Магія лялек

Усе мы родам з дзяцінства. А дзяцінства цяжка ўявіць без лялек. Іх – прыгожых, з дзіўнымі валасамі, шыкоўнай вопраткай, прывыклі
ўспрымаць мы як цацкі. Але ў старажытнасці лялька  мела зусім іншае значэнне. Продкі выкарыстоўвалі іх як абярэгі сям’і, дзяцей, наогул хатняга дабрабыту і шчасця. Вярнуцца да традыцый нашых прабабуль, успомніць стараславянскае амаль забытае рамяство вырашыла жыхарка вёскі Макраны, дырэктар мясцовага сельскага Дома культуры Ніна Дзірук. І цяпер у яе даволі немалая калекцыя лялек-абярэгаў,  якія стварыла жанчына сваімі рукамі.

— Неяк на курсах пабывала на майстар-класе, пазнаёмілася з тэхналогіяй вырабу лялек-абярэгаў. Потым шмат чытала пра лялькі ў кнігах і інтэрнэце. Было цікава пазнаёміцца са значэннем кожнай з іх, адкрыла для сябе шмат новага з мінулага продкаў. А вырабам лялек занялася толькі летась, — успамінае Ніна Рыгораўна.
Першай у яе калекцыі была Берагіня. Гэтая магічная лялька з шырока раскінутымі рукамі, як лічылася, была абярэгам дома, абараняла сям’ю ад сварак, хвароб і нягод. Выраб яе, як прызнаецца Ніна Рыгораўна, заняў шмат часу, бо далёка не ўсё атрымлівалася, тым больш, што рабіла яе майстрыха, як і належыць у рабоце з лялькамі-абярэгамі, без іголкі і нажніц: з дапамогай нітак скручвала кавалкі тканіны, надаючы патрэбную форму. І хоць першы выраб даўся няпроста, жаданне стварыць сваю лялечную калекцыю не знікла.
Кожная лялька – абрадавая, абя­рэгавая ці гульнёвая (а менавіта на такія віды падзяляліся яны ў нашых продкаў), — свая асобная гісторыя. Ведаць значэнне лялек-абярэгаў лічыць Ніна Дзірук вельмі важным для кожнага. І ахвотна расказвае пра свае вырабы, іх сімволіку і тыя ўласцівасці, якімі надзялялі іх прадзеды:
— Самую простую ляльку Спавівашку рабілі для маленькіх дзетак. Яе клалі немаўляці ў далонь і, сціскаючы кулачкі, малы сам сабе рабіў масаж усёй унутранай паверхні далоні. Паколькі ляльку-спавівашку рабіла для дзіцяці сама матуля, у яе ўкладваліся ўся мацярынская любоў і цеплыня. А вось рознакаляровыя лялькі-кувадкі выкарыстоўвалі замест паграмушак і вешалі над калыскай дзіцяці. Калі дзіця падрастала, кувадкі выкарыстоўваліся як першыя цацкі. А ляльку Бяссонніцу маці рабіла з дзвюх хустачак, калі дзіця не магло заснуць. Прыгаворваючы, каб бяссонніца гуляла не з дзіцем, а з лялькай, гэтую магічную ляльку-калыханку клалі ў ложак да дзіцяці. У кожным доме была і Кубышка-траўніца. Ляльку, у якую былі закладзены лекавыя травы – лаванда, мята, ліпа, выкарыстоўвалі для таго, каб у доме заўжды быў прыемны пах, які, як лічылася, адганяе хваробы. Кожныя два гады травы ў Кубышцы-траўніцы замянялі, напаўняючы яе свежымі. І зноў па дому расходзіўся прыемны водар. Ахоўнікам дома заўжды лічыўся Дамавёнак. Гэтую ляльку рабілі ў падарунак, калі ішлі ў госці. Прыносілі ў падарунак і ляльку Званочак з пажаданнямі атрымліваць толькі добрыя весткі. Гэтую ляльку добрых вестак, абярэг настрою, радасці і шчасця вывешвалі гаспадары на ўваходзе ў дом. Ляльку Дзесяціручку, якая ўяўляе сабой жаночую фігурку з доўгай касой і дзесяццю рукамі, дарылі на вяселлі маладой гаспадыні, каб яна паспявала рабіць усе хатнія справы. Прыпадносілі гэтую ляльку і замужняй жанчыне на Піліпаўскі пост, каб хутка справілася яна з той работай, што яшчэ не зроблена. З ліку тых лялек, якія па сілах было зрабіць нават дзіцяці, – Аддарак на падарунак. Гэтую ляльку, як знак удзячнасці і пажадання дабра, дзеці рабілі, каб перадаць яе бацькам ці хросным за іх падарункі. Надзейным абярэгам для кожнага дома, паказчыкам дастатку і працавітасці гаспадароў была лялька Зернавушка, унутры якой захоўвалася зерне. Напаўнялі яе зернем новага ўраджаю і ставілі ў чырвоны кут дома, а вясной, перад сяўбой, бралі зярняты з Зернавушкі і сыпалі іх у агульнае зерне, каб быў добры ўраджай. А восенню зноў напаўнялі ляльку зернем. Як абярэг маладосці і прывабнасці, кожную вясну рабілі яркую ляльку Вяснянку і дарылі яе блізкім людзям. Гэта быў сімвал абнаўлення прыгажосці і здароўя. А вось ляльку Жаданніцу з нітак альбо тканіны рабіла для сябе кожная дзяўчына асабіста. Прычым нікому гэтую ляльку не паказвала. Жаданніцу ўпрыгожвалі стужкамі, прышывалі кветкі ці пацеркі. Паказваючы ў люстэрка, якая лялька прыгожая, прасілі ў яе выканаць жаданне. На кожнае новае ўпрыгожванне было сваё патаемнае жаданне.
— У калекцыі шмат лялек-абярэгаў, але, напэўна, гэта яшчэ не ўсе, што былі ў дамах нашых продкаў? – цікаўлюся ў Ніны Дзірук.
— Вядома, зроблены далёка не ўсе. Ды і многія з тых, што былі зроблены, падораны ўжо. Была ў калекцыі лялька Неразлучнікі – сімвал моц­нага сямейнага саюза. Такую ляль­ку-абярэг, якая складаецца з дзвюх лялек з агульнай рукой, што аз­начае сумеснае пераадоленне ўсіх жыццёвых нягод, хачу зрабіць яшчэ. У планах і лялька Шасціручка, якую звычайна рабілі ў падарунак для рукадзельніцы, што вышывала, шыла, вязала, ткала, каб хутчэй ладзіліся яе творчыя справы.
— А ці доўгі час займае работа над адной лялькай?
— На кожную ляльку ідзе тры-чатыры гадзіны. Але доўгі не сам працэс вырабу, а падрыхтоўка да яго. Спачатку трэба настроіцца, падабраць час, пазнаёміцца са значэннем лялькі, уявіць, якой яна будзе. Часам ніяк не ляжыць душа да работы, тады і пачынаць не варта. Бо ляльку трэба рабіць няспешна, з вялікай любоўю. Тады пасля яе вырабу адчуваеш сапраўдную радасць і асалоду.
— А ці ёсць нейкія правілы, свае сакрэты, звязаныя з вырабам славянскіх лялек-абярэгаў?
— Свае правілы, вядома, ёсць. Так, кожную ляльку-абярэг трэба рабіць у свой дзень і толькі ў адзін прыём, не адкладваючы справу ні “на заўтра”, ні “на пасля”. Звязана гэта са старажытнай прыкметай: справа, зробленая ў другі раз, перакрэслівае тое, што было зро­­блена ў першы. Яшчэ лялькі майстравалі без выкарыстання іголак і нажніц. Тканіну скручвалі, звязвалі, абмотвалі ніткамі, прычым і тканіну, і ніткі рвалі рукамі.
— Напэўна, адсюль і станоўчая энергетыка, што адчуваеш, гле­дзячы на лялькі, якія добра ведаюць цеплыню рук майстра. А ці мелі значэнне колеры тканіны?
— Тканіна для лялькі магла быць розных колераў, але галоўнае, каб у ёй прысутнічаў чырвоны колер, які сам па сабе з’яўляецца абярэгам.
— І яшчэ не магу не спытаць. Усе лялькі-абярэгі безаблічныя. З чым гэта звязана?
— З тым павер’ем, што безаблічная лялька ніколі не зможа стаць чыімсьці двайніком, а значыць, ніколі, ні наўмысна, ні выпадкова не нанясе шкоду чалавеку.
У снежні мінулага года з лялькамі-абярэгамі з калекцыі Ніны Рыгораўны Дзірук змаглі пазнаёміцца ўсе наведвальнікі Макранскай сельскай бібліятэкі. Менавіта тут была арганізавана выстава “Магія лялек”. Найбольш уразілі стараславянскія абярэгі школьнікаў. Яны з цікавасцю вывучалі значэнне лялек і тым самым, знаёміліся з мінулым. Многія выказалі жаданне самі навучыцца рабіць лялькі-абярэгі, наведваючы аб’яднанне па інтарэсах. А яшчэ макранскія культработнікі працуюць над стварэннем этнаграфічнага куточка. У ім побач з іншымі старажытнымі рэчамі размесцяцца і лялькі-абярэгі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар Ма­кранскага СДК Ніна ДЗІРУК са сваімі лялькамі-абярэгамі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

опубликовано Гч № 37 от 18.05.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


lkredit.com.ua

https://best-cooler.reviews/

https://karter-kiev.net