Ля штурвала калектыву

Быць кіраўніком, стаяць ля штурвала свайго калектыву, удала спалучаць эканоміку арганізацыі з клопатам і ўвагай да сваіх падначаленых – роля адна з самых складаных. А калі ты малады, і гэта твой першы вопыт кіраўніка – задача ўскладняецца ў некалькі разоў.

Аднак, калі ў вачах запал і адчуваецца падтрым­ка калег, – усё магчыма. Сваім прыкладам гэта даказ­вае Алена Данілюк, загадчыца УА ”Чарнянскі дзяржаўны дзіцячы сад”. Як здольнага маладога кіраўніка яе характарызуюць у аддзеле адукацыі, спорту і турызму, а чысціня і добраўпарадкаванасць на тэрыторыі сада, цёплая атмасфера ў калектыве, добра арганізаваныя гаспадарчы і навучальны працэсы сведчаць аб тым, што давер, які быў аказаны маладой выхавальніцы больш чым два з паловай гады таму, яна апраўдала. Абраць прафесію выхавальніцы Алене дапамаглі два фактары. Перш за ўсё, бязмежная любоў да дзяцей, а таксама схільнасць да філалагічных дысцыплін, якая спадарожнічала дзяў­чы­не ў час навучання ў маларыцкай сярэдняй школе № 1. Калі Алена вызначылася з будучай прафесіяй, яе выбар бацькі падтрымалі. Быць настаўнікам, весці дзя­цей да ведаў, асабліва на першай прыступцы навучання, на іх думку, справа вельмі адказная і важная. Пяць гадоў у вышэйшай навучальнай установе, а паступіла Алена на факультэт дашкольнай адукацыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пуш­кіна, праляцелі хутка і далі шмат тэарэтычных ведаў па яе спецыяльнасці. Асабліва цікавымі для студэнтаў былі месяцы практыкі, калі выпадала магчымасць паспрабаваць сябе ў будучай прафесіі.
Размеркавалі маладую выха­вальніцу ў дзіцячы сад у вёску Ра­дзеж. Аднак на той час Алена з мужам ча­калі ўжо з’яўлення на свет першынца. Гэта была дачушка. Праз год нарадзіўся і сынок. Таму першы свой выхавальніцкі вопыт малады спецыяліст адшліфоўвала на сваіх жа дзецях. Калі настаў час выходзіць на работу, Алене прапанавалі месца выхавальніка ў Да­рапеевіцкіх яслях-садзе.
— Я і цяпер памятаю сваю першую групу дзяцей. Пачатковы вопыт заўсёды скла­даны, але і самы ціка­вы. Калі толькі прыйшла ў садок, у ім была адна рознаўзроставая група дзетак ад 2 да 6 гадоў. Нялёгка было арганізаваць працэс навучання і адпачынку, бо ў дзяцей розныя інтарэсы, да кожнага трэба было знайсці свой падыход. Каштоўнасць прафесіі педагога ў тым, што ўзнікае цесная сувязь з лёсам дзетак, якіх вучыў, прыемна бачыць іх поспехі і разумець, што і ты перадаў дзіцяці часцінку сваёй душы, — гаворыць Алена Данілюк.
На пытанне, якую падтрымку ёй важна было атрымаць як маладому спе­цыялісту, Алена адзначае, што патрэбны былі паразуменне, жаданне калег прыйсці на дапамогу і давер. І ўсё гэта яна змагла атрымаць на сваім першым рабочым месцы. Першы вопыт, адаптацыя да прафесіі, калектыву, у многім, на думку Алены, вызначаюць далейшы энтузіязм у рабоце і поспех у ёй.
Прапанова стаць загадчыцай дзіцячага сада ў Чарнянах для Алены Данілюк была нечаканасцю. Хвалявалі думкі: “Ці спраўлюся, ці змагу апраўдаць аказаны давер?”. Спачатку, вядома, як шчыра прызнаецца Алена, было складана. Але ўдалося наладзіць кантакт з ка­лектывам, а ў падначаленні маладога кіраўніка 13 работнікаў, два з якіх педагогі-сумяшчальнікі. Да кожнага трэба было знайсці падыход, улічваючы іх прынцыпы, амбіцыі, вызначыць правільны алгарытм супрацоўніцтва. А яшчэ Алена Данілюк хвалявалася, каб планка, узятая папярэднім кіраўніком сада, не апускалася, а імкнулася ў вышыню.
— На новым месцы мне трэ­­ба было самаўдасканальвацца, развівацца. Раней даво­дзілася адказваць толькі за дзяцей, цяпер жа трэба было думаць пра калектыў, адукацыйны працэс і гас­падарчую работу, ахову працы, арганізацыю харчавання і многае іншае. Вывучала заканадаўчую базу, нарматыўныя акты ў адукацыйнай сферы.
Важным пунктам у сваёй рабоце загадчыца дзіцячага сада лічыць узаемадзеянне з бацькамі. У апошні час вострай стала праблема сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. З мэтай выяўлення ранняй сацыяльнай рызыкі работнікі сада наведваюць дамы сваіх выхаванцаў. Шмат увагі надаецца і сумеснай з бацькамі рабоце па развіцці творчых здольнасцей дзяцей.
Шмат увагі надае ма­ла­ды кіраўнік і до­бра­ўпа­радкаванню тэрыторыі сада. Як расказвала сама, многія цікавыя кампазіцыі зроблены рукамі работнікаў сада ў апошнія гады. Летась з дапамогай ААТ “Чарняны” змаглі добраўпарадкаваць ганкі, пешаходныя дарожкі. Сёлета запланаваны рамонт агароджы, які таксама будзе праводзіцца з дапамогай спонсараў. Алена заўважае, што многія сельгаспрадпрыемствы раёна адгукаюцца на просьбы. Гэта датычыцца і нарыхтоўкі гародніны, каб патанніць харчаванне дзетак.
— Алена, якімі якасцямі, на тваю думку, павінен валодаць кіраўнік?
— Я думаю, ён павінен быць мэтанакіраваным і ініцыятыўным, адказным, чулым і справядлівым да калег. Умець прагназаваць вынікі сваёй дзейнасці, ставіць мэты і адшукваць метады іх дасягнення. А таксама быць мабільным і сучасным, не адставаць ад развіцця навукі, бо сённяшнія дзеці, як гавораць нашы выхавальнікі, адрозніваюцца нават ад тых, што былі пяць гадоў таму. Вольнага часу ў напружаным рабочым рытме амаль не застаецца. Але выхадныя Алена Данілюк абавязкова праводзіць з сям’ёй. Прычым перавага аддаецца актыўнаму адпачынку. Зараз сям’я будуе дом у Чарнянах, таму ў кожную не занятую работай гадзіну Данілюкі “звіваюць” сваё сямейнае гняздзечка.

На здымку: загадчыца УА ”Чарнянскі дзяржаўны дзіцячы сад” Алена Данілюк.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 31 от 27.04.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!