Кавальская арцель

Карані кавальскага рамяства ідуць з далёкай гісторыі. З металу нашы продкі выкоўвалі прылады працы, рэчы для быту, зброю. Праляцелі цэлыя стагоддзі, а кавальства не страціла сваёй самабытнасці, яно развіваецца, набывае ўсё новыя асаблівасці. Выключна ручная апрацоўка металу пад уздзеяннем агню з часам стала дапаўняцца спецыяльнымі машынамі і станкамі, якія хоць і дапамагаюць зрабіць працэс больш тэхнічным і хуткім, але не пазбаўляюць гэтую справу творчасці і этнічнасці.
Паспяхова спалучаць у сваёй рабоце традыцыі коўкі і тэхналагічныя новаўвядзенні, пашыраць уяўленне сучаснікаў аб мастацкай коўцы і выкарыстанні каваных рэчаў у паўсядзённым жыцці імкнецца сваёй дзейнасцю прадпрыемства “Кавальская арцель” маларыцкага прадпрымальніка Дзмітрыя Саўчука.
Ідэя заняцца кавальскай справай Дзмітрыю Васільевічу прыйшла 3 гады таму, калі ў рукі яго трапіла рэч, што была па-мастацку выкавана з металу. Са знаёмым кавалём дамовіліся аб супрацоўніцтве, пралічылі, што патрэбна для таго, каб пачаць справу. Закупіўшы абсталяванне, узяліся за першыя заказы. Цяпер, калі за плячыма некалькі гадоў работы, у “Кавальскай арцелі” назбіралася цэлае партфоліа сваіх работ. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму каваля Аляксандра Трафімука і яго памочнікаў, прадпрыемства можа выканаць любы нават самы складаны заказ. Рукі майстра здольны ператварыць кавалак звычайнага металу ў ажурныя вырабы, прыгажосць якіх робіць іх параўнальнымі з творамі мастацтва. “Кавальская арцель” прапануе шырокі асартымент каваных вырабаў: ад варот, мэблі, казыркоў і поручняў, малых архітэктурных форм для дызайну інтэр’еру, да лесвіц, ліхтарыкаў, кветачніц.
Гасціная, сталовая ці спальны пакой, веранда дома, утульнае мястэчка побач з камінам, летні сад – з дапамогай майстроў кавальскай справы ў іх знешні выгляд лёгка прыўнесці арыгінальнасць. Мастацкая коўка добра спалучаецца з любым інтэр’ерам і будзе служыць на працягу многіх дзесяцігоддзяў.
— Папулярнасць каваных вырабаў у нашай краіне ў апошні час узрастае, — адзначае ў гутарцы дырэктар “Кавальскай арцелі” Дзмітрый Саўчук. — Многіх людзей ужо не задавальняюць звычайныя стандартныя рэчы, яны жадаюць падкрэсліць унікальнасць свайго жылля. Таму мастацкая коўка становіцца ўсё больш запатрабаванай. Заказваюць у нас агароджы з арыгінальным дызайнам, даводзілася выкоўваць для варот сямейны герб. Прысядзібныя ўчасткі ўпрыгожваюць гаспадары каванымі арэлямі, альтанкамі, лаўкамі, якія можна абвіць кветкамі ці вінаградам. Нават звычайнаму сметніку можна надаць цікавую форму.
Вы толькі ўявіце: кожны лісток, галінка, якія затым складаюцца ў кампазіцыю, праходзяць праз рукі каваля. Вядома, са з’яўленнем сучаснага абсталявання майстрам кавальскай справы працаваць стала лягчэй. Машыны дапамагаюць даць нарыхтоўкам патрэбны памер, нагрэць метал, а вось сам працэс надання формы металу застаецца ручным і патрабуе творчага падыходу.
У лютым гэтага года па вуліцы Савецкай у будынку старой гасцініцы, адкрыўся магазін “Кавальскай арцелі”. Тут можна зрабіць заказ на выраб каваных рэчаў, паглядзець і набыць шэдэўры мастацкай коўкі. Заўсёды ёсць у наяўнасці ў магазіне кветачніцы, ружы, якія застылі ў метале, вешалкі, падстаўкі пад абутак і многае іншае. Калі нечага ў магазіне няма, дык заказ выканаюць за некалькі дзён. Да вялікіх свят, такіх, як Раство, Вялікдзень, прадпрыемства прапануе шырокі спектр скідак.
— Часта заказчыкі прыходзяць да нас, ужо добра ведаючы, што яны хочуць атрымаць у выніку, нават з асабістымі эскізамі, якія ў інтэрнэце знайсці няцяжка. Калі ж заказчык хоча выкаваць сапраўды арыгінальную і эксклюзіўную рэч, тады разам мы малюем эскіз, абмяркоўваем усе дэталі, каб задаволіць запыт кліента, — дзеліцца вопытам работы Дзмітрый Саўчук.
У планах прадпрымальніка пашыраць асартымент магазіна новымі цікавымі вырабамі, далей паляпшаць тэхнічны бок майстэрні новым абсталяваннем. Маларытчане ўжо маглі ацаніць майстэрства “Кавальскай арцелі”. Арэлі ў парку, кветачніцы ля бальніцы, на вуліцы Несенюка і многія іншыя каваныя вырабы – справа рук работнікаў кавальскай майстэрні. “Кавальская арцель” падарыла Маларыце новую малую архітэктурную форму, якая размясцілася ля будынку старой гасцініцы. Яна ўяўляе сабой дрэва, на якім звілі гняздо два буслы. Работа над ёй ішла каля двух месяцаў. Каваная скульптура выглядае, сапраўды, грацыёзна. На думку гаспадара “Кавальскай арцелі”, яна добра ўлілася ў агульны гарадскі стыль і адлюстроўвае нашу нацыянальную сімволіку.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: дырэктар прыватнага прадпрыемства “Кавальская арцель” Дзмітрый Саўчук і творы арцелі.
Фота аўтара.
Опубликовано ГЧ № 35 от 12.05.16г.

Добавить комментарий


220km.net/

http://steroid-pharm.com

oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!