Модны і мэтазгодны здаровы лад жыцця

«Вертыкальныя» спаборніцтвы. Дзень першы.
У мінулыя выхадныя Маларыта жыла спортам. Тут праходзіла ХІ спартакіяда “Вертыкаль” сярод работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў улады Брэсцкай вобласці. У традыцыйных спаборніцтвах на гэты раз прынялі ўдзел 20 каманд гаррайвыканкамаў і зборная абласнога выканаўчага камітэта. Пераможцы вызначаліся ў агульных і асабістых заліках у 9 відах спорту – міні-футболе, валейболе, шашках, шахматах, настольным тэнісе, дартсе, стральбе, плаванні (эстафета праходзіла ў басейне “Лазурный” г. Брэста). “Цвіком” спаборніцтваў стала веласіпедная эстафета на чале з губернатарам вобласці Канстанцінам Сумарам. Змяніўшы дзелавое адзенне на спартыўную форму, прадстаўнікі органаў улады на чале з кіраўнікамі раёнаў дэманстравалі  сваю фізічную і спартыўную падрыхтоўку.

11.20. На пляцоўцы перад спарткомплексам і на вуліцы Паўднёвай мнагалюдна. Прыўзняты святочны настрой стварае Брэсцкі гарадскі аркестр духавой і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля.
Сярод ганаровых гасцей – Канстанцін Сумар, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта; Казімір Лапіч, старшыня Маларыцкага райвыканкама; Ніна Федарук, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ; Мікалай Хевук, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму абл­выканкама і інш. Губернатар вобласці адкрывае спаборніцтвы. У сваім выступленні Канстанцін Андрэевіч сказаў аб тым, што традыцыйная спартыўная «Вертыкаль» – яскравае пацвярджэнне палітыкі, якую праводзіць дзяржава. Кіраўніцтва робіць усё, каб работа і спорт былі ў радасць людзям. За 2-3 гады, па словах старшыні аблвыканкама, плануецца пабудаваць новыя спартыўныя аб’екты (Лядовыя палацы, басейны) у многіх раённых цэнтрах. Ужо, напрыклад, вядуцца работы ў Івацэвіцкім раёне, хутка будзе распачата будаўніцтва ў Столінскім, Ганцавіцкім, Ляхавіцкім раёнах. Перспектывы – выдатныя, было б жаданне займацца спортам. За гады правядзення спартакіяды высокіх вынікаў не дасягнута, але, перакананы губернатар, гэта не самае важнае. Галоўным з’яўляецца тое, што падчас такіх спаборніцтваў праяўляецца характар і фарміруецца калектывізм, які так неабходны ў паўсядзённай працы.
Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама, шчыра падзякаваў абласной уладзе ад імя маларытчан за выдатны падарунак гораду і раёну. Казімір Віктаравіч перакананы, што галоўная мэта “Вертыкалі” – прапаганда здаровага ладу жыцця асабістым прыкладам. Спартакіяда якраз такі прыклад павінна зрабіць надзвычай яркім, пераканаўчым, запамінальным і вартым пераймання. Спорт – лепшыя лекі ад стрэсаў і іншых сучасных хвароб. А грамадству патрэбны здаровыя людзі. Кожны  сам яго гаспадар, аднак задача ўлады дапамагчы ўсім нам усвядоміць сваю каштоўнасць. Здаровы чалавек, як вядома, імкнецца актыўна прымаць удзел у жыцці грамадства, жыве яе інтарэсамі, неабыякавы да тых працэсаў, што адбываюцца ў краіне. І чым больш такіх лю­дзей, тым лепш.
Затым дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах у знак гасціннасці ўручаюць губернатару і капітанам каманд хлебныя караваі.
Пасля адбываецца першая экскурсія па спартыўным комплексе, які хутка ўступіць у строй. Усе ўражаны ўбачаным, асабліва – універсальнай спартыўнай залай памерам 45х24х7м, якая прызначана для вучэбна-трэніровачных заняткаў па валейболу, баскетболу, гандболу і тэнісу. Згодна з дакументацыяй,  яго прапускная здольнасць — 73 чалавекі ў змену. Больш чым на 5 хвілін губернатар затрымаўся і ў зале індывідуальнай сілавой падрыхтоўкі,  а некаторыя трэнажоры выпрабаваў нават сам. Канстанцін Сумар канстатаваў, што такому комплексу могуць пазайздросціць нават жыхары абласнога цэнтра. Галоўная задача на перспектыву – запоўніць спартыўнае збудаванне, неабходна зрабіць так, каб яно не пуставала, а ператварылася ў сапраўдную кузню здароўя.
Потым старшыня абл­выканкама наведаў раённую гімназію. Тут ужо адбываліся спаборніцтвы па стральбе, шахматах і шашках. Канстанцін Сумар паспрабаваў свае сілы ў дартсе і настольным тэнісе.
А ў спартыўным комплексе стартавалі спа­борніцтвы. Першая ў гісторыі гульня. Яе распачалі валейбалісты Баранавіч і Кобрынскага раёна. Сабралася многа балельшчыкаў, якія прышлі “пахварэць” за ўсіх. Затым адбыліся папярэднія гульні па міні-футболу. Завяршыўся першы дзень спартакіяды  эстафетай па плаванню.
Р.S. У склад каманды “Вертыкаль” Маларыцкага раёна ўвайшлі: Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама; Вадзім Шпетны, намеснік старшыні; начальнікі аддзелаў – Андрэй Гарбацэвіч, Генадзь Германюк і Аляксандр Га­лоўчык…
У фае спартыўнага комплексу ААТ “Маларыцкі кансервавага­роднінасу­шыльны камбінат” разгарнуў сваю своеасаблівую выставу-дэгустацыю. Усе наведвальнікі маглі паспрабаваць і ацаніць 10 новых відаў прадукцыі, якая асвоена прадпрыемствам ужо ў гэтым годзе.
Мікалай НАВУМЧЫК.

“Вертыкальныя” спаборніцтвы. Дзень другі.
24 кастрычніка,   у другі і заключны дзень спартакіяды, у спарткомплексе гарадскога парку балельшчыкі маглі назіраць фінальныя матчы гульняў па валейболу і міні-футболу.
На вуліцы, ля цэнтральнага ўваходу ў га­радскі парк, старшыні гаррайвыканкамаў, аблвыканкама паказалі сваю спрытнасць, пераадольваючы паласу перашкод на веласіпедах. Фігурнае катанне дазваляла выка­рыстоўваць веласіпеды розных канструкцый. Ад гэтага язда была больш відовішчнай. Паспрабуйце на высокім веласіпедзе, да прыкладу, фінішаваць, не збіўшы кій (адна з перашкод)?
У спартыўнай зале раённай гімназіі 20 каманд з усёй вобласці аспрэчвалі званне мацнейшага ў настольным тэнісе. Сярод іх і каманда Маларыцкага раёна. Нашы, пасля падвядзення вынікаў у агульнакамандным заліку, былі на чацвёртым месцы.
А першае дасталася тэнісістам з Лунінца, другое – з Баранавіцкага раёна, трэцяе – з Брэсцкага раёна.

У гімназіі праходзілі спаборніцтвы па стральбе,  дартсу,  шашках і шахматах.
Каманда Маларыцкага раёна добра выступіла ў шашачных турнірах. Яна была другой,  крыху  абышлі нашых шашысты з аблвыканкама, трэцяе месца заняла каманда з Івацэвіч.
А вось у спаборніцтвах па шахматах маларыцкая каманда стала толькі трынаццатай. Каралём шахмат зноў была каманда аблвыканкама. Другое і трэцяе месцы заваявалі шахматысты з Івацэвіч і Баранавіч.
Самае дынамічнае, на мой погляд, спаборніцтва прайшло ў 13 гадзін – веласіпедная эстафета, якая праходзіла на вуліцы Савецкай. Балельшчыкі “акупіравалі” тратуары ўздоўж цэнтральнай вуліцы.
Удзельнікі трэніруюцца… Галоўны суддзя Мікалай Хевук аб’яўляе, колькі часу засталося да старту.
20 хвілін да старту, 10, 5…
Эстафета праходзіла ў 4 этапы: першымі стартавалі мужчыны – на­чальнікі аддзелаў. Праехаўшы пэўную адлегласць, яны перадалі эстафету калегам-жанчынам, таксама начальнікам аддзелаў.
Далей на старт выйшлі намеснікі старшынь. А апош­німі мераліся сіламі ў хуткасці старшыні. У першым заездзе выйграла каманда з Брэсцкага раёна, у другім – з Брэсцкага аблвыканкама. Яна і стала пераможцай эстафеты.
А вось што расказалі аб эстафеце самі яе ўдзельнікі:
— Станіслаў Лінкевіч, каманда Пінскага райвыканкама:
— У такіх спаборніцтвах удзельнічаю другі раз. Узровень высокі. Нагрузка вялікая, вельмі спадабалася. Усё добра. А вось горад, на жаль, паглядзець не ўдалося, бо начавалі ў Брэсце.
Завяршыліся “вертыкальныя” спаборніцтвы ў актавай зале гарадскога Дома культуры канцэртам народнага ансамбля народнай песні «Рыцкі куфэрак»,  узнагароджаннем пераможцаў і прызёраў.

Сталі вядомыя вынікі гульняў па валейболу і міні-футболу. Так, 4 нашы футбалісты: Вадзім Шпетны, Андрэй Гарбацэвіч, Генадзь Германюк і Аляксандр Галоўчык атрымалі медалі за ганаровае другое месца.
Па словах Андрэя Гарбацэвіча, да фінішу ў спаборніцтвах такога ўзроўню каманда ніколі не даходзіла.
Узнагароджваў усіх прызёраў-удзельнікаў Канстанцін Сумар, старшыня аблвыканкама. З яго рук узнагароду атрымаў і Казімір Лапіч.
А сам Канстанцін Сумар быў узнагароджаны як прадстаўнік каманды аблвыканкама – самай згуртаванай, на думку суддзяў.
Хрысціна АЛЕСІК.
НА ЗДЫМКАХ: імгненні спартакіяды «Вертыкаль-2010».
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА,  Мікалая НАВУМЧЫКА і Хрысціны АЛЕСІК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://220km.net

посмотреть

http://np.com.ua