаму прадпрыемству даводзіцца, — дасведчана тлумачыць Валянцін.

4.

— Зрэшты, на палігоне можна збіраць не толькі макулатуру ці шкло альбо пластык, — пераводзіць мову на іншую тэму Валянцін. — Бывае, такое людзі выкідваюць! Памятаю, прыехаў разгублены малады чалавек. Пытаюся, што здарылася. А ён тлумачыць, што выпадкова ў сметнік выкінуў грошы.
— Знайшоў іх? — удакладняю.
— Доўга шукаў, але знайшоў, — гаворыць Валянцін. — Відаць, немалая сума была. Надта ж старанна шукаў. А яшчэ ў аднаго тут, на палігоне, памылкова аказалася вадзіцельскае пасведчанне. Перарыў горы смецця, але дакументы знайшоў.
— А адна маларытчанка, — дапаўняе Валянціна Міхаіл Дзянісавіч, — зноў жа выпадкова выкінула ў кантэйнер для смецця вельмі дарагую рэч. Добра, што своечасова спахапілася. Знайсці яе дапамог наш работнік Саша Талака. Дзякуючы таму, што ён яшчэ не паспеў адвезці кантэйнерныя адходы на сартавальны пункт і што не паленаваўся сам усё смецце перарыць, маларытчанка і знайшла сваю дарагую рэч. Праўда, аказалася выхаванай, напісала на імя кіраўніцтва нашага прадпрыемства пісьмо з просьбай выказаць Аляксандру Талака падзяку. Хаця такое рэдка бывае.

5.

Тое, што ў КУШВП ЖКГ ”Маларыцкая ЖКГ” знайшлі магчымасць адкрыць лінію сартавання адходаў, — цудоўна. Гэта дае магчымасць адбіраць каштоўную другасную сыравіну, у якой маюць вялікую патрэбу нашы смеццеперапрацоўчыя прадпрыемствы. Але ў некаторых гарадах Беларусі, у прыватнасці, у сталіцы пайшлі яшчэ далей. На адным з палігонаў, пра што пісалі калегі з газеты ”Рэспубліка”, знайшлі магчымасць выкарыстоўваць смецце, якога становіцца ўсё больш і больш, у добрых мэтах. У слаях адходаў і грунту пракладзены трубы, што перадаюць газы, якія выдзяляюцца ў выніку гніення смецця, у спецыяльны бункер. У ім гэтыя газы перапрацоўваюцца ў электраэнергію. Толькі адзін палігон можа “стварыць” да 1200 ват электрычнасці.
Як добра ўсё ж было б, каб такія новыя тэхналогіі дайшлі і да нас.
А пакуль трактар утрамбоўвае выкінутае, ізалюе грунтам.
Не сумняваюся, што з цягам часу неабходна будзе палігон пашыраць, надта ўсё ж вялікімі тэмпамі ён запаўняецца.

6.

— Цывілізацыя патрабуе ахвяр, — з жалем гаворыць Валянцін, — і нікуды ад гэтага не дзецца. Я вырас у вёсцы. Тады паняцця ніхто не меў пра якія-небудзь адходы. Нашы дзяды і прадзеды ўсяму стараліся знайсці прымяненне. Непатрэбныя анучы ці стары посуд здавалі нарыхтоўшчыкам, якія ездзілі па вёсках, як і многае іншае. Не ў выручцы была справа, хаця і капейка лішняя нікому не перашкаджала. Сяляне ведалі, што непатрэбнае для іх вельмі неабходнае для іншых, скажам, для той жа прамысловасці.
А ў каго, скажыце, з нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў было паняцце выкідваць сухое галлё ці лісце? Першае спаляць, а другое закапаюць, каб перагнівала. Вясной — угнаенне цудоўнае. А цяпер мы ўсё і ўся — у сметнік.

7.

Праўда, ёсць рэчы, якія і сюды выкідваць катэгарычна забараняецца. Да прыкладу, медыцынскія адходы і іншыя віды паталагічных матэрыялаў: медсістэмы, флаконы, ампулы, пратэрмінаваныя лекавыя прэпараты, ампутаваныя часткі чалавечых цел і інш.
Каб высветліць, як абыходзяцца з імі, мае кампаньёны падказваюць канкрэтныя адрасы: раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ці адміністрацыя цэнтральнай райбальніцы. Выбіраю другі. Галоўная медыцынская сястра цэнтральнай райбальніцы Людміла Каржоўнік тлумачыць:
— Згодна з патрабаваннямі Пастановы Савета Міністраў нашай рэспублікі ад 22 снежня 2009 года № 1677 усе медыцынскія сістэмы, шпрыцы і таму падобнае пасля выкарыстання папярэдне абавязкова дэзынфіцыруюцца, і мы іх здаем на перапрацоўку. Раней іх забірала адно з перапрацоўчых прадпрыемстваў горада Лагойска, цяпер — таварыства з абмежаванай адказнасцю” Химвтортрейд” горада Пінска.
— А ампутаваныя часткі чалавечых цел?
— Іх мы адпраўляем у Брэсцкае паталага-анатамічнае бюро, дзе яны ў абавязковым парадку даследуюцца, а пасля іх спальваюць у муфельнай печы.

8.

Прызнаюся, што многае з незразумелага ці невядомага да гэтага часу высветліла і для сябе. І зрабіла вывад, што сістэма перапрацоўкі, сартавання, захавання, спальвання адходаў у нашай краіне развіваецца вельмі хутка. Зноў жа газета ”Рэспубліка” паведаміла, што цяпер распрацоўваецца праект па сартаванні і спальванні касметычных адходаў. А крыху раней былі створаны пункты прыёму батарэек. У будучым будзе пашыраны пералік медыцынскіх адходаў, якія можна будзе спальваць. Таму хочацца верыць, што з развіццём сістэмы будуць расці і наша свядомасць, культура ў адносінах да экалогіі, мы будзем разумна абыходзіцца з адходамі і правільна ўтылізаваць іх, думаць, каб не шкоду навакольнаму асяроддзю наносіць, а быць яго надзейным і клапатлівым сябрам.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымках: агульны выгляд палігона цвёрдых камунальных адходаў; рабочы ўчастка абясшкоджвання адходаў КУШВП ЖКГ ”Маларыцкая ЖКГ” Валянцін Панасюк.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 29 от 20.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://winnerlex.com.ua

220km.net

Был найден мной интересный web-сайт со статьями про икси.