СХАДЗІ ТЫ Ў ЛАЗНЮ

Маларытчанін Аляксандр Васільевіч, адзін з вялікіх аматараў лёгкай пары, які даўно і рэгулярна наведвае гарадскую лазню, ад імя аднадумцаў тэлефанаваў да нас у рэдакцыю і выказваў занепакоенасць тым,
што ў хуткім часе, магчыма, не будзе працаваць і гарадская лазня. — Амаль ва ўсіх вёсках ужо лазні пазакрывалі, — гаварыў Аляксандр Васільевіч, — няма гарантыі, што і гарадскую не напаткае такі лёс. Каб развеяць сумненні, карэспандэнт рэдакцыі абмеркавала пытанне лазневага абслугоўвання з намеснікам дырэктара КУШВП ЖКГ ”Маларыцкая ЖКГ” Надзеяй Еўдакімавай.

Па яе словах, цяпер у раёне сапраўды функцыянуюць толькі тры лазні: гарадская і дзве ў вёсках, а менавіта ў Гвозніцы і Велікарыце. Чаму закрылі астатнія, што былі ў населеных пунктах раёна? Асноўная прычына — эканамічныя страты. Між іншым, і тыя лазні, што працуюць, ніяк не пакрываюць фінансавыя затраты на іх утрыманне. Да прыкладу, за I квартал гэтага года на Гвозніцкую лазню было затрачана 6,3 мільёна рублёў, даходы ж склалі ўсяго толькі 1,2 мільёна рублёў. У Велікарыце яшчэ горшая сітуацыя. Камунальнікі затрацілі на тутэйшую лазню 6,4 мільёна рублёў, а выручкі яна дала 1,1 мільёна. Толькі амаль на чвэрць пакрыла затраты на ўтрыманне і гарадская лазня: за I квартал яна”зарабіла” 58,3 мільёна рублёў, у той час як расходы склалі 209,3 мільёна.
Станоўча не паўплываў на сітуацыю і той факт, што цэны на паслугі лазні засталіся на ўзроўні мінімальна дапуш­чальных — 40 тысяч рублёў. Хаця, як вядома, у сувязі з прыняццем урадам нашай рэспублікі пастановы №8 ад 11 студзеня 2016 года паслугі лазняў былі выключаны з пераліку сацыяльна значных. Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь у сваю чаргу растлумачыла, што субсідзіраванне з бюджэту паслуг агульных лазняў і душавых спыняецца. Акрамя таго, тое ж міністэрства дадаткова праін­фармавала, што сацыяльны стандарт № 6 ”Наяўнасць памывачных месцаў у лазнях: для гарадоў і гарадскіх пасёлкаў” вызначае неабходнасць работы лазняў толькі ў гарадах і гарадскіх пасёлках.
У некаторых абласцях, скажам, у Гродзенскай, Гомельскай і іншых, камунальнікі прынялі названыя дакументы як кіраўніцтва да дзеяння, пачалі павышаць тарыфы на паслугі лазняў, каб забяспечыць іх рэнтабельнасць. Цана вырасла да 100 тысяч рублёў, у 2-3 разы. Але гэта не дало ніякіх станоўчых вынікаў. Наведвальнікаў у многіх лазнях прыкметна стала менш, што адпаведна адбілася і на грашовай выручцы.
Нашы ж камунальнікі такі эксперымент не прымянялі. І цана ў 40 тысяч рублёў засталася ранейшай. Праўда, ажыятажу не назіраецца.
Дарэчы, у ведамасным мі­ністэрстве разлічылі, што цяпер тарыф на наведван­не грамадскай лазні не павінен перавышаць 65 тысяч рублёў—быццам бы пры такіх цэнах суб’екты гаспадарання змогуць забяспечыць рэнтабельную работу прадпрыемстваў і не страціць наведвальнікаў. Маларыцкія камунальнікі і тут зноў жа не рызыкавалі, добра ведаючы, што пры нашых невялікіх пенсіях і заработных платах і 40 тысяч немалыя грошы. Хаця рэальна, як зрабіла разлік эканамічная служба прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сабекошт паслуг гарадской лазні складае 96 тысяч 731 рубель.
Будзе працаваць гарадская лазня ці не? Надзея Аляксандраўна настроена аптымістычна.
-Мы ў сваю чаргу,-гаварыла яна,-стараемся прымаць пэўныя меры, каб забяспечыць работу грамадскай лазні. Летась тут быў зроблены добры рамонт. Сёлета, улічваючы эканамічныя страты, мы перагледзелі рэжым работы лазні. Цяпер яна працуе два дні ў тыдзень, замест трох. Задаволены мы і калектывам, кожны работнік якога вельмі адказны, добразычлівы і спагадлівы. Таму закрываць грамадскую лазню ў горадзе пакуль ніхто не збіраецца, як бы стратна гэта ні было для на­шага прадпрыемства. Ну і спадзяемся, — заключыла Надзея Аляксандраўна, — што эканамічная сітуацыя ў нашай краіне палепшыцца. А ў такім разе зноў дзяржава зможа хоць крыху субсі­дзіраваць з бюджэту паслугі лазняў.
Аптымістычны настрой з намеснікам дырэктара КУШВП ЖКГ ”Маларыцкая ЖКГ” Надзеяй Аляк­санд­раўнай Еўдакімавай раздзяляем і мы. Хацелася б, каб ён перадаўся і ўсім аматарам лёгкай пары.
Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у гарадской лазні заўсёды рады вам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 38 от 21.05.16г.

Добавить комментарий


юридическое сопровождение бизнеса

форд фиеста

https://onlyyou.od.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!