ТУРНІР МУЖНЕЕ

Традыцыйны турнір, прысвечаны памяці воіна-інтэрнацыяналіста Івана Такарчука, сярод мноства турніраў па футболу займае асобае месца ў нас у раёне. Гэта адзін з самых даўніх турніраў, які не толькі з кожным годам не страчвае сваёй вядомасці, але і пастаянна становіцца больш дарослым, мужнее, набываючы новыя формы. І на гэты раз у ХХІІ-ім традыцыйным турніры прыняло ўдзел 10 каманд. У час урачыстага адкрыцця мерапрыемства яго ўдзельнікі пазнаёміліся з біяграфіяй Івана Такарчука, ушанавалі светлую памяць яго хвілінай маўчання.
Прайшло ўжо 22 гады, калі Іван Такарчук загінуў у далёкім Афганістане. Але ўсе гэтыя гады яго не забываюць у сценах дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, дзе ён вучыўся 3 гады. І турнір яго памяці – добры маральны прыклад у выхаванні моладзі. Як і ў папярэднія гады, турнір прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні. Гульні праходзілі адразу на двух стадыёнах – ліцэя і гімназіі. Не была сарвана ні адна з 45 гульняў турніру. Фіналам турніру стала ўрачыстае закрыццё, якое прайшло ў актавай зале ліцэя.
Практычна ўсе каманды, якія прымалі ўдзел у гэтым мерапрыемстве, былі ўзнагароджаны. Не забылі і пра дзяўчат з “Маларытчанкі”. Не засталіся без узнагарод і юныя футбалісты каманды “Пралеска”, якія толькі пачынаюць свой шлях у футболе. Але галоўныя прызы, вядома ж, атрымалі пераможцы і прызёры турніру. Як і год таму назад, пераходны кубак Івана Такарчука заваявала дружная каманда кансервавагародніна­сушыльнага камбіната, закончыўшы турнір без страт ачкоў. Другое месца ў каманды ліцэя-1, на трэцім – дэбютанты турніру, каманда ЦБП № 120 “Беларусбанка”.
Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі абласнога савета воінаў-інтэрнацыяналістаў, грашовай прэміяй і салодкімі прызамі.
Падарункі атрымалі і лепшыя ігракі. Лепшым варатаром стаў Вадзім Гурыч (група № 57), лепшым абаронцам – Яўген Дуль (кансервавагарод­нінасушыльны камбінат), лепшым нападаючым — Аляксандр Пачабут (ліцэй -1).
Усё для паспяховага правядзення турніру зрабілі яго пастаянныя спонсары: дзяржпрафліцэй, РК БРСМ, аддзел моладзі райвыканкама, аддзел па фізкультуры, спорту і турызму і раённы савет воінаў-інтэрнацыяналістаў, за што ім шчыры дзякуй.
Аляксандр ЛЯДЗІНСКІ.

Добавить комментарий


np.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!