Энергію дае прырода

На здароўе чалавека ўплываюць шмат фактараў: лад яго жыцця, спадчыннасць, экалогія, узровень медыцынскага абслугоўвання. Па меркаванні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, менавіта ад таго, як жыве чалавек, чым харчуецца, на 70 працэнтаў залежыць стан яго здароўя і толькі дзясятая доля працэнта прыпадае на медыцыну. У той жа час Беларусь застаецца лідарам па смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, прафілактыкай якіх з’яўляецца здаровы і актыўны лад жыцця.
Фізічная актыўнасць становіцца ўсё больш папулярнай у многіх жыхароў нашага горада і раёна, прычым у людзей даволі сталага ўзросту. Яны кожны дзень праводзяць актыўна, авалодваюць новымі спартыўнымі тэхнікамі і прыёмамі, якія даюць ім магчымасць жыць у гармоніі з самім сабой і заставацца здаровымі доўгія гады.
Любоў да прыроды і галоўных яе складаемых: паветра, вады, зямлі, Уладзіміру Сердзюку перайшла ў спадчыну ад бацькоў. Але ж асэнсаванае разуменне таго, наколькі важна падтрымліваць фізічнае і духоўнае здароўе, прыйшло праз дзясяткі гадоў. Асабліва, калі пачалі падрастаць дзеці. У іх ён імкнуўся выхаваць звычку быць актыўнымі і заставацца ў добрай фізічнай форме, клапаціцца аб сваім здароўі з маленства. Нараджэнне малодшай дачкі Ганны супала якраз з тым, калі Уладзімір зразумеў, што здароўе чалавека, даўгалецце – справа яго ж рук. Ужо з першых гадоў яе жыцця яны сталі адзіным спартыўным цэлым. Чым бы ні займаўся бацька, плаванне гэта, хадзьба, велапрагулкі, рухомыя гульні, дзяўчынка з захапленнем паўтарала ўсё за ім. А цяпер яна радуе тату сваімі поспехамі ў спорце. Гэта доказ таго, што здаровы лад жыцця, любоў да спорту ідуць, перш за ўсё, з сям’і, з прыкладу бацькоў.
Паглядзець на сваё жыццё праз прызму здароўя дала магчымасць прадпрымальніцкая дзейнасць. Больш за 15 гадоў Уладзімір Іванавіч займаўся паслугамі па рамонту аўтамабіляў. Зразумела, што асабістая справа патрабуе ад чалавека шмат сіл, эмацыянальнага напружання, адказнасці. Як змагацца з гэтым стрэсам? Уладзімір Сярдзюк знайшоў крыніцу энергіі ў яднанні з прыродай, актыўным ладзе жыцця і пазітыўным мысленні:
— Здароўе — гэта гарманічны комплекс. Для таго, каб быць здаровым, важна, што чалавек думае, як харчуецца і як рухаецца. Мой новы дзень пачынаецца яшчэ з вечара. Пасля цяжкага дня, насычанага эмоцыямі, чалавеку важна правільна, з добрымі думкамі і “чыстай” галавой класціся спаць. У гэтым, замест прагляду тэлевізара, дапамагаюць пешыя прагулкі на свежым паветры. Тады ранкам ты прачнешся з новымі фізічнымі сіламі, з добрым настроем, ідэямі і энергіяй. Ёсць нават такое выказванне: “Думкамі сёння мы пракладваем заўтрашні шлях”.
Ранак Уладзіміра Іванавіча таксама пачынаецца (за рэдкім выключэннем) са спаткання з прыродай. Гэта могуць быць прагулкі, прабежкі. Апошні дзясятак гадоў, як толькі растае лёд, Уладзімір Іванавіч штодня адпраўляецца на возера. Чэрпаць здароўе можна з самой прыроды. Як сцвярджаюць многія вучоныя, 10-15 секундныя абліванні вадой, купанне ў ёй пасля заняткаў спортам, аказваюць на арганізм вельмі спрыяльны эфект. Асвоіў Уладзімір Іванавіч і тэхніку скандынаўскай хадзьбы. Яна задзейнічае адразу 90 працэнтаў мышцаў цела, што спрыяе добрай рабоце сардэчна-сасудзістай сістэмы. Яшчэ адно захапленне Уладзіміра Сер­дзюка – веласіпедныя прагулкі.
— Пакуль не паспрабуеш – не зразумееш, як гэта прыемна і карысна. Ты едзеш, абапал лес, паветра чыстае. Такімі велапрагулкамі зацікавіў і жонку, — расказвае Уладзімір Іванавіч.
Што датычыцца правільнага харчавання, дык у рацыён, лічыць прыхільнік здаровага ладу жыцця, абавязкова трэба ўключаць садавіну і гародніну. Калі ў арганізм не трапляюць у патрэбнай колькасці вітаміны і мінералы, ён пачынае чэрпаць іх са сваіх рэзерваў. Так з’яўляюцца многія захворванні касцёвай сістэмы. Увогуле, калі твой сняданак складаецца з тлустых прадуктаў, як ні парадаксальна, арганізму патрабуецца ежы намнога больш, чым калі твой рацыён збалансаваны, у ім прысутнічае патрэбная колькасць тлушчаў, бялкоў і вугляводаў.
— Для здароўя немалаважна падтрымліваць і водна-пітны баланс. У дзень неабходна выпіваць 2-2,5 літры вады. Шклянка вады за паўгадзіны да сняданку дапаможа добраму засваенню ежы.
На свой узрост, а ў наступным годзе Уладзімір Сярдзюк адзначыць 60-годдзе, ён сябе не адчувае. Гаворыць, што пасля рубяжу ў 6 дзясяткаў усё толькі пачынаецца, з’явіцца яшчэ больш часу для падтрымання духу і цела ў добрым стане.
Дар’я ЛУЦЫК.

На здымку: прыхільнік здаровага ладу жыцця Уладзімір Сярдзюк.
Фота аўтара.

Опубликовано Гч № 33 от 4.05.16г.

Добавить комментарий


деньги под залог

нарядное платье для девочки

www.topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!