Маніторынг законнасці

Старшыня  Камітэта  дзяржаўнага  кантролю па  Брэсцкай вобласці Дзмітрый Баско і пракурор Брэсцкай вобласці Віктар Клімаў правялі ў райвыканкаме сумесны выязны прыём жыхароў Маларыцкага раёна. 

Сустрэўшыся з імі, можна было не толькі папрасіць садзейнічання ў вырашэнні праблемнага пытання, але і паведаміць аб фактах парушэння заканадаўства і выпадках безгаспадарчасці, абмеркаваць работу службовых асоб мясцовай вертыкалі ўлады, кантралюючых і назіральных органаў. На прыём да Дзмітрыя Вікенцьевіча і Віктара Дзміт­рыевіча запісаліся 9 чалавек. Тэматыка зваротаў была разнастайная: і прыватызацыя жылля, і парушэнні ў сферы аказання паслуг, і спрэчныя пытанні пры назначэнні пенсіі, і крадзяжы, і былыя крыўды, і многае іншае. Да прыкладу, двое маларытчан — Сяргей Пятровіч і Галіна Віктараўна — прыйшлі на прыём з падобнымі па сваёй сутнасці пытаннямі. Кожны з іх аформіў даку­менты на прыватызацыю жыл­ля. Завышаная, на іх думку, сума ацэнкі кватэры вельмі ўразіла. Да старшыні Камітэта дзяржкантролю вобласці і пракурора вобласці звярнуліся яны з надзеяй, што будуць выяўлены памылкі ў разліках. Як адзначаў Дзмітрый Баско, жыллёвыя пытанні найчасцей узнімаюць людзі, якія прыходзяць на прыём. І хутчэй за ўсё разлікі былі праведзены правільна, але, каб не заставалася ў заяўнікоў сумненняў у тым, што правы іх не парушаны, усе дакументы будуць пераправераны.
Мікалай Піліпавіч, старшыня аднаго з жыллёва-будаўнічых кааператываў горада, звярнуўся са скаргай на тое, што арганізацыя, якая займае ў доме па­мяш­­канні на долевым удзе­ле, адмаўляецца ад фі­нансавання рамонтных работ, якія выконваюць сваімі сіламі і за свае сродкі члены кааператыва. Яму было рас­тлумачана, што арганізацыя, якая прымала ўдзел у долевым будаўніцтве жылля, з’яўляецца раўнапраўнай юрыдычнай асобай, як і сам жыл­лёва-будаўнічы кааператыў. А таму таксама абавязана прымаць удзел у фінансаванні рамонтных работ, што праводзяцца ў доме, але толькі на падставе законных дагавораў. А гэта значыць, што рамонтныя работы ў доме павінны праводзіць афіцыйныя бу­­­­даўнічыя арганізацыі з афармленнем усіх неабходных дакументаў.
Пытанне яшчэ аднаго заяў­ніка датычылася падключэння да пабудаванага дома элект­раэнергіі. Праблема з падключэннем узнікла з-за таго, што работы па электрыфікацыі дома былі зроблены з парушэннямі. Паколькі іх выконвала прыватная асоба, якая, ўзяўшы грошы, адмовілася давесці справу да канца, а дакументаў, якія б пацвярджалі, што дагавор на аказанне паслуг па электрыфікацыі дома быў заключаны, няма, адзінае, што параілі гаспадару, — вы­канаць усе прадпісанні энергаінспекцыі і, у будучым, не давяраць такія адказныя і небяспечныя работы прыватным асобам.
Прыём доўжыўся чатыры гадзіны. За гэты час было вы­слухана нямала праблемных пытанняў. Па тых з іх, што не патрабуюць дадатковага вывучэння, заяўнікі атрымалі тлумачэнні, парады. Частка пытанняў будзе знаходзіцца на кантролі ў пракуратуры і Камітэце дзяржаўнага кантролю.
Практыка сумесных выязных прыёмаў, як адзначалі і Дзмітрый Баско, і Віктар Клімаў, карысная тым, што дапамагае хутчэй вырашаць праблемы, з якімі прыхо­дзяць людзі. Акрамя таго, прыёмы грамадзян даюць магчымасць прасачыць за дзейнасцю мясцовай улады і, калі пытанне сапраўды заслугоўвае ўвагі, прастымуляваць больш хуткае яго вырашэнне. Але важна, каб усе нязначныя праблемы вырашалі менавіта на мясцовым узроўні.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час прыёму грамадзян пракуро­рам вобласці Віктарам Клімавым і старшынёй Камітэта дзяржаў­нага кантролю па Брэсцкай вобласці Дзмітрыем Баско.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА

Опубликовано ГЧ № 30 от 23.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


на сайте

learn more

www.karter-kiev.net/zaschity-kartera/renault-70.html