“Памяць пакаленняў”

Напярэдадні Дня Перамогі па традыцыі праводзіцца акцыя “Памяць пакаленняў” па навядзенні парадку на месцах пахаванняў на тэрыторыі старых гарадскіх могілак. Сёлета ўдзел у ёй прынялі прадстаўнікі раённага камітэта ГА “БРСМ” і пярвічак школ горада , раённага савета ветэранаў, раённага аб’яднання прафсаюзаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна і члены клуба для пажылых людзей “Незгасальны агеньчык”, які дзейнічае пры тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Дзякуючы дружнай працы моладзі і лю­дзей старэйшага пакалення былі прыведзены ў парадак брацкая магіла актывістаў, якія загінулі ад рук буржуазных нацыяналістаў на тэрыторыі Маларыцкага раёна, месца пахавання танкістаў, што загінулі пры вызваленні Заходняй Беларусі 28 верасня 1939 года (у тым ліку камандзір танкавага батальёна Цімафей Гаўрылавіч Несянюк), магіла камсамольца-партызана Аляксея Мікалаевіча Юшчука, які загінуў у 1943 годзе ад рук фашыстаў.
У той жа дзень працоўны дэсант прад­стаўнікоў розных грамадскіх аб’яднанняў вы­садзіўся і ля помніка, які ўстаноўлены на месцы расстрэлу ў 1941 годзе 2800 мірных жыхароў Маларыты і яўрэяў Маларыцкага гета.
Падобныя акцыі і мерапрыемствы аб’яд­ноўваюць моладзь і людзей старэйшага пакалення адной мэтай – заставацца вернымі сваёй гісторыі, быць уважлівымі і захоўваць памяць…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час акцыі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 32 от 30.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.