Сем пялёсткаў рамонку

Сям’я – гэта маленькая краіна, у якой свае межы, традыцыі і сімвалы. Вывучыць гісторыю сямі такіх вось асаблівых “краін”, якіх аб’ядноўвае адзіны статус “прыёмная сям’я”, было нялёгкай задачай для журы раённага конкурсу замяшчальных сем’яў “Сэрца аддаю дзецям”, які арганізавалі спецыялісты сацыяльна-педагагічнага Цэнтра і сектара аховы дзяцінства раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. Сімвалам свята стаў рамонак – сціплая, чыстая кветачка, якая сімвалізуе шчырасць, дружбу, любоў і яднанне. 

Мелодыя пачынаецца з ноты, вялікая рака – з маленькай крынічкі, а шчаслівая сям’я – са з’яўлення ў ёй дзіцяці. Сваю гісторыю аб’яднання ў адно цэлае пад назвай “сям’я” стараліся расказаць канкурсанты – бацькі і прыёмныя дзеці, у першых конкурсных заданнях. Прэзентацыі і відэаролікі знаёмілі з ладам жыцця, буднямі і святамі, з якіх фотааб’ектыў выхапіў самыя яркія моманты. Дапаўненнем фотаздымкаў і відэакліпаў была “візітка” сям’і. Вядома, у кожнага свая. Дружная каманда пад назвай “Брыганціна” ў складзе Людмілы Сямёнаўны Бягеза і яе прыёмных дзетак Веранікі і Міхаіла, пакарыла ўсіх сваёй гармоніяй: маму і дзяцей аб’ядноўваў нават адзін колер адзення. Два Ільі, Анжаліка, Сяргей, Альберт, Карына і Раман, якія выхоўваюцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, выйшлі на сцэну са сваёй мамай-выхавальніцай Таццянай Мікалаеўнай Абрамук і зачаравалі ўсіх не толькі сваёй масавасцю, але і падрыхтаванасцю. Сям’я Лямачкаў з вёскі Збураж, у якой бацькоўскае цяпло знайшоў хлопчык Дзіма, уразіла журы багатым фоталетапісам. А вось у конкурсе мастацкіх талентаў дружна выступілі Ганна Васільеўна Калюх і яе прыёмны сын Павел. Душэўная песня ў выкананні Ганны Васільеўны стала працягам не менш прыгожага верша пра сям’ю, які прачытаў Павел. Таленты сям’і Сілюк з в. Брадзяцін дэманстравала прыёмная дачка Ангеліна, якая праспявала песню пра маму. Ад сям’і Заінчкоўскіх з вёскі Гвозніца, дзе выхоўваюцца хлопчыкі Валянцін і Вадзім, смеласць прадстаўляць таленты сям’і ўзяў на сябе Валянцін. А ў сям’і Лук’янчук прыёмную маму, Любоў Данілаўну, падтрымала дачка Яна.
Прыёмныя сем’і дружна спраўляліся з няпростымі заданнямі: паказвалі ў невялікай інсцэніроўцы, як вырашаюцца ў доме розныя складаныя сітуацыі, і знаходзілі выйсце з канфлікту бацькоў і дзяцей. А журы строга і справядліва ацэньвала ўсе “плюсы” і “мінусы” канкурсантаў. У выніку самай згуртаванай, вясёлай і актыўнай была прызнана сям’я з дзіцячага дома сямейнага тыпу. Прызёрамі конкурсу замяшчальных сем’яў сталі сем’і Валянціны Сямёнаўны Лямачка і Людмілы Сямёнаўны Бягеза.
Сам конкурс, мэта якога не толькі вызначыць лепшую сям’ю, але і даць магчымасць прыёмным бацькам пагутарыць, абмяняцца прафесійным вопытам, пераняць лепшае ад іншых, стаў для ўсіх сапраўдным святам. Зрабіць праграму святочнай дапамаглі танцавальныя і музычныя нумары калектываў і салістаў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, на базе якога і праходзіла мерапрыемства. А завяршылася яно калектыўным фотаздымкам, на якім шчырыя ўсмешкі дзяцей – гэта сведчанне таго, што чужых дзяцей не бывае і добрае сэрца можа падарыць любому дзіцяці радасць.
Святлана МАКСІМУК.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 29 от 20.04.16г.

 

Добавить комментарий


купить дистиллятор

www.farm-pump-ua.com/primobolan.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!