Праскоўя

Двойчы ардэнаносная  васьмідзесяціпяцігадовая Праскоўя Антонаўна Шаўрук з вёскі Збураж  стала апошнім, дзясятым,  дзіцём у сям’і сваіх бацькоў. Нарадзілася яна  13 кастрычніка 1930 года.  А 14 кастрычніка, у дзень Пакровы Прасвятой Багародзіцы,  дзяўчынку хрысцілі. Таму гэтае вялікае праваслаўнае  свята жанчына  лічыць яшчэ і сваім асабістым. 

Дзяцей «пакасіў»
тыф і не толькі
Што ж тычыцца шматдзетнай сям’і Яфіміі і Антона Шаўрукоў, то на момант нара­джэння іх апошняга дзіцяці, ці, як яшчэ гавораць у народзе, паскрэбка, сямёра старэйшых дзяцей ужо не было. Яны, Праскоўя Антонаўна даведалася пра гэта значна пазней ад маці, памерлі ў Расіі, куды бацькі ўцякалі ад першай сусветнай вайны. Недзе там яе браты з сёстрамі і пахаваны. А траіх, самых меншых на той час, не стала яшчэ па дарозе да канчатковага прыпынку “падарожжа” бежанцаў. Малыя захварэлі на тыф, ад якога і памерлі. Іх целы знялі з цягніка ў Харкаве і там жа, непадалёку ад чыгункі, закапалі…
Пасля заканчэння першай сусветнай вайны Шаўрукі вярнуліся ў Збураж. Тут у іх нарадзіліся сын Аляксей і дзве дачкі. Дзяўчынак назвалі Мартай і Праскоўяй. Пра той час, як і пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якая грымнула ў чэрвені 1941-га, Праскоўя Антонаўна мала што помніць. Хіба толькі некаторыя моманты яго, як, напрыклад, смерць бацькі. Ён памёр незадоўга да 9 мая 1945 года. А яшчэ ім пашчасціла дачакацца з вайны Аляксея. Праўда, памочнікам і дарадчыкам для маці і сясцёр, якія засталіся без мужчыны ў доме, ён быў нядоўга. Пасля жаніцьбы Аляксей неяк аддаліўся ад сваіх родных, і траім жанчынам давялося самім выжываць у той нялёгкі час.

Нялёгкія пасляваенныя
Распавядаючы пра падзеі сямідзе­сяці­гадовай даўніны сёння, падчас нядаўняй сустрэчы Праскоўя Антонаўна ўспамінала, як самі будавалі ў 1946-м годзе хату, а яна асабіста вязала салому, якой пакрывалі дах, бо чарапіцы і шыферу тады не было. А яшчэ пра тое, як у час калектывізацыі сям’і давялося адвесці ў “агульны” хлеў карову з цялушкай. Сама ж яна з чатырма класамі адукацыі разам з маці пайшла працаваць у створаны калгас, а сястра Марта – на цагельны завод. Падзеі таго часу на ўсё жыццё адклаліся ў памяці і дагэтуль вяртаюцца да яе. Прычым не толькі ва ўспамінах. Цяжкая праца, часам непасільная нават для мужчыны, не тое што для маладой дзяўчыны, напамінае сёння ныючым болем у руках і нагах, які не дае спаць начамі.
Пра што думаецца ў такія бяссонныя ночы? Ды пра ўсё тое ж. У памяці паўстаюць балоты, на якіх нарыхтоўвалі сена для калгаснай жывёлы. Вось разам з маці, якой не стала ў 1958 годзе, яна, зусім маладая яшчэ дзяўчына, як сапраўдны касец, косіць траву. Вось яны зграбаюць сена (яго з першага ўкосу нарыхтоўвалі да 7 тон – такую норму на сям’ю даводзіў калгас, а ўжо атаву можна было касіць для ўласнай каровы), складваюць яго ў копы і, асцярожна ступаючы па купінах, выносяць на бераг. І так хочацца піць. Асабліва смага дапякала ў спякоту. Вяртаючыся назад, маці з дачкой набіраюць у прыгаршчы цёплую чырвоную ваду і наталяюць смагу. Вада нясмачная, аддае балотам і ўсім, што ў ім водзіцца, але іншай няма, а да вечара яшчэ так далёка…

Жыццё калгаснае
Калгаснае жыццё Праскоўі Шаўрук асаблівай радасці не прынесла. Паколькі ні яна, ні яе маці не мелі ніякай абароны ў якасці мужчын, то і работу жанчынам у калектыўнай гаспадарцы давалі самую цяжкую. Прычым не толькі на момант станаўлення калгаса, але і намнога пазней. Праскоўя, як і маці, была звыклая да сялянскай працы, але надта ж крыўдна было ёй бачыць, што некаторым жанчынам-паляводам, у якіх былі мужы, ці родзічы працавалі ў канторы, для праполкі выдзялялі не 60 сотак буракоў ці кукурузы, а напалову менш. Вось і даводзілася ёй разам з такой жа сяброўкай-гаротніцай, як і яна сама, Яўгеніяй Аўдзяюк, цягнуць за дваіх. Працаваць у полі да позняга вечара, а пасля пешшу вяртацца дамоў за 5 кіламетраў.
— На праполку дзялянак нас кожную раніцу вазілі за некалькі кіламетраў, а вечарам у вызначаны час – забіралі. Але мы не паспявалі на машыну, бо не праполвалі запланаваную на дзень норму, як тыя, у каго былі памочнікі, а адставаць ад астатніх не хацелася, — тлумачыць жанчына. — Вось і працавалі дацямна…
Акрамя праполкі кукурузы, буракоў — яе праводзілі ўручную матыкамі, Праскоўі Шаўрук таксама ж уручную даводзілася церці лён, саджаць, палоць і капаць бульбу. Гэта пазней у калгасе з’явіліся больш дасканалыя бульбаўборачныя машыны. Тады яна разам з іншымі жанчынамі з паляводчай брыгады перабірала бульбу на сарціроўцы. Здаралася і вельмі часта, што вечарам пасля работы з іншымі калгаснікамі ездзіла ў райцэнтр выгружаць з вагонаў камбікармы. Работу гэтую таксама выконвалі ўручную, а дакладней – рыдлёўкамі. Калі кіраўніцтва калгаса прапанавала ёй работу даяркі, яна год уручную даіла кароў на першай ферме. Вячэрняя дойка звычайна заканчвалася позна, таму часта і начавала тут разам з сяброўкамі, каб не праспаць і не спазніцца на ранішнюю. Ды толькі па сямейных абставінах (маці хварэла і за ёй патрэбен быў догляд) Праскоўя зноў вярнулася ў брыгаду, бо лічыла сябе штатным паляводам.
Як і іншыя паляводы, працавала і ў 1973 годзе была прызнана лепшай сеяльшчыцай у раёне, аб чым сведчыць спецыяльнае пасведчанне. На сяўбе звычайна працавалі дацямна. У дзень засявалі па 30 гектараў, а саму сяўбу, каб пасевы былі больш устойлівымі да прыродных катаклізмаў, вялі перакрыжаваным метадам. Тут даводзілася не толькі мяшкі з насеннем і ўдабрэннямі ўручную засыпаць у сеялку, але і быць спрытнай, каб, не дай божа, не зваліцца з агрэгата на павароце…

Металу вартасці адной…
Пасведчанне “Лепшы сеяльшчык” жанчына дагэтуль захоўвае разам з іншымі ўзнагародамі, сярод якіх 2 медалі “Ветэран працы”, 3 значкі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, значкі “Ударнік камуністычнай працы”, “За доблесную працу” з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна. Тут жа і самыя высокія ўзнагароды Праскоўі Шаўрук: ордэны “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга, якімі ў 1972 і 1975 гадах адпаведна быў адзначаны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі гэтай руплівай і сціплай жанчыны. І нездарма, відаць, нехта разумны сказаў, што медаль за працу і за бой адной вартасці. Бо работу па аднаўленні пасляваеннай народнай гаспадаркі ў цэлым і сельскай у прыватнасці без перабольшвання можна параўнаць з тым жа боем. І хоць вёўся ён у мірны ўжо час, сіл, мужнасці і веры ў перамогу над разрухай трэба было ніколькі не менш, чым у ваенны час. Ордэн “Знак Пашаны” лепшаму паляводу Праскоўі Шаўрук уручалі ў Маларыце, а ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга – у Брэсце.

Не мяняй веру
Распавядаючы пра тыя светлыя і памятныя моманты свайго нялёгкага жыцця, жанчына ўспомніла, як настойліва кіраўніцтва калгаса ўгаворвала яе ўступіць у партыю. Некалькі разоў спецыяльна дзеля гэтага запрашалі ў кантору і да позняй ночы агітавалі камуністы мясцовай партыйнай арганізацыі ў сваю суполку. Ды так і не з’агітавалі. Чаму?
— Маці мне сказала: не мяняй веру. А яе словы для мяне былі законам, — адказвае на маё нямое пытанне Праскоўя Антонаўна.
І я разумею яе. Парторгу трэба было, каб рады суполкі раслі, а ёй, звычайнай вясковай жанчыне, якая за работай свету не бачыла, партыйны білет, акрамя павышаных абавязкаў і патрабаванняў, нічога не даваў.

Тры добрыя старшыні
Сярод іх Праскоўя Шаўрук называе Вашчулу (на жаль, імя гэтага кіраўніка жанчына не змагла ўспомніць), Івана Януля і Валерыя Ярмалюка. А добрыя таму, што кожны з іх падчас свайго кіраўніцтва нямала зрабіў для гаспадаркі і для збуражцаў. Дзякуючы першаму была праведзена меліярацыя. Другі пабудаваў фермы, а трэці заасфальтаваў вуліцы і водаправод праклаў, каб у дамах вяскоўцаў была вада. Што тычыцца непасрэдна самой Праскоўі Антонаўны, то пры Валерыі Ярмалюку яна штомесяц пачала атрымліваць даплату па 15 і 20 рублёў за ордэны, якую дагэтуль работнікі канторы чамусьці “забывалі” налічваць, хоць гэтае пытанне, па словах жанчыны, узнімалася яшчэ і падчас старшынства Івана Януля. Але так і павісла ў паветры. Хадзіць па інстанцыях і дабівацца праўды жанчына тады не стала, бо зноў жа яны жылі ўжо ўдваіх з сястрой, не захацела нажываць ворагаў.

Крыўды
За 85 гадоў іх у жыцці ардэнаноснага палявода было нямала. Як і ў кожнай адзінокай жанчыны ці беднай удавы, за якіх няма каму заступіцца.
Крыўдзілі ў асноўным тыя, у каго была ў руках улада. Некаторыя — ад зайздрасці. Маўляў, ну і што, што ў цябе ўзнагароды ёсць, хоць Праскоўя Антонаўна ніколі імі не хвалілася. А я табе ўчастак пад бульбу выдзелю самы непрыгодны: яму ці гару. І каня для яе пасадкі дам у апошнюю чаргу. А калі хочаш, то бяры ў святочны дзень, напрыклад, у Вербную нядзелю. Маглі і паздзекавацца: ты ж веруючая, а збіраешся грашыць. Ды толькі ёй нічога не заставалася. І яна, стрымліваючы слёзы, якія душылі горла, адказвала: працаваць не грэх. У той год, дарэчы, бульба ў яе крыўдзіцеля не ўрадзіла, а ў яе ўраджай быў на славу…
Слёзы крыўды душылі яе і тады, калі аднойчы цяжкая барана, якую ўслед за плугам яна хацела пакласці на воз, упала на яе і прыціснула да зямлі. Добра, што не вострымі металічнымі зубамі, а роўным бокам, інакш магла б і з жыццём развітацца. А што заставалася рабіць, калі ў доме не было моцнага мужчынскага пляча?
— Няўжо ніхто не сватаўся ў свой час да такой працаўніцы? – цікаўлюся ў Праскоўі Антонаўны.
— Сваталіся. Ды ў асноўным тыя, хто хацеў выбрацца з зямлянкі, — тады далёка не ва ўсіх, як у нас, былі хаты. Маці баялася, каб зяць потым нас саміх з хаты не папёр, — ці то жартам, ці то ўсур’ёз адказвае жанчына. — Мы тады вырашылі, што будзем жыць самі. І жылі вельмі дружна. А ўвогуле за работай не было калі бегаць на танцы і шукаць жаніхоў…
Пасля напружанай сялянскай працы хацелася проста адпачыць. Калі ж з’яўляўся вольны час, Праскоўя Шаўрук ткала пакрывалы. А яшчэ — вышывала: звычайна, калі пасвіла кароў. Яе ўласнымі вырабамі сёння засцелены ў хаце ложкі. І сама яна такая прыбраная, прыгожая і светлая…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: колішні палявод калгаса “40 гадоў БССР” Праскоўя Шаўрук.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано Гч № 41 от 1.06.16г.

Добавить комментарий


https://220km.com.ua

http://101binaryoptions.com/binary-options-brokers-that-accept-perfectmoney/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!