Новы ўзровень абслугоўвання

У адну нагу з часам павінна крочыць сфера абслугоўвання. Сёння большасць магазінаў, як прадуктовых, так і гаспадарчых тавараў, пераходзіць на работу па метаду самаабслугоўвання. Гэта зручна як для спажыўца, так і для работнікаў гандлёвай кропкі. Цяпер у горадзе засталося ўсяго некалькі магазінаў райспажыўтаварыства, дзе чалавеку, каб вызначыцца з пакупкай, трэба спачатку адстаяць чаргу. Пасля рамонту на новы ўзровень абслугоўвання перайшоў і магазін “Родны кут” па вул. Савецкай, які маларытчане ведаюць як “Погляд”.

Акрамя таго, што пасля касметычнага рамонту абнавіўся знешні выгляд магазіна, у гандлёвай кропцы ўстанавілі новае неабходнае для захоўвання прадуктаў халадзільнае абсталяванне і прыгожыя вітрыны. Тавар на іх цяпер выкладзены адпаведна з асноўнымі правіламі маркетынгу. Гэта неабходна, каб чалавеку было лёгка арыентавацца ў гандлёвай зале. Пашырыўся і асартыментны пералік тавараў. Ёсць у магазіне мясная і рыбная секцыі, каўбасы, малочная і хлебабулачная прадукцыя, у тым ліку райспажыўтаварыства. Больш стала і кандытарскіх вырабаў, у прыватнасці цукерак.
— Вельмі зручнай для пакупнікоў з’яўляецца магчымасць самааб­слугоўвання, дзякуючы якой без дапамогі прадаўца можна паглядзець тэрміны прыдатнасці, пазнаёміцца з саставам любога прадукта, што немалаважна, бо многія аддаюць перавагу здароваму ці дыетычнаму харчаванню. Гэта дазваляе таксама пазбегнуць чэргаў: пакуль адзін чалавек выбірае пакупкі, іншага ўжо разлічваюць на касе, – расказвае пра магазін яго загадчыца Святлана Анатольеўна Вягера.
Сапраўды, магазін пасля яго адкрыцця не параўнаць з былым “Поглядам”. Уся прадукцыя выкладзена перад пакупніком, да паліц зручна падысці, каб вызначыцца з выбарам, асартымент разнастайны, цэны прадстаўлены ў двух эквівалентах: тым, што дзейнічае зараз, і тым, што будзе пасля дэнамінацыі.
Як расказала Святлана Ана­тольеў­на, калектыў магазіна новы, але ўсе прадаўцы кваліфікаваныя, вопытныя. Ветліва ставіцца да пакупнікоў, дапамагаць ім, калі трэба, зрабіць выбар, абяцаюць чатыры прадаўцы. Гэта Наталля Бабраўнічэя, Алена Амеліна, Алена Патоцкая і Неаніла Ківачук.
Будуць радаваць пакупнікоў і акцыі, у час адкрыцця магазіна, дарэчы, на многія віды тавараў былі зроблены скідкі. А ў хуткім часе ў будынку гандлёвай кропкі пачне працаваць яшчэ адзін аддзел.
Дар’я ЛУЦЫК.
На здымку: калектыў абноў­ле­нага магазіна “Родны кут”.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 31 от 27.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий