Марафон Мужнасці на Маларытчыне

    Амаль 75 гадоў мінула з таго чэрвеньскага дня, калі на нашу Радзіму абрушылася нечаканая, жорсткая і бязлітасная вайна. За трыма словамі – Вялікая Айчынная вайна — стаяць боль, страты, разбурэнні, і ў той жа час адвага, мужнасць, радасць вялікай Перамогі. Каб памяць пра людзей, якія, не шкадуючы сіл і сваіх жыццяў, ваявалі, перажылі жах вайны і змаглі выжыць, а таксама  пра тых, хто не вярнуўся з вайны, жыла вечна, штогод напярэдадні 9 Мая і 22 чэрвеня праводзіцца шмат патрыятычных акцый і мерапрыемстваў. Адно з іх – абласны патрыятычны праект «Марафон Мужнасці», удзельнікамі якога сталі актывісты Брэсцкага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і ваеннаслужачыя Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага.

Удзельнікі Марафона Мужнасці, якія 14 красавіка зрабілі прыпынак на Маларытчыне, прайшлі многімі дарогамі Брэстчыны. У кожным з раёнаў, дзе яны былі, прайшлі маладзёжныя працоўныя дэсанты на мемарыялах, сустрэчы з ветэранамі, мітынгі і канцэрты. Надзвычай насычанай была і праграма патрыятычнага праекта ў нашым раёне. Адкрыццё акцыі адбылося за вёскай Лешніца, на месцы пахавання сям’і Андрэя Мітрафанавіча Кіжаватава, начальніка 9-й пагранічнай заставы 17-га Чырванасцяжнага пагранічнага атрада, якая ў чэрвені 1941 года абараняла дзяржаўную мяжу Савецкага Саюза. Як адзначаў Валерый Шукан, намеснік камандзіра Брэсцкай пагранічнай групы па ідэалагічнай рабоце, трагічным быў лёс 16 тысяч пагранічнікаў, якія абаранялі заходні накірунак. Толькі тры тысячы пагранічнікаў змаглі выжыць, іншыя прапалі без вестак ці загінулі. Помнік, ля якога агульнымі намаганнямі навялі парадак пагранічнікі разам з моладдзю, нагадвае аб тым, што вораг не шкадаваў ні жонак, ні дзяцей абаронцаў Айчыны. А абавязак сённяшняга пакалення пагранічнікаў, а таксама маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў — захаваць памяць пра подзвіг нашага народа і падтрымліваць у добрым стане месцы пахаванняў. Разам з удзельнікамі праекта ўшанаваць памяць сям’і Кіжаватавых прыехалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Фёдаравіч Сацюк і Мікалай Пятровіч Наўрось, а таксама старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Соф’я Лаўрэнцьеўна Якубчык.
Курган Славы ў памяць аб воінах 75-й стралковай дывізіі 4-й арміі, які знаходзіцца ля вёскі Хаціслаў, стаў месцам правядзення мітынгу. Да яго былі ўскладзены кветкі. Мясцовы гісторык Пётр Ківачук, які кіруе музеем у Мельніцкай базавай школе, расказаў, што помнік быў узведзены ў 1970 годзе ў знак памяці пра бой, што адбыўся тут на трэці дзень вайны. Па дадзеных разведкі, нямецкі артылерыйскі полк размясціўся непадалёк ад месца цяперашняга помніка. Нашы абаронцы вырашылі ісці ў наступленне. Кровапралітны рукапашны бой доўжыўся 8 гадзін. Па словах Пятра Іванавіча, – гэта першы вялікі промах фашысцкіх захопнікаў, якія дагэтуль не неслі такіх маштабных страт. Былі забіты каля 300 немцаў, але не менш загінула і нашых салдат. Цяпер ля Кургана Славы пахаваны астанкі 25 невядомых салдат. Астанкі 21 з іх былі знойдзены ў час сумесных расійска-беларускіх пошукавых аперацый, якія праводзіліся ў мінулым годзе.
У час мітынгу першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Аляксей Дзямінскі расказаў, што, акрамя праекта “Марафон Мужнасці”, цяпер у вобласці праходзіць яшчэ адна важная патрыятычная акцыя “Тут жыве ветэран”. Пачынаючы з 23 лютага, прадстаўнікі адміністрацый раёнаў, грамадскіх арганізацый, валанцёры БРСМ, піянеры наведваюць ветэранаў і ўдзельнікаў вайны і замацоўваюць на іх дамах шыльдачкі з надпісам: “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!”, выраб якіх прафінансавала грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд міру”. У нашым раёне да Дня Перамогі яны з’явяцца на дамах 23 ветэранаў. У час Марафону Мужнасці яго ўдзельнікі наведалі ветэрана з Хаціслава – Сяргея Васільевіча Харыка. Цяпер і на яго доме з’явілася патрыятычная шыльдачка, каб усе, асабліва моладзь вёскі, ведалі, дзе жывуць людзі, якія дзякуючы сваёй вялікай сіле духу падарылі нам мір і спакой. У час мітынгу стартавалі таксама традыцыйны аўтапрабег “Памяць” і месячнік абаронна-патрыятычнай работы, які штогод напярэдадні свята Перамогі праводзіць Кобрынска-Маларыцкае добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту сумесна з раённым камітэтам ГА “БРСМ”.
Наступнай кропкай на маршруце Марафону Мужнасці стаў аддзел пагранічнай службы “Маларыта”, дзе прайшлі экскурсія і сустрэча з ваеннаслужачымі. Моладзь пазнаёмілася з бытам салдат, убачыла, дзе і як праходзяць трэніроўкі пагранічнікаў, асаблівую цікавасць у маладога пакалення выклікаў гадавальнік службовых сабак. Даведаліся ўдзельнікі праекта і аб поспехах пагранічнікаў. Напрыклад, за 2015 год аддзелам пагранічнай службы “Маларыта” затрымана 318 парушальнікаў пагранічнага заканадаўства.
Завяршыў Марафон Мужнасці канцэрт у Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. У ім разам зліліся чароўныя гукі духавых інструментаў узорна-паказальнага аркестра Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага з галасамі салістаў аркестра і творчага калектыву цэнтра “Арт Піпер” з Брэста.
Дар’я ЛУЦЫК.
На здымках: у час абласнога патрыятычнага праекта “Марафон Мужнасці” на Маларытчыне.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ  № 31 от 27.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.