НЕВЫНОШВАННЕ ПЛОДА. ЧАМУ?

Нягледзячы на тое, што летась у нашым раёне, як у Мінску і Брэсц­кай вобласці, зарэгістраваны самыя высокія паказчыкі нараджальнасці, спецыялістаў-гінеколагаў па-ранейшаму хвалююць праблемы рэпрадуктыўнага здароўя, з якімі даводзіцца сутыкацца мужу і жонцы ў сям’і. Пра іх і ідзе гаворка ў інтэрв’ю з загадчыцай акушэрска-гінекалагічнага кабінета райпаліклінікі Таісіяй Чуйко.
-Таісія Анатольеўна, давайце пачнем з прыемнага, са статыстычных дадзеных па нараджальнасці. А яны за мінулы год парадавалі нас.
-Самыя высокія паказчыкі па нараджальнасці дасягнуты ў Мінску і Брэсцкай вобласці. Усяго на Брэстчыне летась нарадзілася 18749 дзяцей, што складае 13.5 на 1000 жыхароў. Пасля Брэста, дзе паказчык нараджальнасці склаў 19.8, самая высокая нараджальнасць зарэгістравана таксама ў Маларыцкім і Столінскім раёнах (16 і 15 на 1000 насельніцтва). Кожныя суткі ў вобласці ў сярэднім нараджалася 51 дзіця.
У нас у раёне летась у сярэднім на адну жанчыну нарадзілася 2.39 дзіцяці. Сярэдні ўзрост маці, у сям’і якой нараджаўся першынец,-25 гадоў, другія і наступныя дзеці — 30 гадоў. Прыемна, што ў апошнія гады на Маларытчыне, як і ў цэлым па вобласці, павялічваецца доля дзяцей, народжаных у сем’ях другімі, трэцімі і чацвёртымі.
-І ўсё ж, нягледзячы на гэта, многія сем’і сутыкаюцца з праблемамі рэпрадуктыўнага здароўя. Якія можна назваць у ліку галоўных?
-Асноўныя праблемы рэпрадуктыўнага здароўя , што ўзнікаюць цяпер у сем’ях, можна выдзеліць у наступныя групы: бясплоднасць у шлюбе, прычым як жаночая, так і мужчынская; невыношванне плода; раннія цяжарнасці ў падлеткаў; адсутнасць адэкватнай кантрацэпцыі, якая прыводзіць да нежаданай цяжарнасці і абортаў; прафілактыка і лячэнне інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам мужам і жонкай у сям’і; правядзенне прэгравідарнай падрыхтоўкі як залог здаровай цяжарнасці і нараджэння здаровага дзіцяці. Кожная з пералічаных праблем шматгранная і патрабуе, каб яе разглядаць асобна. Мне б хацелася спыніцца на адной з іх, а менавіта на праблеме невыношвання плода, а гэта значыць заўчасных родах. Гэта адна з найбольш хвалюючых праблем сучаснага акушэрства ва ўсім свеце. Па ацэнках спецыялістаў, 15 мільёнаў дзяцей штогод нараджаюцца надта рана. Гэта больш чым кожнае дзясятае дзіця. Прыкладна 1 мільён малых штогод паміраюць з-за ускладненняў, звязаных з заўчаснымі родамі. Многія дзеці, якія выжылі, пакутуюць ад пажыццёвай інваліднасці, уключаючы цяжкасці ў навучанні, а таксама праблемы са зрокам і слыхам. У Брэсцкай вобласці летась з 18106 родаў 441 былі заўчаснымі. У нас у раёне за 2015 год такіх было зарэгістравана 5, сёлета за студзень-сакавік — 3.
-Якія асноўныя прычыны невыношвання плода?
-Сярод іх генетычныя фактары (3%), інфекцыйныя (27%), эндакрынныя парушэнні (15%), імунныя фактары (9%), прыроджаныя і набытыя захворванні і змяненні маткі (5%), тромбафілічныя (3%) і спалучэнне розных фактараў (38%).
-Акрамя таго, напэўна, існуюць і фактары рызыкі, што могуць прывесці да невыношвання плода?
-Наяўнасць такіх фактараў можна раздзяліць на 4 групы, у першай з якіх — сацыяльна-біялагічныя. Гэта нізкі даход, нізкі ўзровень адукацыі, нерацыянальнае харчаванне. Работа, звязаная з фізічным напружаннем; псіха-сацыяльныя стрэсы. Другая група — узрост маці, якая нараджае першае дзіця, менш чым у 16 і больш чым у 30 гадоў, заўчасныя роды ў анамнезе і інш. Трэцяя — наяўнасць захворванняў, у прыватнасці, цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, нырак, звыклых інтаксікацый: ужыванне алкаголю, курэнне, наркаманія. Чацвёртая група — ускладненні цяжарнасці, што звязаныя з асаблівасцямі жаночага арганізма.
Найбольш частай прычынай невыношвання плода (27%) з’яўляецца інфекцыйны фактар. Да асноўных інфекцый, што прыводзяць да заўчасных родаў, адносяцца вірусная (вірусы Каксакі А і В, простага герпесу, энтэравірусы) і бактэрыяльная (хламідыі, мікаплазмы, стрэптакокі , стафілакокі, ганакокі).
На другім месцы-эндакрынныя прычыны. Яны займаюць 15 %. А гэта цукровы дыябет, захворванні шчытападобнай залозы, гіперандрагенія і інш. Іншы раз прычынай невыношвання плода на ранніх тэрмінах цяжарнасці (4-5 тыдняў) могуць быць храмасомныя анамаліі ў плода (недахоп ці падваенне храмасом). Падпарадкоўваючыся закону натуральнага адбору, жаночы арганізм выкідвае анамальны плод. У апошні час увагу акушэраў-гінеколагаў прыцягваюць тромбафілічныя прычыны невыношвання, да якіх адносяць спадчынную ці набытую схільнасць да ўнутрысасудзістага тромбаўтварэння, што рэалізуецца пры цяжарнасці.
-А як можна выявіць, скажам, спадчынную тромбафілію?
-Зрабіць гэта можна на этапе падрыхтоўкі да цяжарнасці. Тэсціраванне праходзяць у Рэспубліканскім цэнтры геномных біятэхналогій. Урачы Цэнтра выдаюць генетычны пашпарт з ДНК-тэсціраваннем. Пры наяўнасці адхіленняў пацыенткі праходзяць тэрапію прэпаратамі, што разрэджваюць кроў, і нараджаюць здаровых дзяцей. Між іншым, летась 2 жанчыны з нашага раёна па выніках генетычных пашпартоў на працягу ўсёй цяжарнасці прымалі такія прэпараты і ў тэрмін нарадзілі здаровенькіх дзетак.
Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: загадчыца акушэрска-гінекалагічнага кабінета райпаліклінікі Таісія Чуйко.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 39 от 25.08.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


cl24.com.ua

http://medicaments-24.net

http://budmagazin.com.ua/