Без матушкі няма і бацюшкі

Матушка вясковага светара. Хто яна такая? — задаваў сабе пытанне, едучы ў машыне. Напэўна,  думалася, матушцы заўсёды даводзіцца быць у цені свайго мужа. Чамусьці быў цалкам перакананы, што ёй часта неабходна адмаўляцца ад сваёй волі і любімай справы, цалкам прысвяціўшы сябе сям’і, храму і прыхаджанам. Матушка застаецца заўжды на другіх ролях, а бацюшка — у цэнтры ўсеагульнай увагі, любові і павагі вернікаў. А можа, не так?
Дом светара айца Генадзія Шэпялевіча ў Гвозніцы мы знайшлі хутка. Вяскоўцы адразу падказалі, як туды трэба пад’ехаць. На ганку нас ужо чакала матушка Святлана. Усміхаючыся, яна гасцінна запрасіла на кухню. Адтуль на ўвесь дом ішоў прыемны водар. Да нашага прыезду матушка Святлана спецыяльна спякла пірог. І вось мы за сталом. П’ем чай, смакуем прыгатаваныя стравы. Паступова завязваецца шчырая і нязмушаная размова. Адначасова чакаем і айца Генадзія, які тэрмінова адлучыўся па царкоўных справах.
-Тое, што даў Бог, трэба несці з пакораю, — заўважае матушка, — молячы Усявышняга толькі аб тым, каб былі дадзены сілы на годнае нясенне. Калі дазволіць Богу быць гаспадаром у доме, то ён становіцца раем на зямлі. Што ёсць асаблівага ў нашай сям’і? Нічога і ў той жа час, напэўна, усё. Жыццё светара шмат у чым нагадвае жыццё ваеннага. Матушкі як салдаткі. Усюды — з мужам,  заўжды – разам, усё — папалам.
Матушка Святлана родам з Бярозы. Хоць бацькі і не былі светарамі, але вера ў Бога ў сям’і выхоўвалася з дзяцінства. Цяжка гэта было ў часы атэізму, бо на кожным шляху было непаразуменне. Але Святлана годна гэта вытрымала. Пасля заканчэння сярэдняй школы яна спрабуе паступіць у Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна. Аднак абставіны склаліся так, што апынулася ў адным з брэсцкіх прафтэхвучылішчаў. Пасля стала працаваць на Брэсцкім панчошным камбінаце. Веруючая душа пастаянна шукала чагосьці незямнога, імкнулася да святынь. Таму неяк цётка ўзяла дзяўчыну да свайго духаўніка. Паехалі яны разам у храм, які знаходзіўся на Валыні (Украіна),  да светара (цяпер гэта – Ніфант, мітрапаліт Луцкі і Валынскі). Святлане спадабалася ўсё. Асабліва заварожвала служба, таму стала там бываць часта. Дзяўчына прыкмеціла, што з ёю туды ж па выхадных ездзіць і малады хлопец. Аднойчы ў царкве яны пазнаёміліся. Святлана нават і падумаць тады не магла, які ўплыў зробіць гэта на яе далейшае жыццё. З Генадзем завязалася дружба. Самая звычайная і простая, але шчырая. Святлана ні на што не разлічвала. Але яна яшчэ з дзяцінства вырашыла, што замуж выйдзе толькі за веруючага чалавека. Неўзабаве юнака забралі на службу ў армію. Вярнуўшыся дадому, ён прапаноўвае Святлане стаць яго жонкаю. Дзяўчына згаджаецца. І вось з таго часу ўжо 21 год яны ідуць па жыцці разам. Прыгожа,  годна,  душа ў душу.
Маладыя пераехалі жыць у Кобрын. Там сталі разам часта наведваць адну царкву. Неяк яе настаяцель параіў Генадзю паступаць у духоўную семінарыю. Будучы мітрапаліт Ніфант даў благаславенне. Доўга не думаючы, юнак вырашае вывучыцца на светара і падае дакументы ў Мінскую духоўную семінарыю. 29 красавіка 1991 г. у сям’і Шэпялевічаў адбылася лёсавызначальная падзея: у Свята-Сімяонаўскім кафедральным саборы Брэста Генадзя рукапаклалі ў сан светара. Пачалося новае жыццё – служэнне Богу. Неўзабаве маладога бацюшку накіроўваюць на пастаяннае месца службы ў Маларыцкае благачынне. 15 мая 1991 г. у царкве ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ў в. Гвозніца адбылося першае богаслужэнне, якое ўзначаліў айцец Генадзій.
— Пра другое жыццё я зараз нават і не думаю, — прызнаецца матушка Святлана. – Дзякуй Богу, што лёс склаўся такім чынам. Усявышні ўпадобіў стаць матушкай. Не кожнаму так можа пашанцаваць. Раней я не думала пра тое, што гэта — маё прызначэнне. Шмат у ім выпрабаванняў,  спакус. Цяпер пераканана,  што ў кожнага чалавека свой непаўторны шлях тут, на зямлі, свой крыж, які даводзіцца несці. Бог не па сілах чалавеку ніколі не дае і кожнага выпрабоўвае па-рознаму. Кагось­ці — беднасцю, цялеснымі хва­робамі, адзі­нотаю, іншых – вядомасцю, багаццем… Мне было цяжка спачатку і адзінока. Нікога не бы­ло побач, толькі мы, удваіх. Бацюшка стаў падтрымкай ва ўсім. Ды і людзі добрыя ў вёсцы. Яны і дапамаглі пабудаваць дом. Хутка прызвычаілася да ўсяго. Месца,  дзе знаходзіцца твая сям’я, дом, дрэнным быць не можа. Гвозніца стала другой маленькаю любімаю радзімаю.
— Матушка Святлана, а што на першым месцы стаіць у вашай сям’і?
— Любоў. Любоў на першым месцы. Усеабдымная, якая нічога не патрабуе ў адказ. У сям’і любыя адносіны неабходна падтрымліваць, над імі трэба працаваць штодзень, шліфаваць. Гэта нагадвае касцёр. Без сухіх дроў ён хутка пагасне. А яшчэ неабходны вера і давер. Бог дапамагае ў цяжкасцях, калі да яго звяртаешся праз шчырую малітву. Усе пытанні ў сям’і вырашаем ра­зам, але главой яе з’яўляецца ўсё ж такі бацюшка. У сям’і светара цяжкасці, якія выпадаюць на яго долю, павінна пастаянна раздзяляць і матушка. Ёй трэба ўмець праяўляць такт, далікатнасць, якія не кідаюцца ў вочы.
— А яшчэ ніколі не адчайвацца і не падаць духам, усё перамагаць верай і надзеяй, быць бадзёрай і строгай, далікатнай і тонкай ва ўзаемаадносінах… Хочацца дадаць і наступнае. Сям’я светара павінна быць узорнай, таму што ўсе прыхаджане з яе бяруць прыклад, раўняюцца на яе.
— Матушкай лёгка быць?
— Не вельмі. Быць жонкай воіна Хрыстова цяжка. Служэнне лю­дзям і Богу – справа  складаная. Я стараюся дапамагчы свайму бацюшку ва ўсім. Многія думаюць, што мы нічога не робім. Гэта не так. У мяне многа турбот, клопатаў розных і неабходных. Хатняя гаспадарка, уборка ў храме, кіраўніцтва царкоўным хорам, таксама да кожнай службы неабходна спячы прасфоры. Ды і дзяцей нельга без увагі пакінуць,  хоць ужо і дарослыя.
Між іншым, у айца Генадзія і матушкі Святланы чацвёра дзяцей. Старэйшая, Алена, стала таксама матушкай, замужам за светаром,  які служыць у Мсціслаўлі (Магілёўская вобласць). Сын Васіль зараз вучыцца на другім курсе Пачаеўскай духоўнай семінарыі. Па слядах маці пайшла і другая дачка, Марыя. Яна пасля заканчэння Жыровіцкай духоўнай семінарыі стане рэгентам. Меншы сын Ілья вучыцца ў 9 класе мясцовай школы, але сваё жыццё плануе таксама прысвяціць служэнню Богу. Хлопец збіраецца паступіць у Пачаеўскую духоўную семінарыю.
Мы дачакаліся айца Генадзія…
Зрабіўшы фотаздымкі, раз­віталіся з сям’ёй Шэпялевічаў. На душы ад знаёмства застаўся светлы і нязгасны праменьчык любові, шчырасці і дабрыні.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: айцец Генадзій і матушка Святлана з в.Гвозніца.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Добавить комментарий


инвестирование в ценные бумаги

Solvena mmgp

топ самых богатых людей
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!