“Ёсць заказ на рабочы клас”

Штогод вясной Маларыцкі дзяр­жаўны прафесійны ліцэй сельскагас­падарчай вытворчасці арганізоўвае прома-акцыю “Будучыня краіны – у тваіх руках”, якая спалучае ў сабе маштабны экскурс у прафесіі, што дае навучальная ўстанова, і свайго роду агра-шоу для знаёмства з сучаснай тэхнікай, на якой могуць працаваць выпускнікі прафліцэя. Вось і сёлета ў час прома-акцыі Маларыцкі ліцэй наведала больш за чатыры сотні школьнікаў з Брэста, Брэсцкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага і Маларыцкага раёнаў.
Можна гадзінамі расказваць пра розныя спецыяльнасці, але гэта не дапаможа з’арыентавацца ў вялікім мностве прафесій. А калі самому ўбачыць, якія шырокія перспектывы дае прафтэхадука­цыя, наколькі запатрабаваны вы­пускнік-прафесіянал, прычым не толькі на прадпрыемствах сельскай гаспадаркі, значны крок да выбару будучыні будзе зроблены. На гэта і разлічана вялікае прафарыентацыйнае мерапрыемства.
Для школьнікаў, якія прыехалі ў Маларыцкі прафліцэй, прома-акцыя пачалася з экскурсіі па тэрыторыі. Кароткія звесткі з гісторыі засна­ван­ня ўстановы перапляліся з ура­жаннямі ад убачанага ў карпусах, спартыўных залах, на пляцоўках для адпачынку і заняткаў спортам. Але самае галоўнае чакала гасцей наперадзе. Для іх разгарнуліся экспазіцыі дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці вучняў устаноў прафтэхадукацыі вобласці. Тут жа будучыя абітурыенты знаёміліся з работай розных гурткоў Маларыцкага прафліцэя: маглі паназіраць за фігурным ваджэннем матацыкла, пазнаёміцца з захапленнем вышыўкай крыжыкам на швейнай машынцы выкладчыка ліцэя Антона Талашкі, пабачыць цікавыя вырабы кавалёў ліцэя. Гасцей чакаў цэлы аўкцыён прафесій. Як не захапіцца было прафесіяй электразваршчыка, пабачыўшы, якія самыя простыя, але карысныя рэчы можна зрабіць, калі быць прафесіяналам у зварачнай справе. Як не пазайзросціць было механізатарам, якія “выпісвалі” кругі, дэманструючы шматфункцыянальныя энерганасычаныя трактары, што працуюць цяпер на палях сельгаспрадпрыемстваў раёна. А віртуозны “танец” пагрузчыкаў, з “рэверансамі”, “паклонамі” і юве­лірным закрываннем каўшом пачка з запалкамі, увогуле выклікаў шквал апладысментаў. Тут жа свае тэхнічныя і прафесійныя магчымасці дэманстравалі прадпрыемствы-заказчыкі кадраў ліцэя. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях знаёмілі са спецыяльнымі сродкамі, якія прымяняюцца для рэзкі металу, прапанавалі паказальныя выступленні па тушэнні ўзгарання. Са службовым сабакам і спецсродкамі, якія выкарыстоўваюцца для затрымання парушальнікаў дзяржаўнай граніцы, знаёмілі прадстаўнікі аддзела пагранічнай службы. Індывідуальную работу з падлеткамі і, разам з тым, знаёмства са стралковай зброяй праводзілі работнікі Маларыцкага РАУС. Прыцягнула ўвагу ўдзельнікаў прома-акцыі і спецыялізаваная тэхніка Маларыцкага лясгаса, з цікавасцю паназіралі ўсе за яе паказальнымі выступленнямі па манеўраванні, валцы і апрацоўцы драўніны. Але самым уражальным было, вядома, выступленне па рукапашным боі ваеннаслужачых спецпадраздзялення 38-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады.
З назапашанай вычарпальнай інфармацыяй, масай уражанняў ад прафарыентацыйных выступленняў і канцэртнай праграмы, якую пад­рыхтавалі навучэнцы ліцэя, энергіяй ад гарачых кашы і чаю, якімі частавалі работнікі ліцэйскай сталовай усіх гасцей, школьнікі вярталіся дамоў. Многія з іх з упэўненасцю заяўлялі, што хочуць звязаць сваё жыццё з сельскагаспадарчай вытворчасцю і летам зноў прыедуць у Маларыцкі прафліцэй, каб падаць дакументы на вучобу. У тым, што іх тут чакаюць і што вучоба ў навучальнай установе будзе цікавай, усе, хто стаў удзельнікам прома-акцыі, цяпер не сумняваюцца.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКАХ: у час прома-акцыі “Будучыня краіны – у тваіх руках” у Маларыцкім ДзПЛ СВ.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 33 от 4.05.16г.

Добавить комментарий


https://www.best-cooler.reviews/

раскрутка сайта одесса

Нашел в интернете интересный блог с информацией про www.avrora-trans.com.
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!