Юбілей без адзіноты

Работнікі сацыяльнай службы не толькі штодня клапоцяцца пра сваіх падапечных, дапамагаюць у вырашэнні бытавых праблем, але і не забываюць віншаваць са святамі.

У дзень, калі Аляксандры Васільеўне Уласюк з вёскі Збураж споўнілася 80 гадоў, да яе ў госці завіталі спецыялісты аддзялення сацыяльнай дапамогі дома тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Нечаканы візіт, падарункі і віншавальныя словы кранулі жанчыну да глыбіні душы. Расказваючы аб сваіх справах, аб тым, як жывецца адзінокаму пажылому чалавеку ў вёсцы, Аляксандра Васільеўна адзначыла, што цяпер у моладзі ёсць усё для таго, каб жыць добра. А вось у час яе маладосці, каб пражыць, трэба было шмат і цяжка працаваць, не шкадуючы ні сіл, ні свайго здароўя.
Усё жыццё Аляксандра Васільеўна Уласюк аддала рабоце ў мясцовай гаспадарцы. Ваеннае дзяцінства пакінула ў душы тады маленькай дзяўчынкі самы жудасны след. Як расказала юбілярка, акупанты спалілі вёску. Каб выжыць і не трапіць у палон, даводзілася ўцякаць, хавацца ў лесе. Нялёгкім быў і пасляваенны час. Жыццё ў невялічкай зямлянцы, якую дзялілі разам тры сям’і, Аляксандра Васільеўна ўспамінае са слязамі на вачах. Ужо ў 14 гадоў яна пайшла працаваць даяркай, каб дапамагчы матулі. Праз некаторы час яе перавялі ў цялятніцы, гэтай справай яна займалася да выхаду на пенсію.
— За плячыма засталіся 39 гадоў цяжкай фізічнай працы, якія не маглі не адбіцца на здароўі. Але ж я любіла сваю работу, на яе ішла як на свята. Падабалася мне даглядаць за цяляткамі, яны, як маленькія дзеці, — ласкавыя і шчырыя.
Драўляную хату, у якой жыве жанчына, некалі давялося будаваць сваімі сіламі разам з маці. Так склалася, што па жыццёвай дарозе Аляксандра Васільеўна ідзе адна. Але ў 80-ты дзень нараджэння ў яе хаце сабралася шмат гасцей, якія жадалі ёй доўгіх гадоў жыцця і аптымізму.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: Аляксандра Васільеўна Уласюк прымае віншаванні.
Фота аўтара.

Опубликовано Гч № 37 от 18.05.16г.

Добавить комментарий


https://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!