ДЗЕВЯЦЬ ДЗЯСЯТКАЎ УСПАМІНАЎ

На самым ускрайку вёскі Язвін, удалечыні ад іншых, стаіць невялікая хатка. Падзяляючы адзінокі лёс свайго дома, жыве ў ім адна-адзінюсенькая 90-гадовая бабулька – Аляксандра Сямёнаўна Гарах. У яе доме рэдка бываюць госці. А таму вельмі рада яна, калі сацыяльны работнік прый­дзе,  паштальён наведаецца ці фельчар. Вельмі ўзрадавалася старэнькая жанчына і нечаканым гасцям з “раёнкі”. Адразу ў дом запрасіла, на лепшую лаўку пасадзіла, прыглядзелася да твару, відаць, каб зразумець, ці з добрым намерам прыйшлі, а потым пра сябе расказваць пачала.
Дзень за днём, як хуткія птушкі, адляцелі ўдалячынь мінулага дзевяць дзясяткаў жыцця Аляксандры Сямёнаўны. Многае бязлітасна сцерлі з яе памяці гады. А ў жыцці было рознае: і выпрабаванні, і пакуты, і радасці, і расчараванні, і надзеі, і горыч страты. Лёс падарыў Аляксандры Сямёнаўне другую палавінку. Для маладой дзяўчыны  яе Пётр, які быў на 20 гадоў старэйшы, стаў надзейнай апорай.
— Мой Пятрушачка, якога я спачатку “дзядзька Пятро” называла, працавіты быў, умелы, усё мог змайстраваць ды і мяне шкадаваў, я бяды з ім не ведала. Але ж  сама засталася і цяпер бядую, бо не здужаю ўжо і вады прынесці, — расказвала, выціраючы слязу, Аляксандра Сямёнаўна.
Мы доўга гутарым. Бабуля Аляксандра пакрысе ўспамінае мінулае і шчыра расказвае пра тое, як на калгасным полі працавала, выконваючы нормы, як дома старалася, каб ва ўсім парадак быў. Між іншым, у яе старэнькім доме, нягледзячы на тое, што гаспадыня ўжо размяняла дзясяты дзясятак,  і зараз чысціня і парадак: роўненька засцелены светлымі пакрываламі ложкі, на стале няма нічога лішняга, куткі ўпрыгожваюць абразы.
— Я пастаянна Бога малю, каб дабра ўсім даў, а мне сілы яшчэ сябе крыху дагледзець. Дзякуючы малітвам, напэўна, і жыву, — заўважае бабуля Аляксандра.
Хоць  сіл  у Аляксандры Сямё­наўны з кожным годам становіцца ўсё менш, але пакуль пакрысе яна сама спраўляецца з хатнімі справамі: і ежу сабе нагатуе, (дзякуй Богу,  як гаворыць яна, брат, які жыве ў Пажэжыне, бульбачку прывёз, ёсць з чаго гатаваць), і печку распаліць, галоўнае, каб сацыяльны работнік дровы ў дом прынесла, і за сабою прыбярэ. І што самае дзіўнае, на хатнія цяжкасці (у адрозненне ад многіх маладых гаспадынь) не скардзіцца, уздыхае толькі, што ногі не хочуць слухацца, ды і ў руках спрытнасці зусім няма.
Размова завяршаецца… Тлумачым бабулі Аляксандры,  што хацелі б зрабіць фотаздымак у газету. Яна пачынае хвалявацца: шукае іншую хустку, папраўляе кофту, выбірае месца,  дзе прысесці, цікавіцца, ці добра будзе выглядаць на фотаздымку – адным словам, жанчына, колькі б ёй ні было гадоў, застаецца жанчынай. Толькі вось усмешка на яе твары так і не з’явілася. За некалькі дзесяцігоддзяў адзіноты, відаць, развучылася яна ўсміхацца. Затое ў душы засталася шчырасць. На развітанне Аляксандра Сямёнаўна доўга жадала ўсім дабра, шчасця і даўгалецця, толькі, праўда, не адзінокага, а з цеплынёй і клопатам блізкіх.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: 90-гадовая жыхарка в.Язвін Аляксандра Сямёнаўна Гарах.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


Кредит на недвижимость zaraz.org.ua
https://zaraz.org.ua