“Музычны калейдаскоп”

Пад такой назвай у Пружанах прайшоў конкурс інструментальнай музыкі. Удзел у ім прынялі творчыя калектывы Маларытчыны – народны аркестр народных інструментаў і ін­стр­­ументальны ансамбль “Натхненне” дзіцячай школы мастацтваў.

Аркестр, які быў заснаваны пры музычнай школе, чароўным сугуччам народных інструментаў радуе маларытчан ужо амаль сорак гадоў. У 1981 годзе ён атрымаў званне народнага і ўжо шмат дзесяцігоддзяў трымае высокую планку і працягвае здзіўляць слухачоў. Вось і на свяце-конкурсе “Музычны калейдаскоп”, у якім прымалі ўдзел 12 аркестраў з розных гарадоў вобласці, калектыў з Маларыты змог зачараваць усіх і заваяваць дыплом першай ступені. Журы конкурсу адзначыла высокі выканаўчы ўзровень аркестра, які прадставіў два творы павышанай складанасці — п’есу з цыклу “Поры года. Зіма” Астора П’яцола і п’есу “Інтрадукцыя і чардаш” Аляксандра Цыганкова.
У музычным свяце ўдзельнічала шмат вядомых калектываў. Менавіта гэтым, як адзначае кіраўнік народнага аркестра народных інструментаў Дзмітрый Свішчоў, конкурс быў цікавым. Для аркестра, які за апошні час значна абнавіўся, удзел у конкурсе інструментальнай музыкі (а яны, у адрозненне ад вакальных, праводзяцца вельмі рэдка) быў, можна сказаць, дэбютны. І адразу поспех. За магчымасць паўдзельнічаць у музычным свяце калектыў вельмі ўдзячны кіраўніцтву аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і дзіцячай школы мастацтваў. Перамога ў конкурсе, як адзначае кіраўнік калектыву, гэта стымул імкнуцца да ўдасканалення выканаўчага майстэрства, абнаўлення рэпертуару.
З першым месцам сярод інструментальных ансамбляў вярнуўся са свята-конкурсу і ансамбль школы мастацтваў “Натхненне”. Калектыў, у які ўвайшлі маладыя музыканты-цымбалісты – выпускніца Беларускай акадэміі музыкі Вікторыя Багданава, выпускніца Брэсцкага музычнага каледжа Мадзіна Кучкарава і канцэртмайстар Маргарыта Рэянтовіч, быў створаны ў пачатку новага навучальнага года. Дэбютнае выступленне ансамбля “Натхненне” на абласной сцэне з творамі Антоніа Вівальдзі “Поры года. Лета” і беларускага кампазітара Аляксандра Друкта “Гарэзлівыя прыпеўкі” заваявала слухача. Не застаўся незаўважаным высокі тэхнічны ўзровень падрыхтоўкі, складанасць і арыгінальнасць твораў, якія выконвалі музыканты. Узнагародай калектыву таксама стаў Дыплом першай ступені.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: народны аркестр народных інструментаў; ансамбль “Натхненне”; кіраўнікі калектываў Вікторыя Багданава і Дзмітрый Свішчоў з узнагародамі.
Фота аўтара і Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 33 от 4.05.16г.

Добавить комментарий


прокат свадебных платьев

http://steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!