ЯНА, ПЕРАМОГА, — НАША!

Нядаўна я ў другі раз наведаў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.  Хочацца выказаць яго стваральнікам і супрацоўнікам вялікі дзякуй за Праўду пра вайну. Набліжаецца 71-я гадавіна Перамогі.  Аднак крыўдна і балюча, што з цягам часу не змяншаецца колькасць псеўдагісторыкаў, якія тыражыруюць хлусню пра Вялікую Айчынную вайну. У Беларусі ж дзякуючы намаганням дзяржавы вядзецца паглыблена-скрупулёзная праца па вывучэнні падзей і ўрокаў   вайны. Пра мінулае нельга забываць, асабліва сёння, калі назіраецца абвастрэнне адносін паміж дзяржавамі і ў розных канцах свету ўзнікаюць узброеныя канфлікты. 

У музеі Вялікай Айчыннай вайны – сапраўдным храме народнай памяці, своеасаблівым помніку подзвігу народа — яшчэ і яшчэ раз пераконваешся, што толькі дзякуючы адзінству шматнацыянальнага савецкага народа, які ад малога да вялікага стаў на абарону агульнай Айчыны, удалося разграміць ворага. Прычым не проста выгнаць агрэсара са сваёй тэрыторыі, але і вызваліць усё чалавецтва ад пагрозы фашысцкага зняволення. Менавіта паражэнне гітлераўцаў на Усходнім фронце і вызначыла зыход Другой сусветнай вайны, а затым і ўсё пасляваеннае ўладкаванне свету.
Ходзіш па залах музея – яшчэ і яшчэ раз усведамляеш, што не дапушчальныя “перакройванне гісторыі” і спробы “выкрасці Вялікую Перамогу” ў народа. Радуе, што музей штодзённа выконвае сваю высакародную місію – даносіць да наведвальнікаў усю праўду пра вайну.
У новай экспазіцыі музея, якая размяшчаецца ў 10 залах, акцэнт зроблены на ваеннай гісторыі Беларусі, ролі беларускага народа, які ўнёс неацэнны ўклад у справу Вялікай Перамогі над фашызмам, у барацьбе з фашызмам як на сваёй зямлі, так і далёка за яе межамі.
Беларусы – мудрыя людзі, і таму толькі пагарду ў нашых людзей выклікае хлусня пра вайну, калі розныя псеўдагісторыкі выстаўляюць здраднікаў героямі, а захопнікаў — вызваліцелямі, калі яны бессаромна перакройваюць гісторыю пад канкрэтны палітычны заказ і спрабуюць выкрасці ў нашага народа Вялікую Перамогу. Такім марадзёрам трэба даваць рашучы адпор, адстойваючы найважнейшы гістарычны набытак – святую памяць пра Перамогу і герояў Бацькаўшчыны.
Беларусь заўсёды была супраць скажэння праўды пра вайну і стала першай у свеце краінай, якая стварыла музей Вялікай Айчыннай вайны. Прычым рашэнне пра яго стварэнне было прынята ў адзін з самых цяжкіх перыядаў вайны, калі Беларусь знаходзілася пад акупацыяй. Як бачым, моцнай і непахіснай была вера людзей у перамогу праўды і дабра.
У сённяшнім ганебна-крыва­душным свеце спраўляюць баль ілгуны, гатовыя развязаць трэцюю сусветную вайну, усялякага кшталту шавіністы і квасныя патрыёты, якія, выбраўшы для сябе хлуслівыя сімвалы, крычаць на плошчах і вуліцах многіх гарадоў свету: “Гэта мы! Гэта мы, а не вы перамаглі!..”
А два з паловай мільёны бе­ларусаў, якія загінулі ў тыя 1418 вог­ненных дзён і начэй, не перамаглі? Мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці, якія былі знішчаныя, спаленыя ў дзесяці тысячах беларускіх паселішчаў, не перамаглі? Іх крывёй, іх жыццямі і была аплачана найвялікшая ў сярэдзіне ХХ ст. перамога.
Беларусь першая з саюзных рэспублік прыняла на сябе масіраваны ўдар фашысцкіх захопнікаў і страціла ў гады вайны больш як палавіну свайго нацыянальнага багацця. У тыле ворага на акупаванай тэрыторыі дзейнічала 6200 партызанскіх атрадаў і падпольных груп. За час акупацыі ворагам было знішчана 209 гарадоў і мястэчкаў, 9200 вёсак. Гэта сумная статыстыка і сёння раніць сэрцы тых, хто паклаў на алтар Перамогі сваю маладосць і звязаныя з ёю надзеі, і тых, хто ведае пра вайну толькі па расказах і падручніках.
І яна, Перамога, — наша! Мы, беларусы, добра ўсведамляем і ролю іншых народаў ў перамозе над гітлераўцамі, але тут, у палымянай Беларусі, яна, перамога — наша! І мы, самая гасцінная і міралюбівая нацыя, нікому не збіраемся яе аддаваць!
Васіль Быкаў, Кузьма Чорны, Іван Навуменка, Іван Мележ, іншыя майстры нацыянальнага слова першымі сказалі пра вайну і перамогу праўду. Кожны з нас павінен ушаноўваць памяць загінулых, выказваць сапраўдную, а не дзеля галачкі, удзячнасць жывым.
Цэлае пакаленне беларусаў (і ў Беларусі, і ў эміграцыі), што вытрымала і вынесла на плячах вайну, да канца сваіх дзён жыло вайной. Вайна вызначыла іх лёс. Мы, беларусы, не можам, не маем права забыць Другую сусветную вайну. Не маем права з-за незлічоных ахвяр і пакут народа, а таксама з-за шматаблічнай хлусні сучаснасці пра вайну. Сама нацыя не можа існаваць на хлусні.
Гэта было самае вялікае ваеннае сутыкненне за ўсю гісторыю чалавецтва. У вайну была ўцягнута 61 дзяржава з насельніцтвам 1,6 млрд. чалавек. У радах узброеных сіл знаходзілася 110 млн. чалавек. Ваенныя падзеі разгарнуліся на тэрыторыі 40 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, на марскіх прасторах Атлантычнага, Ціхага, Індыйскага і Паўночнага Ледавітага акіянаў. Загінула больш за 50 млн. чалавек. Найбольшы ўрон панёс Савецкі Саюз, які страціў звыш 27 млн. чалавек. На ратных палях Еўропы палягло звыш 1 млн. савецкіх воінаў. Пры вызваленні Польшчы загінула 600 тыс. салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, Чэхаславакіі — 140 тыс., Венгрыі — 140 тыс., Румыніі — 69 тыс., Аўстрыі — 26 тыс., Югаславіі — 8 тыс., Нарвегіі — больш за 2 тыс., Фінляндыі — каля 2 тыс., Кітая — 8 тыс., Карэі — 1,5 тыс. Больш за 100 тыс. савецкіх воінаў загінула на зямлі Германіі.
Савецкі Саюз вынес на сабе асноўны цяжар вайны і адыграў вырашальную ролю ў разгроме германскага нацызму і японскага мілітарызму. Савецкія войскі вызвалілі 11 еўрапейскіх краін, плошчай больш за 1 млн. кв. км з насельніцтвам 113 млн. чалавек. Разам з усімі народамі Савецкага Саюза з гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай і чалавецтвам беларускі народ. Вогненны смерч вайны адгукнуўся на лёсах мільёнаў яе жыхароў, якіх ваенная віхура сарвала з родных мясцін і раскідала па пажарышчах вайны. Звыш мільёна чалавек было мабілізавана ў дзеючую армію, сотні тысяч людзей працавалі ў савецкім тыле. І дзе б выхадцы з Беларусі ні знаходзіліся — у франтавым акопе, за штурвалам самалёта ці рычагамі танка або ля станка, — усюды яны праяўлялі вытрымку, адвагу, працавітасць. На алтар Вялікай Перамогі Беларусь прынесла мільёны жыццяў сваіх грамадзян. Ніводнай сям’і не абышла вайна, таму нашы людзі добра ведаюць цану заваяванага міру. Глыбока ўсведамляюць цану Вялікай Перамогі!
Памяць аб Вялікай Айчыннай усё больш і больш аддаляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак па мільёнах бязвінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Юныя пакаленні! Не стамляйцеся казаць дзякуй дзядам і прадзедам, бацькам, ветэранам, што дажываюць свой век побач з вамі. На жаль, салдат вайны ўсё меней і меней, яны адлятаюць і адлятаюць у вырай апошнімі сівымі жураўлямі… Старэйшым пакаленням беларусаў трэба дапамагаць умацоўваць у свядомасці маладых памяць пра Перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай.
Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Опубликовано ГЧ № 34 от 7.05.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://best-cooler.reviews

http://220km.com.ua

https://velomarket.org.ua