“Беларускай мовы смак”

Так называецца чарговы зборнік мясцовай паэтэсы Лідзіі Гаўрылюк, які падрыхтаваў і выдаў аддзел бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай ЦБС. У невялікім па памерах зборніку змешчаны 22 вершы, напісаныя на беларускай мове ў 2015 і 2016 гадах. У Лідзіі Сцяпанаўны гэта ўжо 5-ы па ліку зборнік. Першы з іх пад назваю “…но жить иначе просто не хочу!” убачыў свет у 2006г. У 2008г. Лідзія Гаўрылюк парадавала чытачоў яшчэ адным зборнікам вершаў “За цябе, Беларусь, буду Богу маліцца”. Выніковым стаў і 2010г. Тады аддзел бібліятэчнага маркетынгу выдаў яе “Кропелькі вечнасці”. Наступныя 2 гады для Лідзіі Сцяпанаўны таксама сталі плённымі ў творчым плане, бо з’явіўся яшчэ адзін зборнік “Дарога – жыццё”.
І вось “Беларускай мовы смак”. Пасля прачытання застаецца пачуццё асалоды ад сустрэчы з паэтычным словам. Напісаны вершы на роднай мове сакавіта, прыгожа, каларытна. Чытаеш і ствараецца ўражанне, што льецца нейкая ціхая мелодыя, даўно знаёмая, прыемная, мілагучная, якая ласкае зрок і слых. Паэтэса пільна падбірае, нібы узважвае кожнае слова, каб дакладней, паўней і больш ёміста ахарактарызаваць нейкую з’яву, падзею, працэс. Напрыклад, цікавымі падаюцца такія радкі:
Ляжаць за спіною гады, як снапы…
Захавала памяць з асалодай
Родныя маленства берагі…
Альбо:
Бываюць словы, як цвікі.
Пранізваюць да болю,
Як быццам вострыя клыкі
Звяроў, што ў няволі…
А вось як вобразна і маляўніча паэтэса піша пра ўзрост чалавека, які ўжо даўно не ў пары маладосці. Ён у Лідзіі Гаўрылюк асацыіруецца з восенню:
Падкрадзецца ціха-ціха на падвор’е,
І без запытанняў, хочам мы ці не,
Ў нас пазычыць сілу, прыгажосць, здароўе,
Нават нейкім сумам душу ахіне.
Серабром бліскучым пафарбуе скроні,
Забярэ салодкі сон наш уначы,
Міма нашай волі затрымцяць далоні…
Ад такога лёсу не, не ўцячы.
У вершах Лідзіі Гаўрылюк створана шмат яскравых і запамінальных вобразаў на аснове ўласных назіранняў, абагульненняў, філасофскіх разваг над жыццём:
Прайшоўся дожджык з навальніцай,
Як быццам злодзей уначы,
Баяўся некуды спазніцца,
Таму зямлю не прамачыў.
Жыццё як пар, так хуценька знікае,
Зрываецца, як ліст пажоўклы з дрэў,
І як касцёр, што ціха дагарае,
Аднак жа ён кагосьці абагрэў.
У жыцці таксама, людзі,
Было звеку і век будзе.
Нам таго не мінаваць:
Усё, што сеем, будзем жаць!

* * *
Лідзія Сцяпанаўна нарадзілася і вырасла ў в.Ляхаўцы. У свой час жанчына працавала ў Доме быту вышывальшчыцай, кандытарам, цяпер – поварам у адных з дзіцячых садкоў горада. Першыя вершы яна напісала яшчэ ў дзяцінстве, друкавалася ў раённай газеце “”. Лідзія Гаўрылюк цяпер таксама захапляецца яшчэ і маляваннем, любіць іграць на гітары, акардэоне. У сям’і Лідзіі і Мікалая Гаўрылюкоў васьмёра дзяцей: Андрэй, Веніямін, Данііл, Ірына, Інеса, Маргарыта, Мацвей, Давід. Многія свае вершы напісала жанчына менавіта для іх.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Лідзія Гаўрылюк і яе школьны настаўнік Мікалай Пацяюк падчас адной з творчых сустрэч у чытальнай зале раённай бібліятэкі.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 34 от 7.05.16г.

Добавить комментарий


на сайте

http://chemtest.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!