Двайная радасць

Многае, што звязана з нара­джэннем іх дачок-двайнят, для Зінаіды і Аляксандра Касачукоў з вёскі Дарапеевічы стала сапраўдным цудам. У іх сям’і былі ўжо два хлопчыкі – Іван і Дзіма. Але і дзеці, і бацькі марылі пра тое, каб у сям’і з’явілася яшчэ дзяўчынка. А таму з патаемнай надзеяй і цікавасцю, калі стала вядома пра цяжарнасць, чакалі ўльтрагукавое абследаванне, каб даведацца, хто ж будзе: сын ці дачка. Урачы развеялі ўсе сумненні і запэўнілі, што будзе хлопчык. Цяжарнасць праходзіла з ускладненнямі, і будучая мама, каб захаваць дзіця, доўгі час праводзіла на бальнічным ложку. Вядома, было яшчэ не адно абследаванне, і кожны раз ёй гаварылі: “У вас будзе сынок”. А таму ў час аперацыі (урачы палічылі неабходным правесці кесарава сячэнне) з’яўленне на свет дзвюх дзяўчынак было дзівам не толькі для маладой мамы, але і для медыцынскіх работнікаў.
— Мы марылі пра адну дзяўчынку, а тут адразу дзве. Былі, вядома, у шоку, бо двойню, звычайна, вызначае жывот, а ён у мяне, на дзіва, быў зусім невялікі… Ды і рыхтаваліся да таго, што сям’я папоўніцца трэцім хлопчыкам, а тут – дзяўчынкі, – успамінае свае эмоцыі Зінаіда Анатольеўна.
Праўда, перш чым шчыра парадавацца нараджэнню дачок, бацькам давялося прайсці шмат выпрабаванняў. Першай з дзяўчынак на свет з’явілася Даша, вага яе была 2 кілаграмы 320 грамаў. Праз дзве хвіліны з мамінага ўлоння ўрачы дасталі яшчэ і Сашу. І хоць вага яе ад “старэйшай” сястрычкі адроз­нівалася ўсяго на 120 грамаў, дзяўчынка нарадзілася вельмі слабенькай. Яе адразу накіравалі ў рэанімацыю, затым былі яшчэ месяцы, праведзеныя ў дзіцячым аддзяленні бальніцы і амаль тры гады чакання, бо маленькая Аляксандра ніяк не станавілася на ножкі. Прагнозы ўрачоў асабліва не абнадзейвалі. Але зноў жа адбыўся цуд. Калі сям’я амаль аформіла дакументы на інваліднасць, Сашка, на радасць усім, пайшла.
З дня нараджэння дзяўчынак прайшло ўжо 11 гадоў. Вядома, было нямала цяжкасцяў. Сям’я, у якой чацвёра дзяцей, — гэта клопаты, памножаныя на чатыры. А калі на руках двое немаўлят, як паспець зрабіць усё? Але цяжкасці забыліся. А пра прыемныя моманты напамінаюць фотаздымкі. Вось дзяўчынкі-двайняты ляжаць побач на ложку – зусім маленькія, усяго некалькі месяцаў ад нара­джэння, а вось ужо з брацікамі па вуліцы гуляюць, а тут і школьнае жыццё…
— Яны хоць нарадзіліся амаль адначасова, але заўжды былі зусім розныя. Саша больш на татаву радню падобная, Даша – на маю. І характарам зусім розныя, і звычкамі. Старэйшая сястра, а менавіта такой сябе лічыць Даша, на агародзе любіць працаваць, на кухні з задавальненнем дапамагае нешта згатаваць, спячы. А вось Саша больш жвавая, яе больш цікавіць гаспадарка, а ў нас – свінні, куры, трусы, рыбалка захапляе. І ў школе прыхільнасці ў дзяўчынак розныя. Сашу замежная мова цікавіць, матэматыка ёй добра даецца. А ў Дашы большыя здольнасці да мовы і літаратуры, — расказвае пра сваіх дзяўчынак Зінаіда.
Вядома, двойню, як заўважае мнагадзетная мама, гадаваць няпроста. Але вялікі плюс у тым, што дзяўчынкі адна для адной — шчырыя сяброўкі.
— Старэйшыя хлопчыкі зносяцца паміж сабой, у іх свае захапленні. Яны больш памочнікі для таты. Калі б у сям’і нарадзілася адна дзяўчынка, напэўна, ёй было б сумна. А ўдваіх яны і пагуляюць, і сакрэтамі падзеляцца. А іншы раз і пасварацца, бо характарамі розныя. Затое ў размове мне прызнаюцца, што таксама хочуць, каб, калі вырастуць і сваіх дзяцей чакаць будуць, нарадзіліся ў іх двайняты. Бо тады жывецца весела.
Не ўтойваюць сёстры, што ім многія сяброўкі зайздросцяць, таму што дзяўчынкі заўсёды разам. Не засумуеш, калі ёсць з кім пагутарыць, параіцца, у гульню паіграць і нават (напэўна, жартуюць) хатняе заданне спісаць. А калі засумуеш, дык не надоўга, бо ў вялікай сям’і заўжды зной­дзецца справа.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Зінаіда Касачук з дочкамі-двайнятамі Сашай (злева) і Дашай.

Фота
Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 35 от 12.05.16г.

Добавить комментарий


https://etalon.com.ua

www.medicaments-24.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!