Лепшы трэнер для дзяцей

    У  дзяцінстве  многія  захапляюцца  спортам, аднак  далёка  не  для  кожнага  ён  становіцца прафесіяй.  Але  ж,  калі  людзі  свядома  выбіраюць  спартыўны  шлях,  яны  ўжо  не  могуць  адмовіцца ад жыцця  ў  бесперапынным руху  і  фізічным  развіцці,  трэніровак  і  духу  спаборніцтваў.

Ужо 4 гады ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе працуе малады трэнер па гандболе Сяргей Крупскі. Яго спартыўная біяграфія, як у большасці работнікаў фізічнай культуры, пачыналася ў дзяцінстве. Калі Сяргей вучыўся яшчэ ў 4-ым класе, яго як актыўнага вучня заўважыў трэнер Генадзь Рабчынскі. І прапанаваў займацца гандболам. Сяргею заняткі гандболам спадабаліся. Спрабаваў ён займацца і іншымі відамі спорту, у тым ліку футболам, аднак пры паступленні аддаў перавагу гандболу. Юнак стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, дзе вучыўся на факультэце спартыўных гульняў і адзінаборстваў. Па размеркаванні Сяргей вярнуўся ў Маларыту. Адсутнасць вопыту ў маладога спецыяліста кампенсавала жаданне працаваць.
— Набраў першыя групы дзяцей. Не скажу, што з першых дзён было лёгка. Трэба было даць азы гандбола, навучыць рабоце ў камандзе зусім маленькіх яшчэ дзяцей. Аднак цяпер, праз 4 гады работы з імі, ёсць поспехі, якія не могуць не радаваць мяне як трэнера. Менавіта яны і стымулююць працаваць яшчэ больш старанна. Але разам з імкненнем да вынікаў для трэнера важна выхаваць у дзяцей любоў да фізічнай культуры і спорту ў цэлым.
Нягледзечы на тое, што трэнерская справа Сяргею Аляксандравічу даспадобы, ён не ўпускае магчымасці асабіста паўдзельнічаць у якасці іграка ў розных спаборніцтвах і турнірах, якія праходзяць на Маларытчыне.
У спартыўнай школе адзначаюць, што Сяргея Крупскага дзеці вельмі любяць і паважаюць. Яго трэніроўкі наведваюць з задавальненнем. А ўсё таму, што да кожнага юнага спартсмена трэнер імкнецца знайсці свой падыход: дзе трэба – падтрымаць, у нейкіх выпадках быць строгім і настойлівым. Але ж для кожнага выхаванца ў Сяргея Крупскага знаходзіцца добрае слова, нікога не абдзяляе ўвагай.
Аб чым марыць кожны педагог? Каб яго паслядоўнікі дасягнулі высокіх вынікаў і нават пераўзышлі ў майстэрстве свайго настаўніка. Сваёй звышзадачай Сяргей Крупскі лічыць падрыхтоўку таленавітых спартсменаў, якія б маглі гуляць за зборную краіны. Як адзначае Сяргей Аляксандравіч, сярод яго навучэнцаў цяпер нямала тых, у каго ёсць добрыя фізічныя дадзеныя і ўсе шанцы, каб дасягнуць поспеху ў гандболе. Застаецца толькі прыкласці максімум намаганняў, а за неабходнымі навыкамі і ўменнямі, якія гатоў даць трэнер, справа не стане.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: трэнер па гандболе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна Сяргей Крупскі сярод сваіх выхаванцаў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 38 от 21.05.16г.

 

Добавить комментарий


http://shtory.ua/

обращайтесь monaliza.kiev.ua

https://pills24.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!