чыстыя рукі — прафілактыка інфекцый

У паўсядзённым жыцці нас акружаюць больш за 100 відаў мікраарганізмаў, якія могуць выклікаць у чалавека востры інфекцыйны працэс кішэчнага захворвання.
Вострая кішэчная інфекцыя – паняцце зборнае. Сюды ўваходзяць кішэчныя інфекцыі, выкліканыя вірусамі (энтэравірусная, ротавірусная інфекцыі) і бактэрыямі (брушны тыф, сальманелёз, дызентэрыя, халера і іншыя).
Іх сімптомы: павышэнне тэмпературы цела, агульная слабасць, млоснасць, рвота, болі ў жываце і інш. Хварэюць на вострыя кішэчныя інфекцыі людзі любога ўзросту, але часцей дзеці да 3-6 гадоў. Звязана гэта з недастатковасцю абарончых сіл арганізма і адсутнасцю гігіенічных навыкаў. Захворванне ў іх працякае больш цяжка, бо парушаецца абмен рэчываў, пакутуе нервовая сістэма, адбываецца абязводжванне арганізма, губляюцца сілы. Таму пры захворванні дзяцей вялікае значэнне мае своечасовае звяртанне за медыцынскай дапамогай.
Хворыя на вострую кішэчную інфекцыю ўяўляюць небяспеку для іншых людзей, яны з’яўляюцца крыніцамі інфекцыі пры вірусных і бактэрыяльных кішэчных інфекцыях. На рэчах, посудзе, дзіцячых цацках, ручніках мікробы застаюцца жыццяздольнымі на працягу 5-7 дзён.
Для таго, каб не захварэць на вострыя кішэчныя інфекцыі, неабходна прытрымлівацца простых правілаў. Перш за ўсё, старанна мыць свежыя гародніну, садавіну, у тым ліку цытрусавыя і бананы. Для піцця выкарыстоўвайце толькі гатаваную ці бутыляваную ваду. Прадукты з невялікім тэрмінам захоўвання трымайце ў халадзільніку, не ўжывайце іх пасля заканчэння гэтага тэрміну. Увогуле, набывайце прадукты толькі ў месцах, прызначаных для гандлю. Не трэба купляць садавіну і гародніну, ягады на абочынах дарог, малочныя прадукты ў прыватных асоб, бо яны могуць быць прыгатаваны з парушэннем санітарных нормаў. Захоўвайце паасобку сырыя і гатовыя прадукты, сачыце за чысцінёй паверхні стала, абараняйце ежу ад насякомых, грызуноў і хатніх жывёлін, якія могуць быць пераносчыкамі інфекцыі.
Калі хто-небудзь з членаў сям’і ў момант хваробы знаходзіцца дома, трэба асабліва строга выконваць правілы асабістай гігіены: выдзеліць хвораму асобны посуд, бялізну, якія пасля выкарыстання неабходна пракіпяціць на працягу 15 хвілін. Для ўборкі месцаў агульнага карыстання прымяняць сродкі дэзынфекцыі.
Цёплае надвор’е спрыяе размнажэнню хваробатворных мікраарганізмаў, якія могуць трапіць у прадукты харчавання. Не выпадкова ў вясенне-летні сезон колькасць кішэчных інфекцый у дзяцей узрастае. Таму бацькі павінны сачыць, каб перад кожным прыёмам ежы рукі дзіцяці абавязкова былі чыстымі.
Валянціна ЯЛКОЎСКАЯ, урач-інфекцыяніст.

Опубликовано ГЧ № 3 от 4.05.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!