Жыць жыццём таго, хто побач

6 мая Міхаіл Пятровіч і Марта Міхайлаўна Касянікі з вёскі Навалессе  адзначаць 60-годдзе сумеснага жыцця, ці дыяментавае вяселле.

…Адслужыўшы 3 гады ў арміі ў Севастопалі, Міша Касянік доўга не думаў, што яму рабіць далей. Хлопцу стукнула на той час ужо 23, таму, вядома ж, можна было смела падумваць аб жаніцьбе. Тым больш, што ў яго на прыкмеце была мясцовая прыгажуня аднавяскоўка Марта. Але ажаніцца, як гавораць, не штука. Ды і што ж ты за жаніх, калі ў цябе за душою ні капейкі. Так не раз разважаў сам з сабою Міхаіл. Таму найважнейшым і найпершым у яго планах былі заробкі, каб мець уласную капейку і не заглядваць, як гавораць, у рот бацькам. Тым больш, што ў сям’і ён быў не адзін. Сабраў неабходнае і паехаў. Ва Украіну. Работы там тады хапала, ды і плацілі за яе някепска, таму Міхаіл ніколькі не шкадаваў, што выбраў такі варыянт.
А калі прыехаў дахаты не з пустой кішэняй, смела згадзіўся і ў сваты пайсці. Да яе, Марты. І хоць аднавяскоўка-суседка была на 7 гадоў малодшай за Міхаіла, і яна падумвала аб стварэнні сям’і, тым больш, што ў адносінах да свайго старэйшага суседа абыякавай не была.
-6 мая 1956 года мы пае­халі ў сельскі Савет, каб зарэгістраваць шлюб, — расказвае Міхаіл Пятровіч, — а праз некалькі дзён ужо абое паехалі зноў ва Украіну. Мне знайшлася работа будаўніка, а Марта працавала ў паляводстве. Нам хацелася зарабіць грошы, каб пабудаваць свой уласны дом.
І пабудавалі, дакладней, пабудаваў сам Міхаіл, бо ўсе работы мог і ўмеў рабіць сваімі рукамі.
-На закладчыну толькі наймаў майстра, — тлумачыць Міхаіл Пятровіч, — а так усё сам рабіў.
Пасля таго, як справілі наваселле, Касянікі так і жывуць у гэтым доме. У параўнанні з цяперашнімі, якія ўзводзяць маладыя сем’і, ён невялікі, тут усяго 2 пакоі, веранда. Але ёсць вельмі шмат іншых пераваг, чым, на жаль, не могуць сёння пахваліцца многія з маладых сем’яў. Амаль 60 гадоў невялікі дом Касянікаў ззяе ад цеплыні і шчырасці адносін яго гаспадароў. Тут заўсёды ўтульна і светла ад добрых пачуццяў, якімі напоўнены сэрцы,сямейны ачаг Міхаіла Пятровіча і Марты Міхайлаўны.
На працягу ўсяго жыцця ў абаіх у прыярытэтах была праца. І толькі праца. 25 гадоў Міхаіл Пятровіч адслужыў паштальёнам.Так-так, менавіта адслужыў людзям. Тады ў кожным доме і кожны дзень з нецярпеннем чакалі паштальё­на, бо асноўным сродкам зносін паміж блізкімі людзьмі былі пісьмы. А паштоўкі перад святамі не ўмяшчаліся ў сумку паштальёна. Іншы раз мужу і Марта Міхайлаўна дапамагала разносіць іх, каб не спазніцца з дастаўкай.
Марта Міхайлаўна 20 гадоў адслужыла школе і дзецям. Бо не шкадавала сваіх рук, каб у навучальнай установе, у кожным класе і кабінеце было чысценька і ўтульненька. А калі даводзілася працаваць начной нянечкай у школьным інтэрнаце, дзе былі ўладкаваны дзеці з аддаленых вёсак, і тут з душой выконвала свае абавязкі, замяняючы на нейкі час хлопчыкам і дзяў­чынкам маці. Нездарма і цяпер многія з іх пры сустрэчы абавязкова вітаюцца з цёткай Мартай і дораць ёй шчырую ўсмешку, якой некалі адорвала яна іх.
Як і ўсе тады ў вёсцы, не ленаваліся і Касянікі трымаць вялікую ўласную гаспадарку, якая, вядома ж, добра выручала кожную вясковую сям’ю.
Неяк непрыкметна праляцеў час нашай сустрэчы і размовы. Трэба было развітвацца, а мне не хацелася. Здавалася, слухала б і слухала гэтых простых шчырых вяскоўцаў, іх расказы пра перажытае. А ў памяці трывала засела многае. Памятаюць 1939 год, калі 17 верасня Чырвоная Армія перайшла дзяржаўную граніцу, пачалося вызваленне Заходняй Беларусі. Памятаюць, як у вёску прыехала кавалерыя ў складзе 200 чалавек, як польская групоўка, што размяшчалася ў вёсцы, спрабавала даць адпор нашым вой­скам, то тут, то там успыхвалі баі. І пачатак Вялікай Айчыннай вайны памятаюць, і як страшна і жудасна было, што могуць з’явіцца немцы і забіць. Памятае Міхаіл Пятровіч, як у 1942 годзе ў іх сям’ю прыйшло гора:за сувязь з партызанамі немцы расстралялі бацьку. Памятаюць, як у 1943 годзе фашысты спалілі іх вёску Навалессе. Дзіцячая памяць трывала зафіксавала той дзень, калі немцы загналі сяльчан у адзін з хлявоў, закрылі яго, а затым падпалілі.
«Так, мінулае з намі заўсёды. І ўсё, што мы сабой уяўляем, усё, што мы маем, зыходзіць з мінулага. Мы — яго тварэнне, і мы жывем, пагружаныя ў яго. Не разумець гэтага і не адчуваць мінулага…значыць не разумець цяперашняга», — так некалі гаварыў Д.Нэру.
А цяперашнім Касянікі задаволены. І пенсію своечасова прыносяць, а зарабіў яе кожны неблагую, і ў магазіне ўсё можна купіць, і дзеці не забываюць, і ўнукі радуюць (адна і другая ўнучкі маюць вышэйшую адукацыю), і праўнучка вельмі любіць бываць у іх у вёсцы. Словам, ёсць ім на каго паспадзявацца ў глыбокай старасці. Хаця самі стараюцца берагчы адзін аднаго, добра ведаючы, як надзейна, калі на схіле гадоў побач з табой па-ранейшаму той, хто на працягу ўсяго жыцця дзяліў папалам горыч і няўдачы, радасць і шчасце.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

На здымку: дыяментавыя юбіляры Міхаіл Пятровіч і Марта Міхайлаўна Касянікі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 33 от 4.05.16г.

Добавить комментарий


yarema.ua

www.mitsubishi.niko.ua

www.steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!