Дружба, правераная часам

Калі пачалася дружба сям’і Навумчык з “раёнкай”, Іван Мікалаевіч і Праскоўя Барысаўна дакладна і не ўспомняць. Падлічваюць толькі, што раённая газета ў іх дом прыходзіць ужо больш за чатыры дзесяцігоддзі. Яна заўжды была для вяскоўцаў крыніцай навін.

— Штодня па тэлевізары чуеш, што робіцца ў краіне, за мяжой. А пра свой раён, пра вёску Макраны, землякоў можа расказаць толькі наша раённая газета, — разважае Іван Навумчык.
Ён прызнаецца, што вельмі любіць чытаць у “Голасе часу” замалёўкі, нарысы пра людзей, якіх добра ведае, з якімі шмат гадоў працуе ў мясцовай гаспадарцы, жыве побач. З імі быццам бы знаёмішся з новага боку. А яшчэ заўжды ахвотна заметкі пра раённую гімназію чытае. Цікавяць яны вясковага жыхара зусім не выпадкова, а таму, што дачка ў гэтай навучальнай установе працуе.
— У кожным нумары газеты ёсць што пачытаць, а потым у размове з вяскоўцамі абмеркаваць. Для чытача цікавая ў газеце нават рэклама. Гэта таксама свайго роду навіны, — па добраму, з павагай да газеты, жартуе Іван Мікалаевіч.
Хоць не адразу, але ж у размове Іван Навумчык не вытрымлівае і прызнаецца, што сам не раз быў героем публікацый у “раёнцы”. Старанны механізатар не адзін год выходзіў у пераможцы на жніве і атрымліваў як лепшы камбайнер узнагароды. Маральным заахвочваннем заўжды быў фотаздымак у газеце і добрыя словы пра працавітага чалавека. Можа, таму і любіць Іван Мікалаевіч чытаць пра людзей працы, бо добра ведае, як нялёгка, з потам і стомай, даюцца перамогі ў полі.
У вясковага гаспадара круглы год работы нямала. Вось і Навумчыкі з ранку да вечара справамі заняты. Іван Мікалаевіч хоць пенсіянер, але яшчэ механізатарскую справу не пакідае. Праскоўя Барысаўна, якая шмат гадоў працавала ў паляводчай брыгадзе, ужо на заслужаным адпачынку, але клопатамі па гаспадарцы занята. І ўсё ж на любімую газету (а менавіта ёй з усіх іншых аддалі перавагу Навумчыкі) кожную сераду і суботу, калі яна прыходзіць у дом, час знаходзяць. А нам, журналістам, вельмі прыемна пісаць артыкулы пра такіх і для такіх верных, правераных часам сяброў “Голасу часу”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Праскоўя Барысаўна і Іван Мікалаевіч Навумчыкі ахвотна чытаюць кожны свежы нумар «раёнкі».
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 35  от 12.05.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.