Галоўная кропка на карце

Чым больш жывеш і даведваешся пра свет, людзей у ім, тым настойлівей прастора сціскаецца да маленькай кропкі на карце – той, дзе стаіць бацькоўскі дом – самае дарагое і роднае месца на зямлі. І вось тады, праз гады і дзесяцігоддзі, пачынаецца дарога дамоў, наперакор вядомаму выразу “дарога з дому”. Гэты шлях больш доўгі і складаны, чым дарога з дому. Бо спазнаць самога сябе заўсёды нялёгка. Падзеі пачынаеш сувымяраць не з ходам сусветнай гісторыі, а з лёсамі жывых людзей, бліжэйшых суседзяў, родзічаў, якія проста крыху раней за цябе прайшлі па жыцці. Тады набываюць галасы і вуліцы, і закінутыя дамы, і скверык ля царквы,  праз які весела беглі са школы, і лес, багаты ягадамі і грыбамі, і “піянерская” горка,  дзе палілі кастры, а зімой каталіся на лыжах, і родны пагорачак на старых могілках…
“У каждого из нас на свете есть места, что нам за далью лет все ближе, все дороже. Там дышится легко, там мира чистота нас делают на миг счастливей и моложе». Словамі гэтай вядомай песні пачынаўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню вёскі Збураж. Гэтае свята праводзіцца тут штогод напярэдадні прастольнага праваслаўнага свята Пакровы. Яно стала добрай традыцыяй.

Спонсары мерапрыемства – прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна”,  Маларыцкі сельвыканкам, мясцовы магазін “Александрыя” ў асобе Аляксандра і Наталлі Піпко. Старшыня сельвыканкама Ніна Луцук павіншавала ўсіх жыхароў са святам і аб’явіла вынікі конкурсу на “Лепшы двор”. Трэба сказаць, што з кожным годам прыгожых і ўтульных двароў становіцца ў нашай вёсцы ўсё больш, і спіс іх гаспадароў пастаянна папаўняецца. Сёлета лепшымі прызнаны двары Тамары і Алега Лукаўцаў, Тамары і Андрэя Лямачкаў, а самай утульнай і квітнеючай не ў першы раз ужо прызнана сядзіба Жанны Новік. Пераможцаў узнагародзілі падарункамі.
Вельмі сімвалічна, што Дзень маці супадае са святам Пакровы Прасвятой Багародзіцы. У 2010 годзе ў вёсцы Збураж сваім першым крыкам “добры дзень, мама!”віталі сваіх маладых маці Ларысу Андрэйчук і Таццяну Сіжук іх нованароджаныя. А Ірыну Карпук шчаслівай зрабіла адразу двойня. Асаблівым радком хацелася б выдзеліць сям’ю Валянціны і Пятра Лямачкаў, якія першымі ў нашай вёсцы ўзялі на выхаванне хлопчыка Дзмітрыя. Спадзяемся, што з іх добрага ўчынку возьмуць прыклад іншыя. Усім мамам уручалі падарункі. У конкурсе малюнкаў “Мая любімая мама” былі ўзнагароджаны Лена Тыцык,  Лена Назарук,  Аксана Хоміч і Святлана Каненя. А Аляксандра Басак атрымала прыз за кампазіцыю “Дары восені”.
Старэюць, на жаль, нашы маці, але такія жыццёвыя законы. Затое вырастаюць і мужнеюць дзеці, нараджаюцца доўгачаканыя ўнукі, грымяць на ўсё сяло вясёлыя вяселлі.
У 2010 г. у залатым месяцы восені – кастрычніку – адзначылі свой залаты юбілей сумеснага жыцця Мікалай і Ніна Алесікі. Трое дзяцей і родныя прыйшлі павіншаваць іх. Усе хорам песняй пажадалі ім здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця. Юбіляраў павіншавала старшыня сельвыканкама Ніна Луцук.
У той жа дзень у Збуражскай школе прайшлі спаборніцтвы па валейболу паміж камандамі Олтуша і Збуража, у якіх перамаглі олтушцы.
Усім аднавяскоўцам і гасцям свята дарылі свае песні знаёмыя выканаўцы родам са Збуража. Гэта Віктар Саўчук, Юрый Варанчук. На “біс” успрымалі Алёну Жлукту, Вольгу і Глеба Краско, Паўліну Смірнову, сямейны дуэт Таццяны Варанчук і Ліліі Чуль, чароўную Танечку Саўчук. Цудоўна выконваў сваю ролю вядучага абаяльны Уладзімір Чабанюк.
Павіншаваць аднавяскоўцаў таксама прыйшлі “блізняшкі-неваляшкі” і нават іншапланецяне з сузор’я Вялікай Мядзведзіцы (ролі іх выконвалі работнікі Збуражскага СДК). Пасля канцэрта разыгрывалі латарэю, дзе кожны выйграў прыз, незадаволеных не было. Цудоўным атрымалася свята!
Таццяна ВАРАНЧУК, мастацкі кіраўнік Збуражскага сельскага Дома культуры.
НА ЗДЫМКАХ: у час святкавання Дня вёскі Збураж.

Добавить комментарий


http://topobzor.info

www.imr.net.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!