Імя, вернутае з небыцця

Кранальная падзея,
якая адгукнулася яшчэ адным рэхам Вялікай Айчыннай вайны, адбы­лася на міну­лым тыдні ў Гвоз­ніцкім сельсавеце. На яго тэрыторыі перазахаваны астанкі яшчэ аднаго салдата Вялікай Айчы­ннай вайны.

Ноччу з 13 на 14 чэрве­ня (паводле архіўных звестак гэта адбылося прыкладна ў 00.00) 1944г. у ваколіцах в.Дубрава (цяпер населены пункт у Брэсцкім раёне, які знаходзіцца на самай мяжы з Маларыцкім) упаў падбіты немцамі са­вецкі бамбардзіроўшчык ІЛ-4. Мясцовыя жыхары рас­казвалі, што пажар бушаваў там яшчэ ўсю ноч. Ад страшнага выбуху разарвала на кавалкі не толькі самалёт, але і лётчыка. Знойдзеныя яго астанкі разам з дакументамі пахавалі жыхары непадалёк ад месца падзення самалёта.
Пра гэты факт памятаў і Цімафей Клопат, мясцовы жыхар.
-Мне тады было 12 гадоў, — кажа Цімафей Карпавіч. – Я быў пастушком. Месца, дзе ўпаў самалёт, што ляцеў з усходу, запомніў. На жаль, тады ніхто не ведаў, колькі ўсяго было членаў экіпажа, ці засталіся яны ў жывых.
-Пошукі збітага ІЛ-4 і членаў яго экіпажа былі пачаты ў 2011г., — гаворыць Уладзімір Бухта, камандзір Брэсцкага гісторыка-пат­рыятычна-тэхнічнага атрада “Авіяполк”. – Адшу­калі мы дакладнае месца падзення якраз на Вялікдзень, 8 красавіка 2012г. Усё адбылося выпадкова, бо ў гэтых месцах шукалі іншае паветранае судна.
Неўзабаве былі зной­дзены фрагменты левага і правага рухавікоў самалёта з захаванымі выбі­тымі нумарамі — 888370 і 888883. Па іх і выйшлі на след экіпажа. Дзякуючы супрацоўнікам мема­рыяль­нага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, быў зроблены запыт у Падольскі ваенны архіў. Неўзабаве адтуль прыйшоў адказ, дзе паведамлялася, што рухавікі з указанымі нумарамі былі ўстаноўлены на бамбардзіроўшчыку ІЛ-4 (серыйны нумар 12619, выраблены на заводзе № 126). Самалёт належыў 9-му Гвардзейскаму авіяцыйнаму Палтаўскаму Чырвана­сцяжнаму палку далёкага дзеяння (3-яй эскадрыллі). Ён вылецеў з аэрадрома г.Белая Царква (Украіна) для бамбардзіроўкі фашысцкага аэрадрома “Малашэвічы” на тэрыторыі Польшчы ў скла­дзе трох чалавек: Мікалая Мінчанкі, камандзіра, старшага лейтэнанта, а таксама Валянціна Чыгіра, штурмана, лейтэнанта, і Рамана Рагаўцова, стралка-радыста, старшага сяржанта. З задання бамбардзіроўшчык назад не вярнуўся, таму што быў падбіты непадалёк ад Брэста.
Так атрымалася, што Валянцін Чыгір і Раман Ра­гаўцоў засталіся жывымі.
Камандзір экіпажа аддаў загад пакінуць борт. Першым выскачыў з парашутам стралок-радыст. Раман Рагаўцоў прызямліўся ў раёне вёскі Старое Раматова. Яго выратавала сувязная Марыя Іванаўна Сыч. Другім пакінуў самалёт (таксама з парашутам) Валянцін Чыгір. Яго знайшла сувязная партызанскага атрада Вольга Дзібук, якая тады пражывала ў в. Брадзяцін.

Штурман, верагодна, выскачыў з малой вышыні, бо атрымаў раненне нагі. А вось 28-гадовы камандзір, напэўна, не паспеў пакінуць свой паветраны карабель, ратуючы жыццё сяброў.
Было ўстаноўлена, што Мікалай Цімафеевіч Мінчанка, які з 1944г. лічыўся прапаўшым без звестак, нарадзіўся 5 красавіка 1916г. на станцыі Папаская Харкаўскай вобласці Украінскай ССР. У 1936г. ён закончыў вучобу ў аэраклубе г.Улан-Удэ. З 4 сакавіка 1938г. служыў у арміі. З сакавіка 1939г. па кастрычнік 1940г. быў курсантам Балашоўскай ваеннай авіяцыйнай школы.
Па-рознаму склаўся лёс лётчыкаў, што выжылі. Раман Рагаўцоў здолеў своечасова паведаміць пра сваё месцазнаходжанне. У 1962г. у званні падпалкоўніка ён закончыў службу на Украіне. Валянцін Чыгір жа толькі недзе праз месяц паведаміў камандаванню, што жывы. Увесь гэты час лётчык знаходзіўся у адной сям’і, якая яго даглядала…
* * *
Незадоўга да Дня Перамогі на месцы падзення самалёта ІЛ-4 і там, дзе быў пахаваны лётчык Мікалай Мінчанка, былі ўстаноўлены памятны і інфармацыйны знакі. А 7 мая ў лясным масіве прайшоў мітынг з нагоды гэтай падзеі. На ім прысутнічалі Вадзім Шпетны, намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама, Анатоль Навакоўскі, старшыня Гвозніцкага сельскага Савета, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў Беларусі, Расіі і Украіны, вучні і настаўнікі Гвозніцкага д/с-СШ, жыхары навакольных вёсак… Пасля выступленняў на мітынгу протаіерэй Генадзь Шэпялевіч, настаяцель Успенскай царквы в.Гвозніца, адслужыў памінальную ліцію і асвяціў памятны знак.
Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Опубликовано ГЧ № 36 от 14.05.16г.

Добавить комментарий


Купить аккумуляторы

there best-cooler.reviews

progressive.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!