Дакрануліся да мінулага

Нядаўна вучні Маларыцкай раённай гімназіі з задавальненнем пабывалі на экскурсіі ў бібліятэцы пры Мікалаеўскай царкве райцэнтра, якая існуе з 1995г.

Яна з’яўляецца сапраўднай скарбніцай духоўнага слова для прыха­джан. Каштоўнасць і багацце бібліятэкі – яе фонд, які цяпер налічвае больш за 4300 экзэмпляраў кніг на любую тэматыку, звязаную з праваслаўем. Некаторыя выданні ёсць у некалькіх экзэмплярах. Увесь фонд згрупаваны па 16 асноўных раздзелах. Ёсць тут і служэбныя кнігі ХVIII, ХIХ і пачатку ХХ стагоддзяў – “Октоих”, “Четьи-Минеи”, “Триодь Постная”, “Триодь Цветная”… Многія з іх знаходзяцца ў драўлянай вокладцы, абцягнуты скурай. Акрамя кніг, бібліятэка выпісвае таксама розныя газеты і часопісы. Яе чытачамі цяпер з’яўляюцца больш за 130 дзяцей устаноў адукацыі горада.
— А зусім нядаўна ў архіве царквы знойдзены кнігі дакументальнага характару, — расказвае Ірына Сезік, “царкоўны” бібліятэкар, настаўніца Маларыцкай раённай гімназіі. – Гэта “Исповедальная ведомость” (“Духовная роспись”, 1906г.), “Обыск брачный сёл Замшаны, Гвозница, Мокраны, Ляховцы” (пачынаючы з 1840-га года). Таксама цяпер можна патрымаць у руках і пагартаць і іншыя дакументы мінулага: пасведчанні, просьбы, заявы на вянчанні. Гэтыя ўліковыя кнігі вялі служыцелі царквы ў выглядзе штогадовага перапісу насельніцтва той ці іншай мясцовасці. Яны з’яўляюцца “жывымі” сведкамі жыцця людзей на Маларытчыне ў ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Па гэтых кнігах можна, напрыклад, прасачыць сваю радаслоўную. У пачатку іх прозвішчы падаюцца ў алфавітным парадку. А гэта намнога аблягчае пошукавую справу. “Обыски брачные”, на жаль, захаваліся фрагментарна.
Адкрыццём для вучняў раённай гімназіі падчас экскурсіі ў царкоўную бібліятэку стаў почырк тых людзей, якія рабілі запісы ў кнігах. Вучні параўноўвалі “выявы” літар ў ХIХ стагоддзі з цяперашнімі. Гімназісты таксама звярнулі ўвагу на той факт, што некаторыя запісы ў царкоўных дакументах мінулага на тэрыторыі Маларытчыны вяліся на польскай мове і паралельна — на рускай. Такая сітуацыя склалася таму, што тэрыторыя Палескай Духоўнай Кансісторыі да 1939 года адносілася да Польшчы.
Бібліятэкі пры праваслаўных храмах трэба, каб былі. У гэтым цвёрда пераканана Ірына Аляксееўна. У сучасным свеце разнастайнай друкаванай прадукцыі многа, іншым разам бывае цяжка ў ёй зарыентавацца. Бібліятэкар жа заўжды параіць, што можна прачытаць па тэме, якая цікавіць. Таму людзі і ідуць у прыходскую бібліятэку, некаторыя – цэлымі сем’ямі. У кожнага наведвальніка свой шлях да яе.
— Царкоўная бібліятэка сёння, – гаворыць Ірына Сезік, — гэта своеасаблівы духоўна-інфармацыйны цэнтр як прыходу, так і ўсяго благачыння. У бібліятэку пасля заканчэння літургіі прыходзяць людзі для таго, каб прадоўжыць духоўную радасць зносін.
Вучні раённай гімназіі ў час наведвання царкоўнай бібліятэкі атрымалі цікавую і пазнавальную інфармацыю, станоўчыя эмоцыі, духоўны ўздым.
На здымку: Ірына Сезік і вучні раённай гімназіі з кнігамі ХIХ стагоддзя.

Опубликовано ГЧ  № 35 от 12.05.16г.

 

Добавить комментарий


ディテール

http://tokyozakka.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!