Камсорг Галіна

Пасля заканчэння школы яна праца­вала ў мясцовым кал­­гасе памочнікам брыгадзіра і ўзна­­чаль­вала камса­моль­с­кую арганізацыю гаспа­даркі.

Успамін пра той час сёння выклікае ў жанчыны светлую настальгію аб незваротным. Хоць і бядней тады было ў матэрыяльным плане, і працаваць даводзілася цяжэй, затое жылі яны намнога весялей і былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Радаваліся будаўніцтву новых дамоў, спраўлялі вяселлі амаль ці не ўсёй вёскай, якую штораніцы абуджалі шматлікія спевы пеўняў і мычанне кароў, віншавалі маладых бацькоў са з’яўленнем папаўнення ў сем’ях. Кожны дзень людзі спяшаліся на работу: даяркі і цялятніцы — на ферму, механізатары — у поле, а вясковая інтэлігенцыя – у школу, клуб, калгасную кантору. А вечарамі моладзь збіралася ў клуб на танцы ці паглядзець цікавы фільм. Там жа, хоць і жылі ў адной вёсцы, хлопцы і дзяўчаты знаходзілі свае другія палавінкі, стваралі сем’і. Жыццё ў вялікай вёсцы віравала. І здавалася тады, што так будзе заўжды…

Па такім жа сцэнарыі праходзіла і жыццё Галіны Супрунюк. Як гавораць, ні прыбавіць, ні ўбавіць. І ў клуб яна хадзіла з дзяўчатамі, і з Андрэем сваім, калгасным механізатарам, пазнаёмілася, а пасля і замуж за яго пайшла прыкладна гэтак жа. Было гэта яшчэ пры Саюзе. І ў калгасе, які тады, мабыць, у гонар Дня салідарнасці працоўных называўся “Першае мая”, працаваць пачала, калі вучылася ў старшых класах мясцовай школы: у час летніх канікулаў развозіла абеды ўдзельнікам нарыхтоўкі кармоў і жніва.
— У той час усе за калгас трымаліся, — распавядала Галіна Мікалаеўна, калі ў адзін з красавіцкіх дзён мы завіталі на ферму Радзеж-2, дзе з 1 лютага г.г. жанчына працуе загадчыцай. – З маладых у горад ехалі тыя выпускнікі школы, хто паступіў вучыцца ў вну, тэхнікум ці якое прафесійнае вучылішча. Астатнія заставаліся ў вёсцы. Дзяўчаты ўладкоўваліся працаваць даяркамі ці цялятніцамі, а хлопцы пасля заканчэння Маларыцкага вучылішча механізацыі і службы ў арміі — механізатарамі і вадзіцелямі. Многія стваралі сем’і і ўжо назаўсёды звязвалі сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Тым больш, што калгас для замацавання маладых ў вёсцы выдзяляў ім жыллё.

Атрымала ў свой час у гаспадарцы дом і сям’я Супрунюкоў. Але гэта было пазней, калі Галіна і Андрэй узялі шлюб і абое працавалі ў калгасе. Што ж тычыцца непасрэдна Галіны, то яна ў вёсцы засталася дзякуючы колішняму кіраўніку гаспадаркі Аляксандру Бягебе. Ён руплівую старшакласніцу прыкмеціў яшчэ, калі яна летам развозіла механізатарам абеды. Простая ў зносінах з вяскоўцамі, адказная і ініцыятыўная, яна выклікала ў людзей сімпатыю і ўнушала давер.Таму пасля заканчэння школы старшыня калгаса прапанаваў папрацаваць ёй памочнікам брыгадзіра. Маўляў, заставайся, падзаробіш крыху грошай, а там і вырашыш, як быць далей. А Галіна ўзяла і пагадзілася з прапановай кіраўніка гаспадаркі.

Так пачалася яе працоўная, а праз некаторы час і грамадская дзейнасць. Справа ў тым, што маладога і ініцыятыўнага памочніка брыгадзіра камсамольцы калгаса абралі сваім важаком. Што такое ўзначальваць маладзёжную арганізацыю ў працоўным калектыве, ведаюць толькі тыя лідары, каму даводзілася выконваць гэтае грамадскае даручэнне. А яшчэ самі камсамольцы, якіх пасля школы не тое, што на нейкае мерапрыемства, на звычайны сход цяжка было сабраць. Няпроста было і Галіне ў гэтым плане. І ўсё ж, камсорг рабіла ўсё для актывізацыі работы маладзёжнай суполкі. Хоць і не часта, але арганізоўвала хлопцаў і дзяўчат на правядзенне вясковых свят і культурных мерапрыемстваў, калгасная каманда заўсёды была актыўным удзельнікам турыстычных злётаў, самыя годныя і актыўныя юнакі і дзяўчаты разам са сваім камсоргам удзельнічалі ў раённых камсамольскіх форумах. То былі незабыўныя гады, але яны праляцелі нібы зорка, што падала з неба, пакінуўшы за сабой доўгі шлейф светлых шчымлівых успамінаў…

У Рпачатку дзевяностых гадоў мі­нулага стагоддзя, калі калгас “Пер­шае мая” ўзначальваў ужо Казімір Лапіч, а ў сям’і Супрунюкоў падрасталі дзеці , Галіна пайшла працаваць на ферму даяркай. І адразу набрала групу цялушак, якіх пасля першага расцёлу неабходна было раздойваць, а пасля перадаваць у асноўны статак. Сказаць, што гэта было няпроста, значыць, нічога не сказаць. Было неймаверна цяжка. Але даярцы, якая пачынала, пашанцавала. Яна, як прызнаецца сама жанчына сёння, трапіла ў добры калектыў, якім кіравала цудоўная жанчына . Менавіта загадчыца фермы Марыя Лагун стала для Галіны Супрунюк першай настаўніцай, калі можна так сказаць, і дарадчыцай у жывёлагадоўчай справе. Марыя Герасімаўна, па словах жанчыны, навучыла яе не толькі правільна раздойваць і даіць кароў, але і выхавала любоў да прафесіі. Ніколі не адмаўлялі ёй у дапамозе і старэйшыя, больш вопытныя, даяркі. Яны ахвотна дзяліліся з Галінай сакрэтамі жывёлагадоўчага майстэрства. І ніколі паміж імі не было ніякага саперніцтва. А ўсё таму, упэўнена Галіна Мікалаеўна, што калектыў фермы быў згуртаваны і дружны. Усе рабілі адну справу, якая была скіравана на ўмацаванне гаспадаркі. Такім жа дружным калектыў фермы, які цяпер узначальвае сама Галіна Супрунюк, з’яўляецца і зараз. Тады ж пра іх нават перадачу для тэлебачання здымалі. Але гэта так, да слова.

Ад такіх сяброўскіх узаемаадносін у калектыве і работа не здавалася такой цяжкай, і стома пераносілася лягчэй. Хоць праца даяркі ў той час і сапраўды была цяжкай. Адна раздача кармоў (у групе раздою было 33 цялушкі) уручную чаго каштавала. А жанчыне яшчэ даводзілася і напоўненыя малаком бачкі, у якія даілі кароў, цягаць. Калі на ферме з’явіліся малакаправод і кормараздатчык, працаваць стала лягчэй, хоць і абслугоўваць даводзілася ўжо групу ў 50 галоў. Лягчэй, ды толькі не прасцей, бо ўзмацніліся патрабаванні да ўтрымання і кармлення статка і, вядома ж, да якасці малака. Праз усё гэта за больш чым 23 гады работы даяркай прыйшлося прайсці Галіне Супрунюк.
І зусім не думала яна, не гадала, што, хоць і не на старасці гадоў, але ўжо знаходзячыся на заслужаным адпачынку, давядзецца ёй асвойваць яшчэ работу загадчыцы фермы. Прычым не адной, а дзвюх. Але так атрымалася. Кіраўнік гаспадаркі прапанаваў ёй работу загадчыцы, як некалі Аляксандр Бягеба памочніка брыгадзіра, і яна зноў згадзілася: а чаму не – дзеці даўно выраслі, а лішняя капейка не перашкодзіць. І давялося ёй успомніць свае колішнія арганізатарскія здольнасці камсорга. Хоць гэта зусім не адно і тое ж, і тым не менш. Я не стала цікавіцца ў кіраўніка ДзП “Радзежскае” Мікалая Якімчука, чаму менавіта Галіне Супрунюк прапанаваў ён пасаду загадчыцы фермы. Бо адказ прагучаў у словах жанчыны, якая патэлефанавала ў рэдакцыю і папрасіла напісаць у газеце пра працавічку Галіну Супрунюк. Маўляў, яна ні ў чым не саступае героям публікацый, пра якія расказвае «раёнка».

Пасля сустрэчы і размовы з жанчынай я ўпэўнілася, што гэта і сапраўды так. Сціплая ад прыроды, яна больш распавядала пра ферму і людзей, якія на ёй працуюць. На думку загадчыцы фермы №2, больш згуртаванага калектыву, чым іхні, у гаспадарцы няма. І калі б не яго падтрымка, то наўрад ці змагла б яна яго ўзначальваць. Жанчыны, з якімі да нядаўняга часу яна працавала, як гавораць, плячо ў плячо, з разуменнем аднесліся да яе назначэння на пасаду загадчыцы фермы. Хоць яна засталася такой жа простай у зносінах з імі, як і была, калі працавала даяркай. Таму сяброўкі-падначаленыя стараюцца ўсяляк падтрымаць яе. Ну а ў астатніх пытаннях: запаўненні табеляў, падлікаў, афармленні іншых папер яе асноўны дарадчык і кансультант — галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Раіса Піпко. Галіна Мікалаеўна дастала з шуфляды стала журналы і паказала, як яна робіць падлікі надояў даярак: спачатку простым алоўкам і толькі пасля праверкі – ручкай. І прызнаецца, што нялёгка ёй гэта пакуль даецца.

А Лпасля, адклаўшы іх убок, пачынае распавядаць пра свой самы дружны і згуртаваны калектыў. Даяркі Ніна Качалоўская, Вольга Капуза, Ніна Максімук, Зінаіда Дацык, пенсіянерка ўжо Ева Шульжык, Марыя Шульжык – яна прыйшла на ферму пасля школы, Ганна Сымонік, якой хутка будзе 70 гадоў, Марыя Жох, Алена Аўдзяюк, слесар Сяргей Самасюк, лабарант Наталля Дацык, тэхнік-асемянатар Надзея Тарчыла, Наталля Навумчык, якая працуе на вырошчванні цялят да 2-месячнага ўзросту і ў руках якой будучае жывёлагадоўчай галіны. Гэта яны сёння асноўныя вытворцы і здабытчыкі сельгаспрадпрыемства. Штодзённа яны прыносяць гаспадарцы жывыя грошы і ўмацоўваюць яе эканоміку.

Ну а ў Галіны Супрунюк, якая загадвае фермамі Радзеж №2 і Навалессе №3 ДзП “Радзежскае”, акра­мя жывёлаводаў, у падначаленні яшчэ 320 галоў дойнага статка, 470 га­лоў на адкорме і каля сотні цялят да 2-месячнага ўзросту. І ўсе яны патрабуюць да сябе адпаведнай увагі: якаснага і паўнацэннага кармлення, належнага ўтрымання. Задача загадчыцы забяспечыць усё гэта, бо толькі тады можна атрымаць належную аддачу. Па словах Галіны Супрунюк, з кармамі ў іх сёлета праблем няма. А ўсё таму, што кіраўнік гаспадаркі ўдзяляе вялікую ўвагу жывёлагадоўчай галіне. І надой малака ў іх цяпер не самы горшы ў раёне. Яшчэ б якасць яго палепшыць і, адпаведна, павялічыць рэалізацыю. Загадчыца фермы разумее, што гэта ўжо напрамую залежыць ад даярак і яе асабіста. Над вырашэннем гэтых пытанняў яна ра­зам са сваім калектывам і працуе. Бо не можа працаваць па-іншаму, калі ўсклала на свае плечы такую ношу. Ды і не можа яна інакш. Таму штораніцы ў любое надвор’е сядае на веласіпед і на ферму. Спачатку на адну, затым на другую. І так кожны дзень, у святы і ў будні…
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: загадчыца фермы Радзеж-2 Галіна СУПРУНЮК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 32 от 30.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


maxformer.com

http://medicaments-24.net

generico levitra