З чыстага ліста…

   Яшчэ два гады таму сям’я Андрэя і Наталлі Пурас мірна жыла побач з роднымі і блізкімі людзьмі, працавала, гадавала дзяцей. Цяпер у тым горадзе, на той вуліцы, дзе некалі шчасліва і мірна працякалі будні і святы сям’і, чуваць выбухі, аўтаматныя чэргі. Горад Краснагораўка, што знаходзіцца за восемь кіламетраў ад Данецка, ужо ніколі не будзе ранейшым. Цяпер ён – украінская “шэрая зона”. На ўсім тут: прыродзе, дамах, людзях  —  свой след пакінула вайна. І па сённяшні дзень у Данецку і вакол яго, хоць афіцыйна аб’яўлена перамір’е, далёка не спакойна. 

Сям’і даводзілася ўцякаць, каб выратаваць самае галоўнае – жыццё сваё і сваіх дзяцей. Як і многіх іншых бежанцаў, іх прыняла Беларусь.
— Рашэнне пакінуць кватэру, за якую толькі выплацілі “іпатэку”, машыну, родных і сяброў, работу далося нялёгка, — гаворыць Наталля Пурас, стрымліваючы слёзы. – Думкі аб тым, што ўсё нажытае за 16 гадоў сумеснага з мужам жыцця, давялося пакінуць і за некалькі дзён вызначыцца, дзе і як жыць далей, і зараз прыносяць боль.
Аднак выбару не было. З двума дзецьмі, аднаму з якіх толькі чатыры годзікі, без свету, газу, у вечным страху доўга жыць не змаглі.
— Тое, што можна пабачыць з тэлеэкрана, – гэта толькі 5 працэнтаў праўды. Той жах, разбурэнні, бандытызм, крадзяжы, калі да тваёй галавы прыстаўляюць зброю, і ты нічога не можаш зрабіць, і гатовы аддаць усё — вось сапраўдная рэальнасць, — расказвае Наталля Віктараўна. – І хоць банальна скажу, але няма нічога больш страшнага і жорсткага, чым вайна.
З роднага горада ў маі 2014 года сям’я Пурас спачатку перабралася да маці ў вёску, якая знаходзілася за 60 кіламетраў ад Данецка. І хоць туды яшчэ баявыя дзеянні не дайшлі, адсутнасць работы, пастаянны страх, што вайна ахопіць і гэтыя мясціны, рабілі жыццё невыносным. Так яны жылі 8 месяцаў. І зразумелі, што хочуць спакою. Пытанне аб пераездзе вырашылася за некалькі дзён. Узялі самыя неабходныя рэчы, дзяцей і білеты на цягнік. Так пачалася новая старонка ў жыцці сям’і Пурас.
У Беларусі Андрэй і Наталля жывуць год і чатыры месяцы. Чаму выбралі менавіта Маларытчыну? У Кобрыне пасяліліся іх сваякі, якія і параілі ехаць у Беларусь. Расказвалі, што і работу ў сельскай гаспадарцы можна знайсці, і адукацыю дзеці атрымаюць, а галоўнае, што тут мір і спакой. З прыездам пачалі шукаць работу. Аказалася, што далёка не ўсе сельгаспрадпрыемствы гатовы працаваць з замежнымі грамадзянамі. Ад людзей, якія сутыкнуліся з такімі ж выпрабаваннямі лёсу і пасяліліся ў Дарапеевічах, даведаліся, што ў гаспадарцы ёсць работа. Старшыня СВК “Дарапеевічы” з разуменнем і ўвагай аднёсся да праблем сям’і. Для Андрэя Іванавіча, які раней доўгі час працаваў трактарыстам, знайшлося месца па спецыяльнасці, добры механізатар хутка ўліўся ў калектыў. Наталля Віктараўна на радзіме працавала ў гандлі і, разам з тым, атрымлівала вышэйшую адукацыю сельскагаспадарчага профілю. Каб здаць экзамены і атрымаць дыплом, у чэрвені ёй давядзецца вярнуцца ў Данецк. У Дарапеевічах Наталля Віктараўна цяпер працуе на вагавой.
— Сустрэлі нас добра, людзі ў вёсцы чулыя і шчырыя. Нам падабаецца тут працаваць, скардзіцца няма на што. Нашай сям’і СВК “Дарапеевічы” выдзеліў дом, дапамаглі і з самай неабходнай мэбляй. Іншым абжываемся самастойна. Праўда, большая частка заработнай платы ідзе на афармленне дакументаў, спецыяльных дазволаў.
Для дзяцей з сям’і Пурас адразу знайшліся месцы ў садку і школе. Старэйшаму сыну, Уладзіславу, зараз 16. Хлопец жадае атрымаць прафесію ваеннага, каб заўсёды мець магчымасць абараніць сваю сям’ю. Святаслаў, якому 6 гадоў, марыць аб адным – не чуць больш выбухаў і выстралаў. Спачатку пасля пераезду маленькаму Святаславу кожны самалёт, які пралятаў, здаваўся знішчальнікам, ён баяўся, думаючы, што пачалася вайна.
— Тут хоць і не хапае інфраструктуры, гарадской мітусні, але я ведаю, што мае дзеці, адпраўляючыся ў школу, вернуцца дадому жывымі. Як бы нам ні хацелася паехаць на радзіму, таго жыцця, што было да ваенных падзей, ужо не будзе.
Наталля і Андрэй Пурас трымаюць сувязь са сваёй суседкай. Яна расказвае, што і цяпер у Данецку не сціхаюць выстралы. І хоць будаваць жыццё з нуля – задача складаная, сям’я з новымі надзеямі глядзіць у будучыню. Бо галоўнае, што самыя дарагія людзі жывыя і знаходзяцца побач.
Дар’я ЛУЦЫК.

На здымку: Наталля Пурас.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ №33 от 4.05.16г.

Добавить комментарий


www.thailand-option.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!